Top.Mail.Ru

«Спорт ТБ» пачынае вяшчанне

ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» аб’явіла пра запуск новага спецыялізаванага спартыўнага тэлеканала «Спорт ТБ». Ён будзе даступны праз кабельных аператараў па ўсёй краіне. Пачнецца яго вяшчанне з 10 кастрычніка ў 16.45, і, як адзначыў генеральны дырэктар СТБ Аляксандр Асенка, гэта дазволіць зрабіць спорт сусветнага ўзроўню даступным для беларускіх тэлегледачоў.


«Наша тэлекампанія актыўна паказвае спартыўныя мерапрыемствы сусветнага значэння. Гледачы маглі ўбачыць чэмпіянат Еўропы па футболе 2024 года, чэмпіянат свету па пляжным футболе 2025 года, Лігу нацый, Лігу канферэнцый. За гэты непрацяглы час (паўтара года) мы правялі перагаворы з рознымі спартыўнымі арганізацыямі, каб набыць правы на шэраг трансляцый, якія раней выходзілі ў эфір на тэлеканалах „СТБ“ і „РТР-Беларусь“, і пераканаліся, што нам ідуць насустрач і таксама хочуць, каб сусветны спорт мы паказвалі ў Рэспубліцы Беларусь».

Пачнецца трансляцыя новага спартыўнага тэлеканала з трансляцыі футбольнага матча паміж нацыянальнымі зборнымі Казахстана і Ліхтэнштэйна. Гэта еўрапейская кваліфікацыя да чэмпіянату свету па футболе 2026 года. У далейшым «Спорт ТБ» засяродзіцца на трансляцыі як міжнародных турніраў, так і ключавых падзей беларускага спорту. Цяпер балельшчыкі змогуць сачыць на 11-й кнопцы за спаборніцтвамі па тэнісе, футболе, плаванні, гандболе і іншых відах спорту.

Акрамя гэтага, тэлеканал будзе займацца і вытворчасцю ўласнага спартыўнага кантэнту. Так, напрыклад, рыхтуюць для эфіру праграму «Геніі спорту». Яна будзе знаёміць шырокую аўдыторыю з легендарнымі атлетамі, якія пакінулі свой след у гісторыі сусветнага спорту.

«На пачатковым этапе мы задзейнічаем той кадравы патэнцыял, які мае наша тэлекампанія. Але плануем далучаць і дадатковыя кадры, што маюць дачыненне да спартыўнай сферы», — дадаў Аляксандр Асенка.

Алена ДРАПКО

Чытайце таксама: Якая «цана медаля»?

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю