Top.Mail.Ru

Мікалай Снапкоў і Намеснік Старшыні КНР узялі ўдзел у адкрыцці форуму «Экспарт беларускіх тавараў у Кітай»

У другі дзень візіту ў Беларусь дэлегацыя КНР на чале з Намеснікам Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Хань Чжэнам і першы намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў прынялі ўдзел у адкрыцці форуму «Экспарт беларускіх тавараў у Кітай» у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры на палях выстаўкі «Белагра — 2026». 

Ключавым аспектам форуму стала абмеркаванне сумеснага развіцця краін і выбудоўванне ўстойлівых ланцужкоў паставак ад сыравіны да гатовай прадукцыі. 

«Каля 200 беларускіх прадпрыемстваў акрэдытаваныя для паставак прадуктаў харчавання на рынак КНР»

Вітаючы ўдзельнікаў форуму, Мікалай Снапкоў падкрэсліў, што Беларусь і Кітай за апошнія гады прайшлі шлях ад традыцыйнага гандлю да шматмернага эканамічнага партнёрства. Паводле яго слоў, за дзесяцігоддзе тавараабарот вырас у 3 разы, а экспарт — у 2 разы. Мікалай Снапкоў падкрэсліў, што Кітай уваходзіць у лік ключавых гандлёвых і інвестыцыйных партнёраў Беларусі, а Беларусь — у лік надзейных пастаўшчыкоў для кітайскага рынку. 

«Наш сённяшні форум — першы форум, які праходзіць у рамках рэалізацыі маштабнай ініцыятывы Кітайскай Народнай Рэспублікі „Вялікі рынак для ўсіх. Экспарт у Кітай“ — задае новыя, па-сапраўднаму амбіцыйныя арыенціры для паглыблення двухбаковага супрацоўніцтва», — звярнуў увагу Мікалай Снапкоў. 

Першы віцэ-прэм’ер адзначыў, што ў нашай краіны адкрытая эканоміка. «62 % ВУП фарміруюцца за кошт экспарту. Мы гандлюем больш чым са 150 краінамі свету і штогод пашыраем наменклатуру тавараў, якія пастаўляюцца, — канрэтызаваў Мікалай Снапкоў. — Кітайскі вектар у гэтай стратэгіі адзін з ключавых. Каля 200 беларускіх прадпрыемстваў акрэдытаваныя для паставак прадуктаў харчавання на рынак Кітайскай Народнай Рэспублікі, а агульная колькасць таварных пазіцый, якія экспартуюцца на кітайскі рынак, дасягнула некалькіх сотняў». 


«Стратэгічны рэсурс для забеспячэння харчовай бяспекі»

Наш экспарт у Кітаі спалучае і традыцыйныя, і новыя напрамкі. «Па-першае, Беларусь — адзін з сусветных лідараў вытворчасці калійных угнаенняў, традыцыйна ўваходзіць у „топ-3“. Гэта стратэгічны рэсурс для забеспячэння харчовай бяспекі. І мы зацікаўлены ў доўгатэрміновых кантрактах з кітайскімі спажыўцамі, у сумесных лагістычных і інфраструктурных праектах у гэтай сферы», — паведаміў першы намеснік Прэм’ер-міністра.

Па-другое — машынабудаванне. Нашы брэнды добра вядомыя далёка за межамі краіны. «Кар’ерныя самазвалы „БелАз“ займаюць прыкметную долю сусветнага рынку і адно з вядучых месцаў у свеце, — звярнуў увагу Мікалай Снапкоў. — Мінскі трактарны завод утрымлівае значную долю сусветнага рынку колавых трактароў. Мы бачым вялікі патэнцыял у стварэнні зборачных і сэрвісных цэнтраў на базе кітайскіх партнёраў, адаптацыі тэхнікі пад патрэбы рэгіёнаў Кітая і сумесна з кітайскімі партнёрамі для трэціх краін». 

Па-трэцяе — дрэваапрацоўчая прамысловасць і прадукцыя з высокай дабаўленай вартасцю. Піламатэрыялы, пліты, упаковачныя рашэнні, кардон, гатовыя вырабы з цэлюлозы. «Ужо дзеючыя сумесныя беларуска-кітайскія праекты ў цэлюлозна-папяровай галіне паказваюць, што сінэргія беларускай сыравіннай базы і кітайскіх тэхналогій дае канкурэнтназдольны экспартны прадукт», — акцэнтаваў першы віцэ-прэм’ер. 


«Наша ключавая канкурэнтная перавага — высокія стандарты якасці і біябяспекі»

Трэць экспарту — гэта прадукты харчавання. «Наша ключавая канкурэнтная перавага — высокія стандарты якасці і біябяспекі, якія высока цэняцца кітайскімі спажыўцамі. Па шэрагу пазіцый наш вытворчы патэнцыял і патэнцыял нарошчвання прысутнасці на кітайскім рынку якаснай харчовай прадукцыі абмежаваны. Таму мы бачым перспектыву ў прыцягненні кітайскіх інвестыцый у аграпрамысловы комплекс, у сумесных праектах па нарошчванні вытворчага патэнцыялу і глыбокай перапрацоўцы з кітайскімі партнёрамі», — адзначыў Мікалай Снапкоў. 

Гаворка ідзе не толькі аб нарошчванні аб’ёмаў двухбаковага гандлю, але і аб пераасэнсаванні самой архітэктуры супрацоўніцтва. «Беларусь і Кітай ужо выбудавалі фармат усеабдымнага стратэгічнага партнёрства, і сёння перад намі стаіць задача напоўніць яго новым доўгачасовым утрыманнем прамысловай кааперацыі, — падкрэсліў першы віцэ-прэм’ер. — Кожны новы праект гандлю становіцца элементам агульнага вытворча-кааперацыйнага ланцужка паміж нашымі краінамі». 


«Беларусь максімальна ўлічвае пажаданні кітайскага бізнесу ў фарміраванні камфортнага дзелавога клімату»

Наша краіна прапануе кітайскім партнёрам комплекснае рашэнне ў сумесным развіцці, зручнае геаграфічнае становішча на скрыжаванні транспартных калідораў, развітую чыгуначную і аўтаінфраструктуру, доступ да рынку Еўразійскага эканамічнага саюза і суседніх краін. «І галоўнае — Беларусь максімальна ўлічвае пажаданні кітайскага бізнесу ў фарміраванні камфортнага дзелавога клімату, — звярнуў увагу Мікалай Снапкоў. — Наша краіна стала адной з ключавых вузлавых платформаў ініцыятывы „Адзін пояс, адзін шлях“, і мы маем намер далей узмацняць гэтую ролю, у тым ліку праз пашырэнне складской лагістычнай інфраструктуры для арганізацыі сумеснага гандлю. Нашы поспехі ў гандлёва-эканамічнай сферы будуюцца на чалавечых сувязях. Паміж рэгіёнамі Беларусі і Кітая заключаны больш за 30 пагадненняў аб супрацоўніцтве, дзейнічае ўзаемны бязвізавы рэжым, растуць турыстычныя і дзелавыя патокі». 

Шчырасць і сяброўства — галоўныя стратэгічныя рэсурсы паміж нашымі краінамі. «Мы бачым нашу будучыню не як экспарцёра і імпарцёра, а як партнёра па сумесным развіцці, абмене тэхналогіямі і выбудоўванні ўстойлівых ланцужкоў паставак ад сыравіны да гатовай прадукцыі. Беларусь гатова выступіць для кітайскага бізнесу надзейнай пляцоўкай у Еўразіі. А для беларускіх кампаній Кітай — гэта ключавы рынак росту на найбліжэйшыя дзесяцігоддзі. Запрашаю вас выкарыстоўваць форум для пераходу ад намераў да канкрэтных кантрактаў, ад разавых паставак — да доўгатэрміновых праграм, ад звычайнага гандлю — да стварэння сумесных вытворча-гандлёвых платформаў», — рэзюмаваў Мікалай Снапкоў

Намеснік Старшыні КНР Хань Чжэн у сваю чаргу падкрэсліў, што Кітай разглядае Беларусь як значнага гандлёва-эканамічнага партнёра на Еўразійскай прасторы. «Гатовыя разам з вамі і далей узмацняць прасоўванне палітычных ініцыятыў і прамысловага супрацоўніцтва, пашыраючы маштаб у такіх сферах, як абсталяванне, сельскагаспадарчая тэхніка, прадукцыя жывёлагадоўлі і хімічная прадукцыя», — канкрэтызаваў Хань Чжэн.


«Кітай — асноўны рынак для беларускай прадукцыі ў Азіяцкім рэгіёне»

Як адзначыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Якаўчыц, значная доля беларускага экспарту ў Кітай прадстаўлена сельскагаспадарчай прадукцыяй і прадуктамі харчавання: Яна складае 60 %. Кітай — асноўны рынак для беларускай прадукцыі ў Азіяцкім рэгіёне. Сёння на кітайскім рынку Беларусь — другі пастаўшчык рапсавага алею, шосты — малочнай сыроваткі і сухога малака, сёмы — замарожанай ялавічыны. Вялікай папулярнасцю таксама карыстаюцца алкагольныя напоі, шакалад і кандытарскія вырабы. 

У знешнім гандлі з Кітаем праводзіцца сістэмная работа па нарошчванні экспарту, павелічэнні колькасці акрэдытаваных у Кітай беларускіх прадпрыемстваў. «На сённяшні дзень зарэгістравана 265 дзеючых экспартных нумароў для 193 беларускіх вытворцаў харчовай прадукцыі. Сярод навінак — мука пшанічная, шматкі аўсяныя, сухія сумесі для выпякання, кашы і шматкі хуткага прыгатавання, пшанічны глютэн, соусы, дзіцячачае харчаванне з садавіны і гародніны, мёд і многае іншае», — пералічыў намеснік міністра. 

Перспектыўным бачыцца супрацоўніцтва па стварэнні сумесных вытворчасцяў па выпуску запатрабаванай на кітайскім рынку прадукцыі з беларускай сыравіны з прыцягненнем кітайскіх тэхналогій. «У стадыі рэалізацыі — беларуска-кітайскія праекты па будаўніцтве аўтаматызаваных цяплічных комплексаў, накіраваных на круглагадовае вырошчванне агародніны і ягад з выкарыстаннем перадавых агратэхналогій Кітая, — паведаміў Аляксандр Якаўчыц. — Вядзецца пошук патэнцыйных інвестараў для арганізацыі вытворчасці ўпакоўкі тыпу „тэтрапак“ у Рэспубліцы Беларусь. Мы валодаем неабходнымі кампетэнцыямі і сыравіннай базай для рэалізацыі такіх праектаў». 


«Беларусь дае свету якасць, правераную часам»

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра падтрымкі экспарту Мікалай Барысевіч у ходзе форуму звярнуў увагу на тое, што шырокі двухбаковы парадак дня дзвюх дружалюбных краін патрабуе пастаяннага ўзаемадзеяння ўсіх дыялогавых механізмаў: «Перакананы, што свой уклад у агульныя намаганні прынясе і наш форум. Мы без роздумаў адгукнуліся на прапанову кітайскага боку правесці першую экспартную сесію гасціннай Беларусі. Гэта новы крок да развіцця платформы супрацоўніцтва на ўсіх узроўнях». 

Ён падзякаваў кітайскім партнёрам, прадстаўнікам урада і дзелавых колаў за тое, што асабіста прыбылі ў Беларусь. «Гэта знак глыбокай узаемнай павагі. І, вядома, ўдзячны за вашу ініцыятыву правесці першы форум менавіта ў нас. Перакананы, што гэты давер мы ўзаемна апраўдаем», — адзначыў Мікалай Барысевіч. 

«Беларусь дае свету якасць, правераную часам. Гэта сельгастэхніка, калійныя ўгнаенні, лён, лесаматэрыялы, шырокі спектр сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання. На палях форуму каля 200 беларускіх прадпрыемстваў маюць намер прапанаваць кітайскім партнёрам беларускія тавары. І наша агульная задача — дапамагчы кантрактам адбыцца, — паведаміў Мікалай Барысевіч. — Нацыянальны цэнтр падтрымкі экспарту Беларусі якраз для гэтага і працуе. Мы суправаджаем запыты беларускага і замежнага бізнесу, шукаем пункты росту ў замежных краінах. Мы — ваш навігатар на рынках усяго свету». 

Асаблівы патэнцыял супрацоўніцтва паміж беларускімі і кітайскімі кампаніямі па лініі аграпрамысловага комплексу. «Упэўненае развіццё сельскай гаспадаркі Беларусі, высокія стандарты якасці і глыбокая перапрацоўка дазваляюць нам разлічваць на годнае месца на паліцах кітайскіх рэтэйлераў і, у канчатковым выніку, на давер кітайскага спажыўца», — рэзюмаваў кіраўнік цэнтра. 


Ад прадукцыі машынабудавання да харчавання

Акрамя ўдзелу ў форуме дэлегацыя КНР таксама азнаёмілася з багатай экспазіцыяй выстаўкі «Белагра». Хань Чжэн змог ацаніць патэнцыял беларускага машынабудавання і харчовай прамысловасці. На стэндзе ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» адбылася дэгустацыя сыроў і сырнага марожанага. ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» прэзентавала шырокую лінейку вырабленых мясных далікатэсаў.

Таксама Хань Чжэн наведаў стэнд БНБК. Прадпрыемства стваралася для глыбокай перапрацоўкі зерня з атрыманнем незаменных амінакіслот і збалансаваных камбікармоў і прэміксаў для ўсіх відаў жывёл. Праект — ідэя і даручэнне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. А магчымасць атрымаць самыя сучасныя тэхналогіі — асабістая дамоўленасць са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Паднябесная — сусветны лідар па вытворчасці ўсёй лінейкі прадукцыі.

Праграма працягнулася на адкрытай пляцоўцы выстаўкі. Намесніку Старшыні КНР прадэманстравалі магутную сельскагаспадарчую тэхніку, якая выпускаецца ў Беларусі. Дэлегацыю КНР суправаджалі першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў, намеснік Прэм’ер-міністра Юрый Шулейка, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў, міністр прамысловасці Андрэй Кузняцоў. 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ 
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю