Дзяржаўная ўстанова «Лельчыцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб» — цэнтр спартыўнага жыцця рэгіёна, які прапаноўвае насельніцтву шырокі спектр паслуг. Асаблівым гонарам з’яўляецца конна-спартыўнае падраздзяленне. Тут ахвотныя могуць адправіцца на займальную экскурсію і пазнаёміцца з васьмю дзівоснымі коньмі, кожны з якіх валодае сваім характарам.
Па словах старшыні ўстановы Аляксандра Дземідаўца, зараджэнне конна-спартыўнага падраздзялення пачалося каля 20 гадоў таму.

— Цяпер мы ўжо не рыхтуем да спаборніцтваў па гэтым кірунку, аднак нашых конікаў можна ўбачыць падчас экскурсіі і нават пракаціцца пад кіраўніцтвам інструктара. Таксама ў нас ёсць праграма па іпатэрапіі. Маленькія выхаванцы з дзіцячых садоў прыязджаюць да нас, кормяць коней, катаюцца на іх. І назіраецца станоўчая дынаміка па стане здароўя, — падкрэсліў ён.
Усяго на базе конна-спартыўнага клуба 8 коней. За іх здароўем на працягу многіх гадоў старанна сочыць заатэхнік Васіль Мазур.
— Тры кані чыстакроўныя, такіх парод, як руская рысістая, гановерская і савецкі цяжкавоз. Пяць коней — паўкроўкі. Усе вельмі добрыя, прыязныя і аб’езджаныя. Нашы конікі вельмі любяць ласку і ўвагу. Асабліва ім весела, калі ў госці прыходзяць дзеці і частуюць іх ласункам — цукрам, — распавёў ён.
Таксама на базе коннага клуба можна пагуляць у більярд або паспрабаваць свае сілы ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі ў ціры. У перспектыве гэтую базу плануюць пашырыць і дадаць вялікую спартыўную залу.

Варты ўвагі і стадыён «Палессе». Ён адкрыўся для наведвальнікаў у 2023 годзе пасля маштабнай рэканструкцыі. Тут праводзяцца чэмпіянаты Рэспублікі Беларусь па футболе каманд вышэйшай і першай ліг, розыгрышы Кубка Рэспублікі Беларусь. Усяго пляцоўка здольная ўмясціць 400 гледачоў.
Акрамя футбольнага поля на стадыёне таксама ёсць адкрытая валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, бегавыя дарожкі, трэнажорная зала, варкаўт-пляцоўка і сумешчаная хакейная каробка, якая ў марозныя зімовыя дні ператвараецца ў адкрыты каток.
Лізавета ГОЛАД