Нашы дзяўчаты падняліся на п’едэстал па выніках каманднага спрынту. Пасля першай чвэрці гонкі Сола і Смольская ішлі на мяжы першай дзясяткі, але да экватара забраліся ў тройку, адстаючы ад лідараў на 20 секунд. У другой палове дыстанцыі беларускі адыграліся, а пасля заключнай стральбы ўзначалілі гонку, але на апошнім крузе саступілі расіянкам Крысціне Разцовай і Наталлі Шаўчэнцы.
Ганна і Дынара заваявалі срэбра, апярэдзіўшы бронзавых прызёраў Тамару Дэрбушаву і Вікторыю Сліўко на 24 секунды. Усяго ўдзел у гонцы прынялі тры беларускія пары і 12 расійскіх дуэтаў. Нашы Ксенія Варабей і Ірына Шаклеіна замкнулі топ-5, а Ганна Макарская і Алена Кулак сталі 12-мі. У мужчынскім камандным спрынце беларусы Іван Тулацін і Мікіта Лабастаў былі восьмымі.
Пасля пяці этапаў Кубка Садружнасці агульны залік у мужчын узначальвае расіянін Эдуард Латыпаў, наш Антон Смольскі саступае яму 18 ачкоў. У жаночай генеральнай класіфікацыі лідзіруе Крысціна Разцова, яе суайчынніца Наталля Шаўчэнка адстае толькі на бал. Смольская і Сола займаюць чацвёртае і пятае месцы. Заключны этап турніру пройдзе ў Мурманску з 3 па 5 красавіка.