Беларускія біятланісты засталіся без медалёў у спрынце на трэцім этапе Кубка Садружнасці, які стартаваў у Чайкаўскім Пермскага краю, паведамляе БелТА.
Праграму этапу адкрыў мужчынскі спрынт на 10 кіламетраў. Удзел у гонцы прынялі 90 біятланістаў, у тым ліку 14 беларусаў. Лепшым з нашых хлопцаў стаў Антон Смольскі — лідар нацыянальнай каманды дапусціў адзін промах на двух агнявых рубяжах і паказаў на фінішы шосты час. Дзякуючы гэтаму выніку Смольскі ўзначаліў агульны залік Кубка Садружнасці. Тройку прызёраў гонкі склалі расіяне Эдуард Латыпаў, Яўген Сідараў і Данііл Серахвастоў.
Дзясятку наймацнейшых замкнуў наш Сцяпан Данілаў, які быў бездакорны на стральбе. Максім Варабей заняў 26-е месца, Глеб Арлоўскі — 28-е, Аляксандр Голяк стаў 31-м, Мікіта Лабастаў размясціўся следам. Іван Тулацін — 56-ы, Андрэй Гаўрош — 61-ы, Аляксей Логвінаў — 62-і, Ілья Аўсеенка — 68-ы, Павел Бялько — 72-і, Дзяніс Яромаў — 75-ы, Канстанцін Бабураў — 78-ы, Віталь Казачонак — 79-ы, Дзмітрый Лазоўскі не выступіў. Жаночы спрынт стартуе ў 11:30.