Top.Mail.Ru

Снапкоў: Беларусь робіць упор на прамысловую і тэхналагічную кааперацыю з Кітаем

«З моцным Кітаем будзе моцная Беларусь»


Пасля сустрэчы ва ўрадзе кітайская дэлегацыя пад кіраўніцтвам Намесніка Старшыні КНР Хань Чжэнам усклала кветкі да Манумента Перамогі, ушанаваўшы памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Затым усебаковыя стратэгічныя партнёры адправіліся ў сталічны гатэль «Пекін», дзе адбылося ўрачыстае адкрыццё Беларуска-Кітайскага форуму прамысловага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва «Прамысловая кааперацыя — шлях да сумеснага развіцця». Перад стартам маштабнага форуму адбылася сустрэча першага намесніка Прэм’ер-міністра Мікалая Снапкова з кітайскай дэлегацыі, падчас якой бакі абмеркавалі далейшыя крокі ўмацавання ўсебаковага і ўсепагодняга партнёрства.

«У свеце толькі дзве краіны мэтай сацыяльна-эканамічнага развіцця ставяць павышэнне дабрабыту грамадзян»

Звяртаючыся да кіраўніка дэлегацыі КНР, першы намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў спыніўся на пяці ключавых аспектах далейшага супрацоўніцтва. «Па-першае, не магу не далучыцца да выказанага Прэм’ер-міністрам сапраўды шчырага захаплення поспехамі Кітайскай Народнай Рэспублікі. Маштаб эканамічнага развіцця, а асабліва маштаб і ўзровень павышэння дабрабыту людзей захапляе», — звярнуў увагу Мікалай Снапкоў.


Ён паведаміў, што ў аснове кітайскага шляху развіцця закладзены 5 прынцыпаў, 5 асаблівасцяў. «Прычым самая актуальная з асаблівасцяў — гэта развіццё без вайны, без рабавання, без каланізацыі. Яны фарміруюць цэласную ідэалогію развіцця чалавека ў гармоніі з прыродай і ўсеагульнай заможнасцю, — адзначыў першы віцэ-прэм’ер. — Як эканаміст эканамісту хачу сказаць: мае сціплыя даследаванні гавораць пра тое, што ў свеце толькі дзве краіны мэтай сацыяльна-эканамічнага развіцця ставяць павышэнне дабрабыту грамадзян. Гэта Кітай і Беларусь. Менавіта гэта нас, перш за ўсё, аб’ядноўвае». 

«Магутны палітычны сігнал Прэзідэнта па паглыбленні прыкладнога супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай»

Другі аспект, на які звярнуў увагу першы віцэ-прэм’ер, — у новы пяцігадовы цыкл развіцця Беларусь і Кітай уваходзяць з сугучнымі стратэгічнымі мэтамі: якасць жыцця чалавека, суверэнітэт, тэхналагічная самадастатковасць і незалежнасць, высокатэхналагічная індустрыялізацыя.

«Агульная логіка нашых праграм — якасны рост праз развіццё прадукцыйных сіл у новай якасці і забеспячэнне ўстойлівасці сацыяльных сістэм. Я спецыяльна пазначыў гэтыя аспекты ідэалогіі нашага развіцця, таму што яны падкрэсліваюць, па-першае, што мы рухаемся па адным шляху, па-другое — мы сапраўды сумесна развіваемся, па-трэцяе — у нас аднолькавыя мэты дасягнення развіцця».


З гэтага, па словах Мікалая Снапкова, выцякае трэці аспект. «Адным з галоўных прыярытэтаў супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі на бліжэйшы час з’яўляецца менавіта прамысловая і тэхналагічная кааперацыя. Летась кіраўнікі нашых краін прынялі рашэнне аб правядзенні Гадоў прамысловай кааперацыі Беларусі і Кітая. Для нас гэта перш за ўсё практычны інструмент паглыблення ўзаемадзеяння».

Па словах Мікалая Снапкова, упор менавіта на прыкладную прамыслова-тэхналагічную кааперацыю з Кітаем, кітайскімі кампаніямі зроблены і ў абноўленай Дырэктыве Прэзідэнта «Аб практычным напаўненні ўсепагодняга і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Рэспублікі Беларусь ў Кітайскай Народнай Рэспублікай». «Усім дзяржорганам і прадпрыемствам пастаўлены канкрэтныя задачы па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з кітайскімі партнёрамі і на аснове кітайскіх тэхналогій, — канрэтызаваў першы намеснік Прэм’ер-міністра. — Ні з адной краінай свету падобных дырэктыў няма, толькі з Кітаем. Гэта магутны палітычны ўнутраны сігнал Прэзідэнта нашай краіны па паглыбленні прыкладнога супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай».


Беларускі бок разлічвае на вельмі актыўную работу па рэалізацыі пастаўленых задач сумесна з кітайскімі сябрамі. «Асноўная роля тут, на мой погляд, адводзіцца чатыром сумесным інстытутам, якія фарміруюць адзіны парадак дня і нацэленасць на вынік, падкрэсліў першы намеснік Прэм’ер-міністра. — Гэта створаная ў мінулым годзе Камісія па прамысловым супрацоўніцтве, рабочая група па развіцці індустрыяльнага парку паміж Міністэрствам камерцыі Кітая і Міністэрствам эканомікі Беларусі, сумесны Камітэт па паслугах і інвестыцыях і рабочая група па спрашчэнні такой працэдуры».

Мікалай Снапкоў падкрэсліў, што інстытуты і інфраструктура створаны, таму бакі павінны актыўна працаваць у рамках створаных кампетэнцый паміж урадамі нашых краін.

«Беларусь гатова стаць неад’емнай часткай доўгатэрміновай зоны стратэгічных інтарэсаў Кітая ў заходняй Еўразіі»

Чацвёрты аспект, па словах першага віцэ-прэм’ера, выцякае з першых трох. «Беларусь гатова не проста быць партнёрам, а стаць неад’емнай часткай доўгатэрміновай зоны стратэгічных інтарэсаў Кітая ў заходняй Еўразіі, — звярнуў увагу ён. — Безумоўная шматгадовая палітычная стабільнасць, развітая прамысловая база, кваліфікаваныя кадры, адсутнасць карупцыйных рызык робяць Беларусь найбольш годнай пляцоўкай для актыўнага кітайскага інвеставання».

Наш Прэзідэнт ужо больш за 30 гадоў выразна гаворыць аб тым, што Беларусь — гэта пляцоўка для ўваходу кітайскіх прадпрыемстваў з мэтай сумеснага прамысловага развіцця. «Цяпер гэта яшчэ больш актуальна, — падкрэсліў Мікалай Снапкоў. — Перш за ўсё, з гэтай мэтай быў створаны і паспяхова функцыянуе наш сумесны Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк „Вялікі камень“, як жамчужына ў шаўковым шляху. І менавіта работа парка пацвярджае неабходнасць стратэгічнага разглядання Беларусі як пляцоўкі прымянення сваіх тэхналогій і вытворчасцяў. Як гэта ні дзіўна, менавіта ў санкцыйныя гады (2020-2025), найбольшую колькасць зарэгістраваных рэзідэнтаў штогод мы назіралі ў парку ў параўнанні з папярэднімі пяцігодкамі».

«Шчырае стаўленне да Кітая пранізвае ўсю краіну: ад Прэзідэнта да супрацоўніка завода»

Пяты аспект — з улікам 35-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін у наступным годзе прапануецца сумесна распрацаваць адзіны двухбаковы план мерапрыемстваў у гонар гэтай знамянальнай даты. Беларускі бок забяспечыць сістэмную каардынацыю па яго рэалізацыі. «Вельмі спадзяёмся, што час, праведзены ў Беларусі, падорыць вам магчымасць адчуць яе атмасферу: спакой, чысціню, парадак, сардэчнасць, шчырасць і імкненне да сумеснага развіцця, — адзначыў Мікалай Снапкоў. — Сёння вы звярнулі ўвагу на сяброўскую шчырасць Прэм’ер-міністра. Запэўніваю вас, што шчырае стаўленне да Кітая пранізвае ўсю краіну: ад Прэзідэнта да супрацоўніка завода. Вы адзначылі на сустрэчы з Прэм’ер-міністрам тое, што сутнасць Камуністычнай партыі Кітая — гэта выгада для насельніцтва. Сутнасць нашага сумеснага развіцця з Кітаем — гэта стварэнне камфортных умоў, стварэнне выгады для насельніцтва Беларусі і росту яго дабрабыту. Ёсць фраза, якую ведае ўся краіна — яна была сказаная Прэзідэнтам: «З моцным Кітаем будзе моцная Беларусь», — прывёў у завяршэнне словы беларускага лідара Мікалай Снапкоў.

«Пад стратэгічным кіраўніцтвам лідараў нашых краін двухбаковыя адносіны бесперапынна развіваюцца»

У сваю чаргу Намеснік Старшыні КНР Хань Чжэн пагадзіўся з меркаваннем Мікалая Снапкова па развіцці кітайска-беларускіх адносін. Ён таксама выказаў шчырую ўдзячнасць беларускаму ўраду за дбайную арганізацыю і сардэчны прыём: «Гэта мой першы візіт у вашу краіну, толькі некалькі гадзін знаходжуся тут, але ўжо шчыра адчуваю ўсепагоднае дружалюбнае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, а таксама сімпатыю вашага народа да кітайскага боку»

«Кітай і Беларусь — гэта даверныя, добрыя сябры, даўнія сябры і надзейныя партнёры. Пад стратэгічным кіраўніцтвам лідараў нашых краін двухбаковыя адносіны бесперапынна развіваюцца, а шматпланавае супрацоўніцтва дае адчувальныя вынікі», — адзначыў Хань Чжэн.


Ён падкрэсліў бесперапыннае развіццё двухбаковых адносін. «У мінулым годзе кіраўнікі нашых дзяржаў два разы сустракаліся. Яны намецілі новы грандыёзны план для развіцця кітайска-беларускіх адносін у новую эпоху, — паведаміў Намеснік Старшыні КНР. — Мэта майго візіту заключаецца ў рэалізацыі важных дамоўленасцяў на вышэйшым узроўні і ўмацаванні нашага палітычнага ўзаемадаверу, паколькі палітычны ўзаемадавер і стратэгічныя кантакты для нас маюць вельмі важнае значэнне».

«Беларусь і Кітай ужо выбудавалі магутную інстытуцыйную аснову для кааперацыі»

Пасля сустрэчы бакі прынялі ўдзел у Беларуска-Кітайскім форуме прамысловага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва «Прамысловая кааперацыя — шлях да сумеснага развіцця».

Мікалай Снапкоў адзначыў: «Наша шматгадовае сяброўства адужэла, саспела і стала найкаштоўнейшым актывам, які мы можам прымножыць, пераходзячы да наступнага этапу — паглыблення прамысловай кааперацыі».

Сёння гавораць ужо не проста аб інвестыцыях, а аб новай якасці ўзаемадзеяння партнёраў: ад асобных праектаў — да будаўніцтва агульнай індустрыяльнай прасторы будучыні. Гэта азначае пераход ад разавых здзелак да альянсаў, ад простага гандлю да інтэграцыі вытворчых ланцужкоў і абмену тэхналогіямі і кампетэнцыямі. Як гаворыць кітайская мудрасць, адзін ідзеш хутчэй, а ўдваіх — ідзеш далей.

«Беларусь і Кітай ужо выбудавалі магутную інстытуцыйную аснову для кааперацыі. У 2023 годзе падпісана комплексная стратэгія сумеснага прамысловага развіцця і зацверджаны дэталізаваны план з дзясяткаў праектаў з прыцягненнем кітайскіх тэхналогій. У 2026 годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прыняў абноўлены планавы нарматыўна-прававы акт па практычным напаўненні супрацоўніцтва з Кітаем на бліжэйшыя пяць гадоў. Гэты і наступны год краіны абвясцілі Гадамі прамысловай кааперацыі», — звярнуў увагу першы віцэ-прэм’ер.

«Наша гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва мае плённы і дынамічны характар»

Намеснік старшыні КНР Хань Чжэн агучыў шэраг прапаноў па развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю. У ліку перспектыўных напрамкаў ён назваў сельскую гаспадарку, машынабудаванне, медыцыну, лічбавізацыю, штучны інтэлект, новыя матэрыялы. «Гатовыя павялічваць гандаль сельгаставарамі і машынабудаўнічай прадукцыяй, пашыраць прамысловае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Ва ўмовах высокай узаемадапаўняльнасці прамысловых сістэм нашых краін адкрываюцца шырокія перспектывы для ўзаемадзеяння ў галіне прамкааперацыі», — адзначыў ён.


Беларусь і Кітай — сапраўдныя сябры і добрыя партнёры. «Адносіны паміж краінамі захоўваюць высокую дынаміку. Наша гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва мае плённы і дынамічны характар», — звярнуў увагу Намеснік Старшыні КНР.

Растуць і аб’ёмы ўзаемнага гандлю, эфектыўна працуе Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». «На фоне тэктанічных зрухаў у вельмі турбулентным свеце Кітай гатовы і далей выбудоўваць адносіны з беларускімі калегамі ў духу шчырасці і ўзаемнага даверу і няўхільна рэалізоўваць важныя дамоўленасці лідараў дзвюх краін. Спадзяюся на яшчэ больш дынамічнае развіццё ўсебаковага і ўсепагоднага стратэгічнага партнёрства на карысць нашых народаў», — рэзюмаваў Хань Чжэн.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю