Дырэктар Смілавіцкага дзяржаўнага каледжа Арцём Крывапуст падкрэслівае: сучасныя дасягненні ўстановы маюць глыбокія гістарычныя карані. Падмурак каледжа быў закладзены яшчэ ў 1938 годзе, калі была створана Смілавіцкая школа механізацыі сельскай гаспадаркі.
За дзесяцігоддзі ўстанова неаднаразова змяняла аблічча і статус, а ў 2022-м атрымала сучасную назву — Смілавіцкі дзяржаўны каледж.
Дзе вучаць меліяратараў?
Сёння каледж — гэта шматпрофільная ўстанова з развітай інфраструктурай. У яго структуру ўваходзяць цэнтр кампетэнцый, навучальна-вытворчыя майстэрні, лабараторыі, аўтадром, бібліятэка, сталовая, два інтэрнаты, спартыўная база і іншыя падраздзяленні, неабходныя для якаснай падрыхтоўкі кадраў. Тут рэалізуюцца адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі па шасці запатрабаваных спецыяльнасцях — ад тэхнічнага забеспячэння сельскагаспадарчых, дарожна-будаўнічых і меліярацыйных работ да грамадскага харчавання і гандлёвай справы.
На сёння ў каледжы названыя спецыяльнасці атрымліваюць 497 чалавек.
За апошнія пяць гадоў тут падрыхтавана 626 кваліфікаваных рабочых, і ўсе выпускнікі былі забяспечаны рабочым месцам. Установа цесна супрацоўнічае з шасцю базавымі арганізацыямі-заказчыкамі кадраў, сярод якіх сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і буйныя вытворчыя структуры.
Асаблівым гонарам каледжа з’яўляецца цэнтр кампетэнцый у галіне сельскай гаспадаркі і меліярацыі, які працуе з 2007-га. Толькі ў мінулым годзе тут прайшлі навучанне 835 чалавек з устаноў прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама студэнты вышэйшых навучальных устаноў. Цэнтр таксама з’яўляецца пляцоўкай для дадатковай адукацыі дарослых і павышэння кваліфікацыі.
Матэрыяльна-тэхнічная база каледжа пастаянна абнаўляецца. За апошнія гады аўтатрактарны парк папоўніўся сучаснай тэхнікай, у тым ліку трактарамі «Беларус», камбайнам, пагрузчыкамі і аўтамабілем МАЗ. Значныя інвестыцыі накіроўваюцца і на развіццё цэнтра кампетэнцый.
Не застаецца без ўвагі і выхаваўчая работа. У каледжы дзейнічае 19 аб’яднанняў па інтарэсах, якімі ахоплены больш за 220 вучняў. Забяспечаны камфортныя ўмовы пражывання ў інтэрнатах, арганізавана якаснае харчаванне, створаны магчымасці для заняткаў спортам і творчасцю.
Як адзначае намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Андрэй Аляксюк, Смілавіцкі дзяржаўны каледж сёння — гэта спалучэнне багатай гісторыі, сучасных адукацыйных тэхналогій і выразнай арыентацыі на патрэбы эканомікі. Менавіта гэта дазваляе ўстанове ўпэўнена глядзець у будучыню і рыхтаваць кадры, запатрабаваныя часам.
У бліжэйшай перспектыве, як адзначыў Андрэй Аляксюк, каледж плануе асвойваць і новыя тэхналогіі — у тым ліку выкарыстанне аградронаў. Гэта адкрывае магчымасці для навучання элементам дакладнага земляробства і лічбавага аграменеджменту. Такім чынам, будучыя трактарысты-машыністы паступова трансфармуюцца ў высокакваліфікаваных аператараў-тэхнолагаў, здольных працаваць з «разумнай» тэхнікай і сучаснымі сістэмамі кіравання.
Вопыт і дысцыпліна
Выкладчыца Смілавіцкага дзяржаўнага каледжа Ірына Яўгенаўна Сацура працуе ва ўстанове з 1993 года. За больш як тры дзесяцігоддзі педагагічнай дзейнасці яна прайшла шлях ад спецыяліста сферы грамадскага харчавання да настаўніка, які перадае свой практычны і тэарэтычны досвед маладым людзям.
Асноўнай задачай у сваёй працы Ірына Сацура лічыць фарміраванне ў навучэнцаў разумення выбранай прафесіі. Паводле яе слоў, важна не толькі даць веды, але і зацікавіць, паказаць значнасць і магчымасці прафесіі. Асобны акцэнт робіцца на выхаванні дысцыпліны і адказнасці — якасцяў, без якіх немагчыма стаць сапраўдным прафесіяналам.
Практычная падрыхтоўка вучняў працягваецца на этапе вытворчай практыкі. Напрыканцы навучання яны праходзяць яе на прадпрыемствах грамадскага харчавання — у арганізацыях, якія выступаюць заказчыкамі кадраў. Апошнія гады практыка ўсё часцей праходзіць там, дзе выпускнікі ў далейшым будуць працаваць па размеркаванні, што дазваляе лепш адаптавацца да рэальных умоў вытворчасці.
Для Ірыны Сацура праца ў Смілавіцкім дзяржаўным каледжы — гэта не проста прафесія, а значная частка жыцця. Яна падкрэслівае важнасць дружнага і вопытнага калектыву, а таксама ўзаемаразумення з вучнямі. Менавіта ўменне наладзіць кантакт з моладдзю, пачуць і зацікавіць яе, выкладчыца лічыць адным з галоўных складнікаў паспяховай педагагічнай працы.
Галоўнае — практыка
Трэцякурснік каледжа Мікіта Данілевіч асвойвае прафесію трактарыста-машыніста. Паводле яго слоў, выбар навучальнай установы быў абумоўлены шырокім спектрам прафесійнай падрыхтоўкі: у каледжы можна атрымаць навыкі работы не толькі з трактарамі, але і з экскаватарамі і пагрузчыкамі.
Цікавасць да тэхнікі ў Мікіты яшчэ з дзяцінства, таму навучанне даецца лёгка. Асабліва яму падабаецца практыка, а таксама прафесійныя дысцыпліны. Хлопец адзначае падтрымку з боку выкладчыкаў і адміністрацыі каледжа — у выпадку неабходнасці заўсёды можна звярнуцца па параду або дапамогу, і пытанні аператыўна вырашаюцца.
Яшчэ адзін суразмоўца, амаль ужо выпускнік Данііл Шыбалка таксама асвойвае прафесію трактарыста-машыніста. Асаблівую цікавасць у Данііла выклікаюць сучасныя трэнажоры, якія выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе.
Навучанне, паводле слоў Данііла, даецца лёгка, пры гэтым застаецца цікавым. Асаблівую ролю адыгрывае практычная падрыхтоўка: заняткаў па рабоце з тэхнікай дастаткова, выкарыстоўваецца сучасная машынная база.
Трэцякурсніца Вікторыя Жыляніна асвойвае прафесіі кухара і кантралёра-касіра. Выбар навучальнай установы быў зроблены па рэкамендацыі знаёмых, якія раней ужо атрымлівалі тут адукацыю і засталіся задаволенымі. Аб сваім рашэнні дзяўчына не шкадуе.
Вікторыя адзначае падтрымку з боку выкладчыкаў і адміністрацыі каледжа, гатоўнасць дапамагчы ў любой сітуацыі. Яна пражывае ў інтэрнаце калідорнага тыпу, дзе нядаўна быў праведзены сучасны рамонт: абсталяваны душавыя на кожным паверсе, створаны гульнявы пакой з тэлевізарам і гульнявымі прыстаўкамі. Асобна вучаніца падкрэслівае якасць бясплатнага харчавання ў сталовай.
У будучыні Вікторыя бачыць сябе шэф-кухарам — гэта яе мара з дзяцінства. Пасля заканчэння каледжа плануе прайсці абавязковую адпрацоўку. Найбольш значным і карысным этапам навучання за тры гады яна лічыць менавіта вытворчае навучанне — бо толькі на практыцы можна адчуць, што такое сапраўдныя працоўныя будні.
Міхаіл Данілковіч
Фота дадзена каледжам