Top.Mail.Ru
123

Спіртзавод у маёнтку Свяцкіх, дзе працаваў Купала, прадаюць за 1 базавую велічыню

Старадаўні будынак спіртзавода ў былым маёнтку шляхціцаў, дзе працаваў настаўнікам класік нацыянальнай літаратуры Янка Купала, прапануецца да продажу за адну базавую велічыню, указана ў картцы аб’екта, размешчанага ў аграгарадку Полымя (раней — Беліца) Сенненскага раёна Віцебскай вобласці.


Продаж аб’ектаў нерухомасці, якія не выкарыстоўваюцца, за адну базавую велічыню ажыццяўляецца ў рамках рэспубліканскай праграмы, пры гэтым пакупнікамі могуць быць як грамадзяне Беларусі, так і нерэзідэнты.

Акрамя будынка спіртзавода, у Полымі па цане ў адну базавую велічыню прапануюцца да продажу будынкі спіртасховішча, склада, збожжасклада, сховішчы малочнай прадукцыі. 

Закансерваваныя ў рознай ступені захаванасці збудаванні з чырвонай цэглы і бутавага каменя — частка комплексу былога маёнтка Беліца, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь.


Першыя пісьмовыя згадкі пра Беліцу адносяцца да пачатку XVI стагоддзя. Уладальнікамі вёскі былі прадстаўнікі родаў Глебавічаў, Зяновічаў, Сапегаў. У сярэдзіне XIX стагоддзя гаспадарамі сталі шляхціцы Свяцкія, якія, паводле легенды, знайшлі ў мясцовым возеры скарб з напалеонаўскім золатам і пабудавалі на гэтыя сродкі раскошны палац, які пасля перабудоўваўся. У 1903–1904 гадах у Беліцкай школе жыў і працаваў настаўнікам і эканомам класік беларускай літаратуры, паэт, перакладчык, журналіст і драматург Янка Купала. Пасля ўстанаўлення савецкай улады ў палацы дзейнічала школа механізатараў, у гады Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся нямецкі гарнізон, затым — школа, Дом культуры, бібліятэка.

Як гэта часта бывала ў канцы 1980-90-х, старадаўнія маёнткі проста пакідаліся на апеку прыроды і мясцовых жыхароў. Праўда гісторыя палаца ў Беліцы крыху адрозніваецца — тут сапраўды былі спробы адрэстаўраваць спадчыну, але работы так і не скончылі, рэстаўратары паспелі зняць толькі стары дах. Верагодна гэта толькі паскорыла разбурэнне сядзібы.
Да цяперашняга часу захаваліся частка сцяны галоўнага фасада і васьмігранная двух’ярусная вежа пабудовы пачатку XX стагоддзя. Спіртзавод у Полымі функцыянаваў да пачатку 2000-х гадоў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю