Стаў вядомы поўны спіс беларускіх і расійскіх спартсменаў, якія выступяць на зімовых Алімпійскіх гульнях — 2026 у Італіі.
Беларусь на галоўным спартыўным форуме года прадставяць сем спартсменак у пяці відах спорту:
- Гарналыжны спорт: Марыя Шканава
- Канькабежны спорт: Марына Зуева
- Лыжныя гонкі: Ганна Каралёва
- Фігурнае катанне: Вікторыя Сафонава
- Фрыстайл (лыжная акрабатыка): Ганна Гуськова, Ганна Дзяруга, Анастасія Андрыянава
Таксама на Алімпіядзе выступяць 13 атлетаў з Расіі ў сямі відах спорту.
Адзначым, спартсмены з Беларусі і Расіі выступяць на гэтых Гульнях у нейтральным статусе.
Нагадаем, Алімпійскія гульні — 2026 пройдуць у Мілане і Карціна-д’Ампеца з 6 па 22 лютага. 116 камплектаў узнагарод будуць разыграны ў 16 відах спорту.
Зімовыя Алімпійскія гульні вернуцца на поўнач Італіі праз 70 гадоў пасля Карціны-1956 і два дзясяткі гадоў пасля Турына-2006. На гэты раз спаборніцтвы прымуць два гарады: гарналыжны курорт Карціна-д’Ампеца і Мілан — эканамічны цэнтр Італіі і сталіца моды.
Спаборніцтвы пройдуць адразу ў трох рэгіёнах. У цэлым плошча 14 спартыўных аб’ектаў складзе 22 квадратныя кіламетры, а раскінуцца яны ад Ламбардыі да Венета, уключаючы правінцыі Трэнта і Бальцана.
Беларуская дэлегацыя на Гульнях-2026 стане самай малалікай. Не ўсе міжнародныя федэрацыі прынялі рэкамендацыі МАК аб допуску атлетаў з Беларусі і Расіі да кваліфікацыі як кіраўніцтва да дзеяння.
У прэс-службе Міжнароднага алімпійскага камітэта раней заявілі, што беларускія і расійскія атлеты не будуць задзейнічаны ў парадзе спартсменаў у час цырымоніі адкрыцця зімовых Алімпійскіх гульняў 2026 года.
Пры гэтым пытанне іх магчымага ўдзелу ў цырымоніі закрыцця на гэты момант застаецца адкрытым.
Нагадаем, што на летніх Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы ў нейтральным статусе выступалі 32 спартсмены з Беларусі і Расіі.
Трэба адзначыць, што на зімовых Алімпійскіх гульнях 2022 года ў Пекіне Беларусь прадстаўлялі 27 атлетаў. Па выніках тых спаборніцтваў сярэбраныя ўзнагароды краіне прынеслі біятланіст Антон Смольскі і фрыстайлістка Ганна Гуськова.