Top.Mail.Ru

Спыталі ў дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, з чым яны ідуць на чарговае пасяджэнне найвышэйшага органа народаўладдзя

«Нашай краіне ёсць чым ганарыцца» 




З 18 па 19 снежня ў нашай краіне будзе праходзіць маштабная падзея, якая мае вялікае значэнне для кожнага жыхара дзяржавы, — Усебеларускі народны сход. Падзея, якая вызначае стратэгію развіцця краіны, дзе прымаюцца рашэнні па ключавых дзяржаўных пытаннях, аб’ядноўвае ўсіх беларусаў. Менавіта на ім будуць падведзены вынікі зробленага за мінулую пяцігодку і будзе разгледжана і прынята Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступныя пяць гадоў. 

З якімі меркаваннямі, ідэямі, высновамі ідуць на сход яго дэлегаты, мы спыталі ў прадстаўнікоў розных слаёў нашага грамадства.

Дэлегат УНС, член Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Віктар Азаронак:

— Вядома, я адчуваю вялікі гонар за сваю краіну і яе жыхароў: руплівых працаўнікоў галін прамысловасці, сельскай гаспадаркі, выдатных спецыялістаў сфер медыцыны, адукацыі, дзеячаў навукі, культуры, мастацтваў... Для мяне вялікі гонар мець дачыненне да тых стваральных працэсаў, якія адбываюцца ў нашай дзяржаве. 

Паколькі гады майго дзяцінства прайшлі ў часы Савецкага Саюза, я быў сведкам развалу гэтай магутнай дзяржавы. У мяне, як і ў многіх іншых беларусаў, засталіся ў памяці гады станаўлення нашай краіны, асноўныя этапы яе планамернага развіцця. Мы дасягнулі шмат значных поспехаў ва ўсіх сферах. Гэта стварэнне і развіццё Парка высокіх тэхналогій, які садзейнічае развіццю IT-сектара, адкрыццё Беларускай атамнай электрастанцыі, палёт у космас першага касманаўта незалежнай Беларусі Марыны Васілеўскай, развіццё вытворчасці электрамабіляў. Дзякуючы зладжанай рабоце ў галіне прафілактыкі злачынстваў нам удалося дасягнуць высокага ўзроўню бяспекі . Мы дасягнулі значных вышынь у галіне медыцыны, у абнаўленні і мадэрнізацыі інфраструктуры краіны.

Лічу вельмі важным тое, што ў Беларусі на высокім узроўні вядзецца работа з людзьмі. Ні адзін зварот, ні адна прапанова не застаюцца без разгляду прадстаўнікоў мясцовай і вышэйшай улады. Паколькі ў гэтай рабоце я прымаю асабісты ўдзел, адзначу, што людзі ахвотна дзеляцца сваімі прапановамі, меркаваннямі, выказваюць набалелае, а гэта значыць, што яны нам давяраюць. Вельмі важна тое, што практычна ўсе сацыяльныя праблемы вырашаюцца аператыўна. Лічу, што зладжаная і мэтанакіраваная работа з людзьмі — гэта асноўны паказчык развіцця дзяржавы, так званы сацыяльны барометр, які дае справядлівую ацэнку рабоце органаў улады. 

Нашай краіне ёсць чым ганарыцца, а наша асноўная задача — прымнажаць яе поспехі і дасягненні! — з такімі думкамі я рыхтуюся да ўдзелу ва Усебеларускім народным сходзе.

Дэлегат УНС, інжынер-праграміст прадпрыемства «БЕЛДЖЫ» Дзяніс Кіслы: 

— Пасля першага пасяджэння VІІ УНС я актыўна працаваў у сваім калектыве, а таксама выступаў на іншых прадпрыемствах і ў школах. Людзі цікавіліся, дзяліліся сваімі праблемамі, выказвалі пажаданні, і мая задача як дэлегата УНС — прапанаваць іх Прэзідыуму, дзейнічаючы ў рамках сваіх паўнамоцтваў 

Адно з асноўных пытанняў на другім пасяджэнні VІІ УНС — Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады. У нас было дастаткова часу для азнаямлення з асноўнымі кірункамі і ключавымі індыкатарамі. Мы таксама актыўна бралі ўдзел у яе абмеркаванні і ўносілі свае прапановы. Прыярытэтам новай праграмы застаецца чалавек, яго жыццё, работа і высокая якасць жыцця. Гэта вельмі важна, бо дакумент павінен утрымліваць не проста набор лічбаў і планаў, а рэальныя інструменты для паляпшэння жыцця людзей, тэндэнцыі развіцця. 

Асабіста мяне асабліва цікавіць тэма маладзёжнай палітыкі. У прыватнасці, падтрымка маладых сем’яў, паколькі гэта цесна звязана з дэмаграфічнай бяспекай краіны. Я перакананы, што ўкараненне дадатковых мер падтрымкі можа істотна дапамагчы маладым сем’ям набыць упэўненасць у заўтрашнім дні.  

Упэўнены, што прынятая Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады прывядзе да значнага паляпшэння якасці жыцця. Падтрымка гэтай праграмы можа стаць каталізатарам для эканамічнага росту, стварэння новых рабочых месцаў і павелічэння ўзроўню дабрабыту. Важна, каб кожны разумеў сваю ролю ў гэтым працэсе і актыўна ўдзельнічаў у рэалізацыі праграмы.

Дэлегат УНС, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, культуры і быце КСУП «Брылёва» Гомельскага раёна Алена Куст:

— Удзел у пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу, гэта, вядома, вельмі хвалюючая падзея. Разумееш, якая гэта найвялікшая адказнасць у складзе найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя аграрыю, простаму працаўніку беларускай вёскі ўдзельнічаць у вызначэнні стратэгіі развіцця дзяржавы. Вельмі цікава будзе далучыцца да абмеркавання Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026—2030 гады. Хочацца зноў пачуць Прэзідэнта, асабліва яго меркаванні па далейшым развіцці айчыннага аграпрамысловага комплексу, у цэлым сельскіх рэгіёнаў. 

Вельмі адказна прадстаўляць на Усебеларускім народным сходзе наш рэгіён, Гомельскі раён, і маё, сапраўды, роднае «Брылёва». Гісторыя развіцця нашай гаспадаркі — гэта і гісторыя развіцця агародніцтва ў Гомельскім раёне і ў цэлым на Гомельшчыне. На сельгаспрадпрыемства прыйшла 25 гадоў таму маладым спецыялістам пасля Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Прайшла шлях ад лабаранта перапрацоўчага участка, майстра кансервавага цэха, загадчыка лабараторыі і выконваючага абавязкі начальніка вытворчасці і вось ужо тры гады адказваю за ідэалагічную работу, культуру і быт. Гаспадарка наша агародніцкая, таму ёсць свая спецыфіка ў арганізацыі работы — у вытворчасці вельмі шмат выкарыстоўваецца ручной працы. Таму вельмі важна ўмець працаваць з людзьмі, а іх у нас ў калектыве 460 чалавек. 

Упэўнена, што на пасяджэнні будзе ўдзелена нямала ўвагі выхаванню моладзі. І гэта таксама той кірунак работы, які мяне вельмі хвалюе. Днямі былі падведзены вынікі трэцяга працоўнага семестра 2025 года ў Гомельскай вобласці. Наша «Брылёва» — пераможца ў намінацыі «Найлепшая прымаючая арганізацыя». З чэрвеня па кастрычнік мы далі магчымасць папрацаваць на ўборцы ўраджаю 500 студэнтам. Усіх імкнулася ахапіць і прафарыентацыйнай работай, і праводзіць гутаркі на важныя патрыятычныя тэмы ў тым ліку. І моладзі, сапраўды, вельмі важна даведацца і пра работу аграрыяў, і пра тое, што такое харчовая бяспека краіны, як кожны сваёй працай можа дапамагчы яе забяспечваць. 

Важна звяртаць увагу і моладзі, і ў цэлым нашага грамадства на тое, як моцна за апошнія некалькі дзясяцігоддзяў змянілася сельская гаспадарка. Будуюцца сучасныя малочнатаварныя комплексы, на палях — энерганасычаная тэхніка. Інавацыйныя тэхналогіі ўкараняюцца ў развіццё сельгасгаліны. Гэта заслуга нашай дзяржавы, якая ўдзяляе вялікую ўвагу пытанням харчовай бяспекі.

Паводле нашых карэспандэнтаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю