Маштабны фестываль пад адкрытым небам сабраў больш за тысячу ўдзельнікаў і даў старт чатыром месяцам бясплатных трэніровак у Мінску
5 чэрвеня каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбыўся ўрачысты старт новага сезона праекта «Спорт для ўсіх», які рэалізуецца Прэзідэнцкім спартыўным клубам. Маштабнае мерапрыемства аб’яднала аматараў актыўнага ладу жыцця і стала пачаткам серыі бясплатных трэніровак, якія будуць праходзіць у сталіцы да канца верасня.

Як паведаміў памочнік старшыні Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Павел ЯГОРАЎ, праект Прэзідэнцкага спартыўнага клуба пры падтрымцы Мінгарвыканкама ўпершыню быў рэалізаваны ў 2025 годзе і ахапіў тры летнія месяцы. Паводле яго слоў, вялікая цікавасць да ініцыятывы з боку жыхароў не толькі Мінска, але і іншых гарадоў краіны пацвердзіла запатрабаванасць такога фармату. У другім сезоне арганізатары пашырылі праект: да летніх месяцаў дададзены верасень, колькасць лакацый павялічана да шасці, а заняткі будуць праходзіць з 10:00 да 20:00.

Увечары 5 чэрвеня пляцоўка ля Нацыянальнай бібліятэкі ператварылася ў вялікі спартыўны форум пад адкрытым небам. Для гасцей падрыхтавалі насычаную праграму з рознымі відамі фізічнай актыўнасці. Пад музычнае суправаджэнне дыджэяў і разам з лепшымі трэнерамі мінулага сезона ўдзельнікі маглі паспрабаваць свае сілы ў джампінгу і сайклінгу. Не меншай папулярнасцю карысталіся трэніроўкі Stick Rock і Dance Mix, якія праходзілі пад жывое выкананне кавер-бэндаў. Усяго ж за вечар пляцоўку наведалі звыш 1000 чалавек.

Адным з самых кранальных эпізодаў свята стала выступленне прадстаўнікоў Нацыянальнай зборнай Беларусі па спартыўных бальных танцах на калясках. Нумар пад акампанемент фартэпіяна стаў яркім увасабленнем галоўнай ідэі праекта — спорт павінен быць даступны кожнаму незалежна ад жыццёвых абставін. Арганізатары паведамілі, што ў новым сезоне інклюзіўныя трэніроўкі ўвойдуць у пастаянны расклад заняткаў.

Кульмінацыяй вечара стала з’яўленне лагатыпа праекта на святлодыёдным фасадзе Нацыянальнай бібліятэкі. Такім чынам быў дадзены афіцыйны старт сезону, які працягнецца да 27 верасня.
Ужо 6 і 7 чэрвеня бясплатныя трэніроўкі стартуюць адразу на шасці гарадскіх пляцоўках: у Парку 50-годдзя Вялікага Кастрычніка, парку Цівалі, парку імя Паўлава, Яблыневым скверы, скверы каля гасцініцы «Беларусь» і на пляжы № 3 Цнянскага вадасховішча.

Праект разлічаны на людзей розных узростаў і ўзроўняў фізічнай падрыхтоўкі. Акрамя таго, арганізатары захавалі фармат pet-friendly, таму ўдзельнічаць у занятках можна разам са сваімі хатнімі гадаванцамі.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ