Top.Mail.Ru
169

Следчы СК Ксенія Яцушкевіч расказала за што любіць сваю прафесію

Абараняць інтарэсы і правы людзей, адстойваць справядлівасць

Менавіта за гэта цэніць і любіць сваю прафесію следчы Савецкага (г. Мінска) раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Ксенія Яцушкевіч. За той час, што яна працуе ў следчых органах, яна ні разу не ўсумнілася ў выбары сваёй прафесіі.

Па словах Ксеніі Яцушкевіч, мара аб службе ў праваахоўных органах да яе прыйшла яшчэ ў школьныя гады. І хоць у сям’і прафесійных юрыстаў раней не было, яна не раздумваючы паступіла на юрыдычны факультэт, пасля чаго прыйшла на работу ў Следчы камітэт.

— Падчас вучобы ва ўніверсітэце мне давялося праходзіць практыку і ў пракуратуры, і ў Следчым камітэце, — расказвае Ксенія Леанідаўна. — У выніку я выбрала менавіта Следчы камітэт, бо хацелася ажыўленай, дынамічнай дзейнасці.

У працэсе работы ёй даводзілася расследаваць нямала цікавых і складаных спраў. У асноўным яны звязаны з маёмаснымі злачынствамі. Іх паспяховае завяршэнне дастаўляе ёй як прафесіяналу сапраўднае задавальненне. І асабліва радуе, калі па выніках суда пацярпелыя ад усёй душы дзякуюць дзяўчыне за паспяховае раскрыццё злачынства.

Так, у 2023 годзе Ксенія Яцушкевіч распачала следчыя дзеянні ў дачыненні да 27-гадовага мужчыны, які ў Інтэрнэце пазнаёміўся з маладой жанчынай. Была спроба завязаць адносіны, але жанчына адпрэчыла ўвагу ад свайго назойлівага прыхільніка, спыніла перапіску і змяніла нумар мабільнага тэлефона.

Пасля гэтага прыхільнікам авалодала прага помсты. Ён выкупіў у мабільнага аператара ранейшы нумар «каханай», актываваў усе яе сацыяльныя сеткі, дзе пачаў размяшчаць ганебную інфармацыю пра жанчыну. Яна вымушана была звярнуцца ў праваахоўныя органы, пасля чаго была ўзбуджана крымінальная справа. Расследаванне ішло два месяцы, і ў выніку, згодна з рашэннем суда, помслівы мужчына павінен выплаціць буйны грашовы штраф. Гэта было ў самым пачатку прафесійнай кар’еры Ксеніі Леанідаўны.

— Прызнаюся, што у мяне ёсць вялікае жаданне працягнуць вучобу і атрымаць другую вышэйшую адукацыю — эканамічную, — падзялілася планамі следчы. — Лічу, што мне як прафесіяналу неабходна ўдасканальвацца, каб хутка і якасна расследаваць крымінальныя справы эканамічнай і карупцыйнай накіраванасці. Ну і, вядома, буду працаваць далей у Следчым камітэце, бо ў нас у аддзеле выдатны калектыў, у якім, дарэчы, нямала жанчын.

Сяргей Ручанаў

Фота групы па інфармацыі і сувязі з грамадскасцю УСК па г. Мінску


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю