У мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» у лістападзе плануюць завяршыць капітальны рамонт галоўнага манумента «Мужнасць». Пра гэта паведаміла БелТА.
У Брэсцкай крэпасці па праекце Саюзнай дзяржавы вядуцца работы па рэстаўрацыі і музеефікацыі. Адно з мерапрыемстваў плана — капрамонт «Мужнасці», які пачаўся ў сярэдзіне гэтага лета. Галоўны манумент быў узведзены ў 1968—1971 гадах. Гэта складанае архітэктурнае збудаванне ўнутры і звонку. Памер жалезабетоннай канструкцыі — 30×54 м, яна складаецца прыкладна з 200 частак.
«Перш чым распачаць работы, было праведзена абследаванне, падчас якога выяўлены дэфекты і нюансы. Рамонт планавы. 20 гадоў таму мы рабілі практычна тое ж самае. Былі гатовы і навучаны вопытам папярэдняга капітальнага рамонту», — адзначыў Сяргей Крук, вядучы інжынер мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой».
На аб’екце працуюць прамысловыя альпіністы. Асноўная вышыня, дзе праводзяцца работы, — 24—26 м. Частка спецыялістаў працуе непасрэдна на канструкцыі манумента, некаторыя дапамагаюць ім унізе. Яшчэ адно звяно займаецца рамонтам унутры канструкцыі.
«Ідуць работы па нанясенні спецыяльнага ахоўнага саставу, які адначасова зараўнуе ўсе мікратрэшчыны і створыць суцэльную тонкую абалонку, каб была магчымасць прыступіць да наступнага этапу — фарбавальных работ. Да гэтага былі ачыстка паверхні, выяўленне дэфектаў, апрацоўка біяабаронай, — расказаў вядучы інжынер. — Унутры звяно займаецца ўзмацненнем і падрыхтоўкай металічнага каркаса». Напрыклад, для аднаўлення вонкавага выгляду «Мужнасці» спатрэбіцца арыентыровачна 2 т спецыяльнай фарбы. Пры спрыяльных умовах надвор’я ўсе работы плануецца завяршыць у лістападзе.
У цэлым па цяперашнім праекце Саюзнай дзяржавы ў Брэсцкай крэпасці намечана выканаць 11 мерапрыемстваў. Рэстаўрацыйныя работы вядуцца і на іншых аб’ектах. Мемарыяльны комплекс рыхтуецца да знакавай гістарычнай даты. У 2026-м споўніцца 85 гадоў гераічнай абароны цытадэлі над Бугам.