На прэм’еру ў мінулую пятніцу людзі пачалі збірацца загадзя: новая назва ў афішы, ды яшчэ камедыя...
— Наш тэатр на сённяшні момант, як і іншыя тэатральна-відовішчныя арганізацыі, існуе ў новых умовах. Каб прыцягнуць дадатковыя сродкі, вядзецца работа над новымі пастаноўкамі, — адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы Андрэй Шастакоў. — Сёння вельмі важна, каб кожная пастаноўка была яркая, насычаная, з адметным эмацыянальным эфектам, рэжысёрскай канцэпцыяй і адпавядала запатрабаванням нашага гледача. Сваю задачу бачым у тым, каб прыцягнуць як мага больш новых наведвальнікаў. Таму ў нас рознажанравыя спектаклі дзеля таго, каб зацікавіць і моладзь, і дарослых, якія любяць глыбокія па змесце спектаклі. Не кожны чалавек разумее, наколькі праца артыста складаная: у пастаноўцы мы раскрываем гэта.

У цэнтры ўвагі — два немаладыя артысты, муж і жонка, якія ўжо і не марылі пра нейкія творчыя подзвігі, але з’яўляецца спакуса стаць сапраўднымі зоркамі. Што можа ім перашкодзіць?..
Заслужаны артыст Расіі Андрэй Завадзюк, які выступіў рэжысёрам-пастаноўшчыкам, сам іграе адну з роляў у спектаклі з такой жа назвай, які ідзе ў маскоўскім тэатры імя Пушкіна. Ён тлумачыць:
— Для мяне самай галоўнай задачай было стварыць зусім іншы спектакль. Тое, што зрабілі мы з беларускімі артыстамі, не мае дачынення да таго, што я іграю ў сябе ў тэатры. Абсалютна рознае прачытанне роляў. Мне здаецца: маскоўская версія больш павярхоўная, чым атрымалася ў мяне тут. Трупа тэатра Янкі Купалы вельмі вялікая, таму можна браць любую п’есу — акцёры ўніверсальныя, розныя па фактуры, індывідуальнасці. Размеркаваць ролі атрымалася адразу (галоўных герояў іграюць Вольга Няфёдава і Уладзімір Іваноў)... Вынік нашай штомесячнай працы складаны, няпросты, але вельмі творчы і эмацыянальны. У спектаклі шмат смешнага і прыгожага. Цудоўная музыка, акцёры выдатна рухаюцца, танцуюць. Адметнае афармленне (запомніце імя тэатральнага мастака Марыны Шуста). Я не ведаў ніякіх праблем з працай цэхаў, усё рабілася своечасова.

П’еса Кена Людвіга мае назву «Месяц над Буфала» — пастаноўшчык прапаноўвае яе прачытаць, каб потым выказаць сваё меркаванне пра выканаўцаў і спектакль «Гэта цудоўнае жыццё». Чым адметны драматург? Найперш тым, што кожны дзень у свеце дзесьці ідзе яго п’еса, яго творы запатрабаваныя рэжысёрамі, акцёрамі і гледачамі. Гэтая пастаноўка прысвечана тэатру. Яна пра тое, наколькі далікатная акцёрская псіхіка, кажа пастаноўшчык, які сам належыць да гэтага дзіўнага свету і дае магчымасць гледачу зазірнуць за заслону.
І яшчэ адно істотнае адрозненне ад маскоўскай пастаноўкі — беларуская мова.
— ... Я з ёй сябрую, — гаворыць Андрэй Завадзюк. — Гэта мая другая работа ў тэатры імя Янкі Купалы, і ў мяне не было праблем, таму што нашы мовы вельмі блізкія: у іх агульныя карані. Беларуская — вельмі прыгожая, простая ў зносінах. Калі наша супрацоўніцтва з тэатрам будзе працягвацца, то я схільны глядзець у бок сур’ёзнай класічнай драматургіі. Можа быць, і беларускай. Мяне вельмі зацікавіла п’еса Аляксея Дударава «Парог», сучасная як ніколі. Яна многа дзе ішла ў савецкі час, пасля пра яе забыліся, нядаўна я ўспомніў, перачытаў — узрушыла. Наогул Дудараў — вялікі драматург, які стаў фактычна класікам, у яго цікавыя п’есы, якія я б хацеў увасобіць на сцэне.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота БелТА