Беларуская біятланістка Дзінара Смольская спынілася за крок ад узнагарод у жаночым спрынце на пятым этапе Кубка Садружнасці—2025/26 у Сочы, паведамляе БелТА.
Удзел у жаночай спрынтарскай гонцы прынялі 47 біятланістак. На першым агнявым рубяжы Смольская дапусціла адзін промах і мела дзясяты графік, а на стральбе стоячы справілася без памылак. На фінішы Дзінара паказала чацвёрты вынік, саступіўшы ў спрэчцы за бронзу расіянцы Наталлі Шаўчэнка дзевяць секунд. Перамогу атрымала Анастасія Халілі, другое месца заняла лідар агульнага заліку Крысціна Разцова.
Усяго на старт спрынту выйшлі восем прадстаўніц Беларусі. Ірына Шаклеіна стала 12-й, Ганна Сола размясцілася ўслед за ёй, Ксенія Варабей — 22-я, Алена Кулак — 34-я, Аліна Зайцава — 40-я, Вікторыя Шашкова — 43-я, Ганна Песцерава — 45-я. Раней у гэтым жа відзе праграмы ў мужчын наш Максім Варабей замкнуў дзясятку найлепшых, а Антон Смольскі стаў 15-м.
Праграму пятага этапу Кубка Садружнасці па біятлоне ў Сочы працягнуць гонкі праследавання. Мужчынскі пасьют стартуе заўтра ў 11.00, жанчыны выйдуць на дыстанцыю ў гадзіну дня. 13 лютага ў спартсменаў будзе дзень адпачынку, а ў суботу адбудуцца гонкі з масавым стартам. На 15 лютага запланаваныя камандныя спрынты.