Top.Mail.Ru

Спыніся, імгненне

Фатаграфія — гэта мастацтва, непадуладнае часу. Магію, калі спыняецца імгненне і фіксуецца на плёнцы, спасцігае мая новая цудоўная знаёмая Вера Лук’янаўна. 


Па-сур’ёзнаму фатаграфіяй, як расказала жанчына, яна занялася, калі ў яе з’явіўся ўласны фотаапарат. Першы вопыт быў няўдалы — засвяціла плёнку, але пасля навучылася з ёй працаваць. Вера Лук’янаўна гаворыць, што праяўленне плёнкі — сапраўднае чараўніцтва. Упэўнена, што чорна-белыя фатаграфіі — гэта вечна, такі спосаб ніколі не састарэе, бо дазваляе ўбачыць кантрасты, кампазіцыю. Ёй падабаецца здымаць на прыродзе, дзе ўсе «дэкарацыі» натуральныя, а любы момант можа стаць добрым здымкам, напоўненым энергіяй. Праз фатаграфію можна данесці свой погляд на свет, людзей, падзеі. Мая знаёмая — самавучка, але ў дзевятым класе пайшла ў гурток, знайшла свой шлях і да гэтага часу з натхненнем фатаграфуе.

Я настолькі натхнілася, што вырашыла напісаць, як Вера Лук’янаўна, толькі спасцігаючы мастацтва фатаграфіі, стала «знакамітай».

Жыла яе сям’я ў вёсцы. Бацька ў школе вёў урокі працоўнага навучання, фатаграфаваў, вучыў дзяцей, як праяўляць плёнку. Малая назірала, як тата фатаграфуе, куды націскае, а часам дазваляў ёй здымаць.

Аднойчы, калі бацькі не было дома, Вера вырашыла сама праявіць «майстэрства». Сфатаграфавала сабаку Мушку, кошку Муську, а яшчэ зрабіла той самы знакаміты кадр.

Лазні ў іх не было, але дзядуля на двары побач з хлевам змайстраваў душавую — металічную бочку, высока паднятую, вада ў якой награвалася на сонцы. Вера падабрала момант, калі бабуля пасля працы ў агародзе прымала душ. Яе, аголеную, «ва ўсёй красе» і злавіла ў кадр юная аматарка фотасправы. Бацьку, вядома, пра гэта не расказала. Але атрымалася, што плёнку праяўляў іншы настаўнік, які рабіў фатаграфіі. Бацька пасля выбачаўся, што гэта не яго работа, а Вера стала «знакамітай».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю