Top.Mail.Ru
182

Снегавіка вышынёй больш як 4 метры зляпілі ў Столінскім раёне

У Столінскім раёне жыхар вёскі Манькавічы разам з дзвюма дочкамі зляпілі гіганцкага снегавіка. Яго вышыня перавышае 4 м. Колькі часу спатрэбілася на такую працу, расказаў Леанід Філановіч, перадае БелТА.



Для вяскоўца гэта ўжо не першы вопыт лепкі вялізнага снегавіка. Сёлета выпала больш снегу, і Леанід вырашыў зрабіць скульптуру яшчэ большай. «Бяруся заўсёды, калі снег лепіцца, калі цёпла. Гляджу прагноз надвор’я, каб маразы былі наперадзе. Не хочацца, каб ён хутка растаў, таму што праца вялікая. Цяжка ляпіць, шмат снегу трэба», — растлумачыў мужчына. 

Бацька і двое яго дачок Мілана і Ліяна ўзяліся за справу прыкладна ў дзевяць гадзін вечара 27 студзеня. Калі дзяўчынкі пайшлі адпачываць, мужчына працягнуў працаваць самастойна, завяршыў бліжэй да чатырох гадзін раніцы 28 студзеня. «Першы шар атрымаўся 2 м. Плюс яшчэ два шары на ім. Дзесьці 4,5 м будзе снегавік, — выказаў меркаванне жыхар Манькавічаў. — Колькі мог каціць шар, каціў. Пакінуў яго на месцы, дзе вырашыў размясціць снегавіка. Потым яшчэ шары зрабіў, злучыў іх, акругліў. Для апошняга па лесвіцы снежныя шары насіў і злучаў іх наверсе». Па словах Леаніда, у гэты момант ён, як у дзяцінстве, адчуваў радасць. 

За суткі гіганцкі снегавік прыцягнуў да сябе павышаную ўвагу. Вестка пра яго разляцелася далёка за межы Манькавічаў. «У мінулыя гады я рабіў снегавікоў у сваім агародзе. Людзі прасілі зайсці, каб паглядзець, сфатаграфавацца. У гэты раз вырашыў зляпіць яго на вуліцы, каб не саромеліся, фатаграфаваліся ахвотныя», — сказаў мужчына. Гэта не канчатковы варыянт. Леанід плануе яшчэ папрацаваць над рысамі твару снежнага волата.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю