Top.Mail.Ru

Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр рыхтуецца да 900-годдзя

Падрыхтоўка да юбілею вядзецца як на царкоўным, так і на дзяржаўным узроўні. 15 студзеня ў Полацку ўрачыста адкрылася пасля працяглай рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнская царква — адзіны храм ХІІ стагоддзя на тэрыторыі нашай краіны, у якім захаваліся ўнікальныя фрэскі.


Як расказала манахіня Іўстына — супрацоўніца выдавецтва Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра, сёння храм гатовы прымаць вернікаў і тых, хто хоча наведаць адну з галоўных святынь Беларусі. Адзіная ўмова: адначасова ў ім не павінна знаходзіцца больш за 15 чалавек: тут важна падтрымліваць асаблівыя тэмпературна-вільготнасныя ўмовы для захавання старажытных роспісаў.

Таксама завершана добраўпарадкаванне саборнай плошчы манастыра, вядзецца будаўніцтва трапезнай.

Сёння Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр вядзе актыўную асветніцкую дзейнасць. Пры ім створаны дзве бібліятэкі: адна для сясцёр, другая — для прыхаджан. Маецца і ўласнае выдавецтва, у якім выходзяць буклеты, брашуры, паштоўкі і кнігі. У 2024 годзе быў падрыхтаваны вялікі даведнік па манастыры. На гэты год плануецца выданне яшчэ аднаго, больш кароткага, а таксама манаграфіі «Подзвіг любові і вернасці Богу» — кнігі аб гісторыі Полацкай святыні ў перыяд з Вялікай Айчыннай вайны да нашага часу. 

У тым ліку будзе змешчана інфармацыя пра жыццё прыхадской абшчыны, калі манастыр апусцеў, і пра адраджэнне храма ў 1990-я гады. Плануецца да выдання юбілейны фотаальбом аб Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры. У сувязі з вялікай цікавасцю ў вернікаў і турыстаў да дзіцячай літаратуры будзе перавыдадзена кніга «Адзін дзень у Полацкім манастыры». Гэта сумесны праект са Свята-Елісавецінскім манастыром. Запатрабаваны і выдавецкі праект «Жыціе Прападобнай Ефрасінні вачамі дзяцей нядзельнай школы», у якім змешчаны сачыненні і ілюстрацыі юных творцаў.

У духоўна-асветніцкім цэнтры манастыра працуе нядзельная школа, якую наведваюць як дзеці, так і дарослыя. Таксама ёсць маладзёжнае аб’яднанне. Для юных вернікаў праводзяць урокі Закона Божага, царкоўнай гісторыі і іншых дысцыплін. Дзеці ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы і правядзенні спектакляў, канцэртаў, малююць, ствараюць розныя вырабы, далучаюцца да творчых конкурсаў, у тым ліку і на рэспубліканскім узроўні. 

Прадстаўнікі манастыра таксама вядуць асветніцкую работу ў адукацыйных і культурных установах: па запрашэнні выступаюць з дакладамі, лекцыямі, праводзяць духоўна-маральныя гутаркі з навучэнцамі.
Для паломнікаў сёстры штодзень праводзяць экскурсіі па манастыры. Тут працуе экскурсійнае бюро, якое прымае заяўкі і рэгіструе арганізаваныя групы. У 2023 і 2024 гадах колькасць такіх груп дасягала амаль дзвюх тысяч з агульнай колькасцю гасцей каля 45 тысяч чалавек. Летась, акрамя шматлікіх паломнікаў з Беларусі, манастыр у Полацку наведалі групы з Расіі, Казахстана, Прыбалтыкі, Германіі, Францыі, Іспаніі, Бельгіі, Чэхіі, Швецыі, Галандыі, Грузіі, Арменіі, Таджыкістана, Кыргызстана, Малдавіі, Ізраіля, ЗША.

Як паведаміла манахіня Іўстына, сёстры манастыра дапамагалі ў падрыхтоўцы фільмаў, прысвечаных святыні. Адна са стужак — «Прыстанак Святой Ефрасінні» — знятая «Беларусьфільмам», другая стужка — «Дзве Ефрасінні» — зроблена расійскай тэлекампаніяй «Спас». 
Напярэдадні юбілею ўжо прайшлі два вялікія мерапрыемствы, арганізаваныя Праваслаўнай царквой: копія крыжа беларускай святой увосень мінулага года пабывала ва ўсіх епархіях Беларусі, каўчэг з мошчамі Прападобнай Ефрасінні — у епархіях Расіі.

У тэму
Станаўленне дзяржавы супала з часам духоўнага развіцця

У Доме прэсы абмеркавалі ролю традыцыйных канфесій на сучасным этапе. У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Рыма-Каталіцкага Касцёла. Больш за дзве трэці рэлігійных арганізацый, зарэгістраваных у нашай краіне, сёння належаць менавіта да гэтых канфесій. Усяго ж на 2024 год у Беларусі налічвалася 3419 рэлігійных абшчын.

Як заўважыў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, перыяд станаўлення незалежнай дзяржавы супаў з часам духоўнага развіцця і ўмацавання нашага народа. Толькі з 1989 да 1996 года амаль у два разы павялічылася колькасць рэлігійных абшчын. З ініцыятывай па аднаўленні і рэстаўрацыі храмаў актыўна выступалі самі грамадзяне.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, старшыня Экспертнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алег Дзячэнка адзначыў, што ў апошнія гады зроблены вялікі крок па замацаванні хрысціянскіх каштоўнасцяў у нацыянальным заканадаўстве. У Канстытуцыі замацавана норма, якая фіксуе традыцыйнае хрысціянскае разуменне сям’і і шлюбу. У 2023 годзе сур’ёзная работа вялася па абнаўленні Закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Над ім працавала рабочая група, у якую ўваходзілі прадстаўнікі вядучых хрысціянскіх канфесій, парламентарыі, апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. «Гэта важны дакумент, які рэгулюе прававыя адносіны ў канфесійнай сферы, стаіць на абароне інтарэсаў вернікаў», — сказаў Алег Дзячэнка. Таксама ён звярнуў увагу на тое, што захаванне міру і міжканфесійнай згоды з’яўляецца важным пунктам перадвыбарнай праграмы кіраўніка дзяржавы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю