Top.Mail.Ru

«Славянскі базар» пройдзе 10 —13 ліпеня

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 красавіка падпісаў распараджэнне аб правядзенні XXXІV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». У 2025 годзе ён пройдзе ў перыяд з 10 да 13 ліпеня, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.


З улікам існуючай практыкі дзяржаўнай падтрымкі мерапрыемства для яго арганізатараў і ўдзельнікаў прадугледжаны асобныя льготы і прэферэнцыі.

У прыватнасці, для гасцей фестывалю з 71 дзяржавы ў перыяд з 4 да 20 ліпеня 

2025 года ўстаноўлены бязвізавы парадак уезду ў Беларусь, часовага знаходжання і выезду з краіны.

Пропускам для бязвізавага перасячэння дзяржаўнай граніцы для замежных грамадзян будзе арыгінальны або электронны білет на мерапрыемствы фестывалю, што праводзяцца ў Летнім амфітэатры або канцэртнай зале «Віцебск». Па адным арыгінальным або электронным білеце дапускаецца аднаразовы ўезд у Беларусь аднаго замежнага грамадзяніна не пазней за дату правядзення названага ў білеце мерапрыемства.

Распараджэннем кіраўніка дзяржавы таксама актуалізаваны склад арганізацыйнага камітэта па правядзенні XXXІV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Глеб Лапіцкі, член Савета Рэспублікі, дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», патлумачыў «Звяздзе»:

— ХХХІV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» сёлета пройдзе з 10 да 13 ліпеня, аднак яго праграма пачнецца крыху раней. Ужо з 8 ліпеня на многіх пляцоўках горада на Дзвіне стартуюць фестывальныя мерапрыемствы. Акрамя традыцыйных пляцовак — Летняга амфітэатра, канцэртнай залы «Віцебск» і іншых — сёлета мы абавязкова парадуем нашага гледача новай, якая стане прыемным дапаўненнем да шасцітысячнай залы амфітэатра.

Жыхароў і гасцей паўночнага рэгіёна чакаюць вялікая колькасць сцэнічных пляцовак, жанраў мастацтва, і, вядома, любімая праграма фестывалю: гэта і «Тэатральныя сустрэчы», і філарманічная праграма, і «Лялечны квартал». Мы таксама запусцім новы адукацыйны праект для моладзі «Тэрыторыя старту», які будзе праходзіць на базе ўстаноў адукацыі нашага горада і дапаможа маладым музыкантам праявіць сябе.

Добрай традыцыяй форуму мастацтва стала магчымасць наведаць яго без візы. 2025 год не стане выключэннем для гасцей і ўдзельнікаў фестывалю. Каб скарыстацца такой магчымасцю, трэба мець арыгінальны або электронны білет на мерапрыемствы ў Летнім амфітэатры або канцэртнай зале «Віцебск», адзін білет гарантуе аднаразовы ўезд не пазней за дату правядзення мерапрыемства, якая пазначана на білеце.

На гэтым тыдні будзе апублікавана ўся праграма фестывалю, у першыя дні ўжо стануць вядомымі мерапрыемствы на пляцоўцы амфітэатра і канцэртнай залы, пасля мы раскрыем галоўную інтрыгу — нарэшце раскажам пра новую пляцоўку. Абяцаем да пятніцы праінфармаваць нашага гледача аб усіх праектах і канцэртах, каб зноў сустрэцца ў фестывальным Віцебску ўжо зусім хутка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю