Марозна і снежна будзе ў Беларусі 8 студзеня. Аб гэтым паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Сіноптыкі папярэдзілі, што днём 8 студзеня па паўднёва-ўсходняй палове краіны чакаюцца моцны снег, мяцеліца, на дарогах снежныя заносы, узмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с. 9 студзеня таксама чакаюцца складаныя ўмовы надвор’я (на большай частцы тэрыторыі краіны — моцны снег, мокры снег, мяцеліца, на дарогах снежныя заносы, узмацненне ветру парывамі 15-20 м/с, ноччу месцамі да 24 м/с).
8 студзеня чакаецца перавага хмарнага надвор’я. Уначы пераважна па паўднёвым усходзе часам будзе снег. Днём — снег, мокры снег, па паўднёва-ўсходняй палове — моцны снег, мяцеліца, на дарогах снежныя заносы, месцамі слабы галалёд. Уначы і раніцай месцамі слабы туман. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўночны, паўночна-ўсходні ўмераны, днём парывісты, па паўднёва-ўсходняй палове моцны парывісты.
Тэмпература паветра мінімальная ноччу будзе вар’іравацца ад мінус 6 да мінус 12 градусаў, максімальная тэмпература днём складзе ад 4 да 10 градусаў марозу.