Выкананне патрабаванняў ратуе жыцці
Указам Прэзідэнта ад 4 жніўня 2025 года № 295 былі скарэкціраваны правілы дарожнага руху, якія датычацца ўдзелу ў ім сродкаў персанальнай мабільнасці. Яго ключавыя палажэнні пачнуць дзейнічаць з 1-га верасня бягучага года. Нагадаем, што калі ў вас ёсць электрычная прылада, набытая да 1-га верасня мінулага года, і яна па характарыстыках падобна на мапед або матацыкл, паспейце прайсці спрошчаны парадак яе рэгістрацыі, які ўжо хутка перастане дзейнічаць.
Навошта гэта трэба?
Ва ўказе Прэзідэнта дакладна прапісана, што менавіта можна лічыць сродкам персанальнай мабільнасці. Гэта прылада з электрарухавіком, максімальная хуткасць якой не перавышае 25 км/г.
А як быць з электрычнымі прыладамі, якія па характарыстыках падобныя на мапеды або матацыклы? Ім дазволяць удзельнічаць у дарожным руху, але пры адной умове: неабходна афіцыйна пацвердзіць тып транспартнага сродку, аформіць на яго электронны пашпарт і паставіць на ўлік у ДАІ. Паспяховае праходжанне працэдуры ацэнкі адпаведнасці дазваляе атрымаць выпіску з электроннага пашпарта і на яе падставе далей зарэгістраваць сродак у ДАІ.
Як адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення лічбавізацыі і правапрымяняльнай дзейнасці галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Аляксандр ЗАНІМОН, у людзей, якія раней ужо набылі прылады на тэрыторыі Беларусі ці за мяжой, узніклі цяжкасці з легалізацыяй магчымасці скарыстацца імі на дарогах нашай краіны.
— У сувязі з гэтым у рамках Указа Прэзідэнта № 295 быў прадугледжаны пераходны перыяд, які дазваляе ажыццяўляць рэгістрацыю такіх транспартных сродкаў у спрошчаным парадку. У асноўным гэта спрашчэнне датычыцца адсутнасці ў асобы, заяўленай на ажыццяўленне адміністрацыйнай працэдуры, неабходнасці прад’яўляць дакументы, якія пацвярджаюць законнасць набыцця прылады. Як правіла, Дзяржаўтаінспекцыя пад гэтымі дакументамі разумее дагаворы куплі-продажу транспартных сродкаў альбо іншыя дакументы, якія пацвярджаюць законнасць іх увозу на мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Так званым уладальнікам «сродкаў персанальнай мабільнасці», якія былі набытыя раней і на самай справе імі не з’яўляюцца па сваіх тэхнічных характарыстыках, была прадастаўлена магчымасць спрошчанага парадку рэгістрацыі.
На жаль, мы сутыкнуліся ў свой час з праблемай нядобрасумленнай рэалізацыі такіх транспартных сродкаў, калі пад выглядам сродкаў персанальнай мабільнасці прадаўцы заяўлялі пра тое, што ніякіх дакументаў на права кіравання такім транспартным сродкам не патрабуецца, дзяржаўнай рэгістрацыі ў падраздзяленнях ДАІ не патрабуецца, і частка грамадзян, якія былі ўведзеныя ў зман, іх набыла.
У сувязі з гэтым ДАІ ў цесным узаемадзеянні з Дзяржстандартам распрацавалі шэраг практычных мер, якія б дазвалялі практычна ўсім грамадзянам краіны амаль у любым населеным пункце ажыццявіць такую сертыфікацыю. Магу сказаць, што каля 1600 чалавек па такую магчымасць рэгістрацыі транспартных сродкаў звярнуліся.
Функцыянуе 25 выпрабавальных лабараторый
Першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Аляксандр БУРАК папрасіў грамадзян паспяшацца і не пакідаць гэтую справу на апошні дзень, каб не ствараць ажыятаж і чэргі.
— Застаўся месяц, функцыянуе 25 спрошчаных выпрабавальных лабараторый для правядзення гэтых працэдур. Ёсць мабільныя выпрабавальныя лабараторыі ў Баранавічах, Маладзечне, Магілёве і Віцебску, гатовыя выязджаць пры наяўнасці адпаведных заявак.
Спачатку гэты працэс праходзіў лавінападобна. Мы адчувалі, што нашы грамадзяне імкнуцца правесці ацэнку пацвярджэння адпаведнасці, аднесці набыты тэхнічны сродак да той ці іншай катэгорыі і, адпаведна, выканаць свой грамадзянскі абавязак. Паказчык па выніку 2025-га года такі: каля 800 выпісак з дакументаў аб ацэнцы адпаведнасці, копій электронных пашпартоў, на падставе якіх ажыццяўлялася рэгістрацыя ў органах ДАІ.
Калі гаварыць пра бягучы год, штодзённа выдаецца ад 20 да 40 выпісак з дакументаў электронных пашпартоў, а агульная колькасць дакументаў, якія былі выдадзены нашымі выпрабавальнымі і акрэдытаванымі лабараторыямі, складае больш за 2600 дакументаў. Больш за 90 % з якіх былі аднесены да катэгорыі «мапед».
Усе гэтыя лічбы — сведчанне таго, што грамадзяне разумеюць, навошта праводзяцца ацэнкі адпаведнасці. Людзі ўсведамляюць неабходнасць выканання патрабаванняў, якія прадугледжаны правіламі дарожнага руху. Гэта спрыяе навядзенню парадку на дарогах агульнага карыстання і ўзмацненню бяспекі пры перасоўванні жыхароў і гасцей краіны.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ