Top.Mail.Ru

Споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Рыгора Барадуліна

У які куток нашай слаўнай Беларусі ні завітаеш, ён на пісьменніцкія таленты багаты. Праўда, з адных раёнаў літаратараў больш, з іншых — менш. Затое яны часам належаць да сузор’я першай велічыні. Як Ушаччына, адкуль родам народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў, народныя паэты Рыгор Барадулін і Пятрусь Броўка, цудоўная паэтэса Еўдакія Лось. Не кажучы пра іншых, хто таксама гэтым краем узгадаваны. Але згадаць Рыгора Іванавіча — асаблівая нагода: 24 лютага — 90 гадоў з дня яго нараджэння. Мяркую, што шмат хто з крытыкаў, дзелячыся ўражаннямі аб яго творчасці, прыгадае і асабістыя стасункі з ім. Былі яны і ў мяне. То скарыстаюся гэтым выпадкам.


У першыню з яго творчасцю пазнаёміўся першакурснікам, калі купіў кнігу «Нагбом». Праз колькі часу ў «ЛіМе» ўбачыў спіс твораў, вылучаных на атрыманне літаратурных прэмій. Сярод прэтэндэнтаў на прэмію імя Янкі Купалы быў і Рыгор Іванавіч. Паспяшаўся падзяліцца ўражаннем аб яго кнізе. Сваю сціплую публікацыю «Быў бы надта рады» ўбачыў у нумары за 8 снежня 1964 года. Не ведаў, што прэміі такога рангу маладым аўтарам не прысуджаюцца. 

Рыгор Барадулін, як вядома, значна пазней, у 1976 годзе, атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР імя Янкі Купалы за кнігу паэзіі «Рум» і пераклад твораў Федэрыка Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады». У тым жа годзе стаў і лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці». Аднак першыя спатканні з яго паэзіяй, безумоўна, не прайшлі для мяне бясследна. Яны далі вельмі адчувальны імпульс, з якога і пачалася любоў да паэзіі ўвогуле, а з ёю прыйшлі і адкрыцці іншых аўтараў. Рыгор Барадулін як бы падштурхнуў маю душу, што да пары да часу драмала, не разумеючы адну простую ісціну: нельга па-сапраўднаму любіць літаратуру і пры гэтым не любіць паэзію. Асабліва, калі яна барадулінскага кшталту. Ці не гэта меў на ўвазе цудоўны знаўца беларускай паэзіі (хоць правільней сказаць — паэзіі ўвогуле) незабыўны Варлен Бечык, калі сцвярджаў, што, знаёмячыся з вершамі Рыгора Барадуліна, «расцеш душой».

Я ж тады і пачынаў расці ёю. Па-сапраўднаму гэты «рост» адбыўся пазней, калі прачытаў іншыя паэтычныя кнігі. Спачатку мая душа «выпроствалася», пазбаўляючыся няведання паэзіі, а разам з гэтым і нігілістычнага стаўлення да яе. І, прызнаюся, на паверку аказалася, што гэта не так і цяжка — палюбіць паэзію, пранікнуцца да яе павагай і ўвагай. Ды і хіба можна інакш, калі яна бярэ за саму душу. Ва ўсякім разе тады невыпадкова вылучыў верш «Паляць бульбоўнік»:

Я гэты ціхі дым
на смак
і навобмацак ведаю,
яго ні з чым не паблытаю,
любой парою,
дзе б ні быў,
адусюль
па ім, як ганчак па следу,
дарогу дадому знайду,
да матчынага парога.

На той час менавіта ён надзіва адпавядаў майму настрою. Прачытаўшы, апынуўся на яго роднай Ушаччыне, але не толькі на ёй. У кнізе «Нагбом» адкрылася паэтава любоў да мінуўшчыны. Аднак не ўвогуле, а беларускай. Гэта ён цудоўна прадэманстраваў у вершы «Сафійка». Твор шмат гаворыць пра нашу багатую гісторыю, пра любоў народа да сваёй даўніны:

Не скажуць у Полацку:
— Сафійскі сабор.
Тут яго называюць ласкава:
— Сафійка...
Так партызаны
сваіх сувязных называлі.
Так гукаў я калісьці
дачку суседскую.

Не сумняваюся, што і шмат для каго свет паэзіі па-сапраўднаму адкрываўся дзякуючы творам Рыгора Іванавіча. Нехта, хто, як і я, размяняў свой восьмы дзясятак, «вучыўся» па яго першых кнігах. На гадоў дзесяць маладзейшыя ўваходзілі ў неабсяжны свет яго паэзіі са зборнікамі «Рум», «Вечалле», а можа, і аднатомнікам «Свята пчалы». Ну а самыя маладыя выхоўваюцца на кнігах, напісаных ім у апошнія гады жыцця.

У кнізе «Нагбом» ёсць і верш «Куліна», з якога паўстае незабыўны воблік маці паэта, а ў ім такі пачатак:

Кожны мае
свае Ушачы,
хату
і двор, 
пазарастаны маркоўнікам,
дзе можна пасля дарогі,
скінуўшы чаравікі
і потную шапку,
адчуць халадок зямлі,
пачуць шум лісця,
маркотны і памяркоўны.

Сапраўды, у кожнага з нас свае Ушачы, але не кожныя «Ушачы» даюць такіх паэтаў, як Рыгор Барадулін. Мяне ж радуюць не толькі яго кнігі, але і аўтографы на іх. Іх ні многа ні мала, а 13. Яшчэ адно пацвярджэнне, што і гэтая лічба можа быць шчаслівай. Каторую кнігу ні вазьму, душу адвяду. Хоць бы гэтую — невялікую, тоненькую, кішэннага фармату «Неакадэмічная калода» з падзагалоўкам «Сяброўскія шаржы. Эпіграмы». Эпіграмы напісаў Рыгор Іванавіч, а шаржы намаляваў заслужаны артыст Беларусі Фама Варанецкі. Ён хацеў быць мастаком, але, стаўшы акцёрам, з жывапісам не развітаўся. Надпіс жартаўлівы: «Алесю Марціновічу, якога кахаюць акторкі, а я люблю! Рыгор Барадулін. 28 ІІ 94. Менск».

Своеасаблівым падарункам яму да 50-годдзя стала кніга «Каждый четвертый», выпушчаная ва ўсесаюзным выдавецтве «Советский писатель». Радасцю паспяшаўся падзяліцца: «Дарагому Алесю Марціновічу — з падзякай за ўсе клопаты, за спагаду. Рыгор Барадулін. 7. VІІ. 84. Мінск». Яна магла прынесці яму яшчэ адну радасць. Праз чатыры гады была вылучана на Дзяржаўную прэмію СССР. Калі паведамленне з’явілася ў друку, я напісаў рэцэнзію «Суровы адлік памяці», якую газета «Вячэрні Мінск» надрукавала 14 верасня 1998 года. Шкада, што Рыгор Іванавіч лаўрэатам не стаў. 

На кнізе «Вечалле» такі надпіс: «Дарагому Алесю Марціновічу — шчыраму, адкрытаму, бескампраміснаму з сяброўскай павагай і даўняй удзячнасцю! Заўсёды Ваш Рыгор Барадулін. Мінск, 81». На томіку вершаў і паэм «Поэма признания» ў аўтарызаваным перакладзе з прадмовай народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі подпіс удзячны: «Дарагому і любаму Алесю Марціновічу — дзякуй за ласку, за шчырасць, за спагаду! Пакуль ёсць такія людзі, і жыць, і пісаць хочацца! Рыгор Барадулін. Мінск, 82». Падарыў ён і кнігу лірыкі і гумару «Амплітуда смеласці»: «Дарагому Алесю Марціновічу з падзякай за шчодрасць шчырасці, ад якой душа нядзеліцца! Ад аднаго ўшацкага мальца, што перад Алесем у нясплатным даўгу. Рыгор. 1. VІ. 83. Мінск».

Яшчэ адна кніга мае крыху нечаканую назву — «Кахаць — гэта значыць...». Аднак, пачаўшы знаёміцца з ёю, упэўніваешся, наколькі дакладна. Дзе яшчэ знойдзеш пад адной вокладкай столькі перакладаў: са старажытнарускай, польскай, сербалужыцкай, нямецкай, англійскай, французскай і іспанскай моў. Як пасля гэтага ні прачытаць яе, ды яшчэ з такім надпісам: «Алесю Марціновічу толькі з падзякай, толькі з пашанай! Рыгор Барадулін. 21 Х 86. Мінск».

Не менш арыгінальная і кніга «Беларусь мяне збеларушвае». Менавіта так пра беларусаў сказаў выдатны ўкраінскі паэт і грамадскі дзеяч Мікола Бажан. У зборніку дзясяткі паэтаў, творы якіх перакладзены Рыгорам Іванавічам, прызнаюцца ў любові да Беларусі. Адштурхоўваючыся ад гэтага, ён пакінуў на асобніку яшчэ адзін жартаўлівы аўтограф: «Шаноўнаму Алесю Марціновічу ад усіх паэтаў, якія любяць Беларусь і яго! Рыгор Барадулін. 28. ІІІ. 94». А вось у зборніку эпіграм «Асобы рознай пробы», што выйшаў у «Бібліятэцы „Вожыка“» у суаўтарстве з мастакамі Анатолем Гармазой і Міколам Гіргелем, «жартавалі» самі творцы, таму давялося пакінуць аўтограф сур’ёзны: «Дарагому сэрцу майму Алесю Марціновічу на поўным сур’ёзе! Рыгор Барадулін. 23. VІІІ. 94».

Кніга «Аратай, які пасвіць аблокі» з падзагалоўкам «Сяброўскае слова, эсэ і некананізаваныя ўспаміны» ўпэўніла, што Рыгор Іванавіч годна адчувае сябе і як крытык, і ў пэўнай ступені як даследчык літаратуры. Кажу гэта не толькі з удзячнасцю за добрыя словы, сказаныя ў мой адрас: «Майму дарагому сябру Алесю Марціновічу — З нязменнай падзякай! Рыгор Барадулін. 

26. ХІІ. 95. Менск». Барадулінскае «Евангелле ад мамы» — яшчэ адно пацвярджэнне, што не стамлялася пяро паэта: «Шаноўнаму Алесю Марціновічу, каго люблю, кім захапляюся, каму ўдзячны да скону! Рыгор Барадулін. 28. УІІІ. 95. Менск».

А гэтую кнігу праглядаю з асаблівым хваляваннем. Не толькі таму, што яна апошняя з падпісаных Рыгорам Іванавічам. З яе старонак «зорка зорцы голас падае». Як вядома, так цудоўна народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў пераклаў радкі «<...> И звезда с звездою говорит» са знакамітага верша Міхаіла Лермантава «***Выхожу один я на дорогу...». Я ж маю на ўвазе Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава. Іх «голас» гучыць са старонак кнігі Рыгора Іванавіча «Лісты ў Хельсінкі». Падпісаў так: «Дарагому сэрцу майму Алесю Марціновічу — вечны дзякуй! 18. 09. 2000. Рыгор. Менск».

Назва — «Лісты ў Хельсінкі» — невыпадковая. Са студзеня 1998 года да чэрвеня 2000-га Васіль Быкаў жыў у Фінляндыі. У кніжцы паралельна на дзвюх старонках змешчаны арыгінал тэксту Рыгора Іванавіча і яго друкаваны варыянт. Злева — дробны, уборысты почырк Васіля Быкава. Справа — гэты тэкст, набраны курсівам дробнага памеру. Малюнкі Васіля Уладзіміравіча, створаныя ў далечыні ад Беларусі, склалі заключны раздзел «Водгалас». Як бы кніжачка ў кніжцы. Малюнкі штрыхавыя, у нечым эскізы-накіды, якія б маглі «пашырыцца» і ў больш значныя творы. Толькі ў гэтым неабходнасці не было. Галоўнае — улавіць пэўны момант, адчуць мімалётны настрой. 

Кніг, падораных Рыгорам Іванавічам, у маёй хатняй бібліятэцы магло быць і больш як тузін. За кошт тых, што напісаны ім для дзяцей. А такіх з-пад яго пяра таксама з’явілася шмат: «Красавік», «Экзамен», «Ай, не буду! Не хачу!», «Што было б тады, калі б?», «Ці пазяхае бегемот?», «Індыкала-кудыкала», «Кобра ў торбе» і іншыя. Некаторыя з іх і мне падарыў. Але гэта было яшчэ тады, калі я халасцякаваў. Таму перадаў іх сваім пляменнікам. Засталася толькі «Як воўк калядаваў»: «Самаму працавітаму й таленавітаму Алесю Марціновічу — Чытайце прапраўнукам бадзёрым голасам! Дзед Рыгор. 16. 02. 01. Менск».

Разумею, што такімі высокімі эпітэтамі ён ацаніў маю творчую працу шмат у чым не толькі авансам, але і завышана. Найперш гэта тычыцца «таленавітасці». Чаго добрага папярхнуцца тыя, хто класікам сябе лічыць, канкурэнта ўбачаць у маёй асобе. Хоць аб працавітасці, не ўспрыміце гэта пахвальбой, у нечым праўдзіва гаварыў. Пісаў я шмат, нямала і цяпер пішу. Як — не мне меркаваць.

Ды не пра мяне гаворка... Найперш пра тое, што сапраўдны талент, а такім і быў Рыгор Барадулін, ніколі творча не зайздросны, умее радавацца таму, што робяць іншыя.

Калі бяруся праглядаць барадулінскія кнігі з дарчымі надпісамі, адарвацца не магу. Кожную чарговую падоўгу затрымліваю ў руках. Адгарнуўшы вокладку, запыняю позірк на некалі напісаным ім. Цяпер ужо яно ўспрымаецца і прамоўленым Рыгорам Іванавічам. Ад шчырага сэрца. З усведамленнем таго, як гэта прыемна ў тлумны і неспакойны час падтрымаць таго, каму, магчыма, не стае радасці ці яе куды меней, чым хацелася. Сапраўдныя ж паэты не толькі думаюць вершамі — яны ўмеюць яшчэ і зазірнуць у чужую душу. Адчуць тое, чаго ў чалавеку іншыя не заўважаюць.

То чаму б і не сказаць яму спагаднае слова. Магчыма, у нечым і авансам. Але ж аванс заўсёды адпрацоўваць трэба, то, глядзіш, чалавек пастараецца апраўдаць аказаны яму давер, памкнецца быць яшчэ лепшым. 

Не стала Рыгора Барадуліна 2 сакавіка 2014 года. Свой вечны спачын знайшоў на могілках ва Ушачах поруч з маці Кулінай Андрэеўнай. Магілы знаходзяцца як бы на кургане. Само па сабе гэта ўжо сімвалічна. Адсюль яму добра відаць усю Беларусь, адным з самых выдатных песняроў якой з’яўляўся. Сімвалічна і тое, што яму і Васілю Быкаву на радзіме пастаўлены помнікі. Для абодвух блізкае тое, што сказаў Васіль Уладзіміравіч: «Паэзія Барадуліна — чыстай красы Боская паэзія беларусаў, крыніца нацыянальнага натхнення, складнік яе спрадвечнага духоўнага набытку. Тое асабліва адчувальна, калі апынуцца ў расстанні з ею...» Толькі замест паэзіі трэба сказаць літаратура. Гэта тычыцца іх абодвух, ушацкім краем узгадаваных.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю