Аматары творчасці знакамітага рускага жывапісца Ільі Рэпіна, калі ўзнікне неабходнасць, без асаблівых цяжкасцей прыгадаюць найбольш вядомыя яго творы, назваўшы «Іван Грозны і сын яго Іван», «Бурлакі на Волзе», «Запарожцы пішуць пісьмо турэцкаму султану», «Дзяржаўны савет», «Хрэсны ход у Курскай губерні», а таксама іншыя, што ўвайшлі ў залаты фонд мастацтва.
Безумоўна, з гонарам згадаюць, наколькі плённай стала для Ільі Яфімавіча беларуская зямля. У сваёй сядзібе Здраўнёва непадалёк ад Віцебска ён стварыў больш за 40 карцін і малюнкаў, сярод якіх і такія знакавыя, як «Асенні букет», «Месячная ноч», «Дуэль» і, вядома ж, «Беларус», пры напісанні якога яму пазіраваў селянін Сідар Шаўроў, чые нашчадкі па сёння жывуць у гэтай мясцовасці.
Аднак нямногія здагадваюцца, што ўвекавечыў Ілья Рэпін і аднаго з ураджэнцаў Гродна. Маецца на ўвазе эцюд да яго карціны «Уваскрашэнне дачкі Іаара», якая, між іншым, стаўла для яго творчага лёсу вызначальнай. За яе атрымаў Вялікі залаты медаль, што даваў права на паездку за мяжу за кошт казны. Гэта і стала пачаткам яго мастакоўскай кар’еры.
У аснову гэтага твора пакладзены адзін з евангельскіх сюжэтаў. Як і шмат якія іншыя з Бібліі, ён паказвае тыя цуды, якія звязаны з дзейнасцю Ісуса. У аснову гэтага пакладзена смерць дванаццаці гадовай дачкі правіцеля мясцовай сінаногі Іаара з Капернаума. Гісторыя, што адбылася з ёю, як і іншыя, нясе ў сабе прытчавы пачатак. Бацька ў роспачы ад таго, што не змог уратаваць сваю крывінку, якая толькі ўваходзіла ў жыццё. Яна ляжыць у белай апратцы на ложку. Ды высвятляецца, што Іаар дарма гаруе. Спачатку не здагадваецца, што Ісус таму і дазволіў ёй памерці, бо ведаў, што адразу прыйдзе на дапамогу. Уваскрасіўшы яе з мёртвых, не толькі яшчэ адно дабро зрабіў, але адначасова і сябе праславіў, засведчыўшы, што для яго нічога немагчымага няма.
Ці доўга Ілья Яфімавіч шукаў прататыты гэтай дзяўчыны, звестак я не адшукаў. Магчыма, і адразу выйшаў на варыянт, які яго задаволіў. Рашэнне, як аказалася, вельмі нечаканае. Дзяўчынкай стаў... хлапчук. Адна з прычын, бадай, у тым, што знешне падыходзіў. Меў смуглявы твар. Ды і па ўзросце дакладна адпавядаў. Яму на той час было таксама дванаццаць гадоў. Прататыпам дачкі Іаара стаў будучы скульптар, педагог, мастацкі крытык, мемуарыст Ілья Гінцбург, па нараджэнні Эліяш (Элтас) Гінзбург.
Нарадзіўся ён 27 мая 1859 года ў Гродне, але маленства прайшло ў Вільні.
Станаўленне яго як мастака адбылося дзякуючы вядомаму скульптару яўрэйскага паходжання Марку Антакольскаму. Ён рана заўважыў талент Ільі, а ў 1870 годзе, па іншых звестках — у 1871-м, забраў да сябе ў Санкт-Пецярбург. Спачатку Ілья Гінцбург навучаўся ў яго майстэрні. Пасля разам падарожнічалі па Італіі.
Вярнуўшыся, Ілья Гінцбург скончыў рэальнае вучылішча і ў 1878 годзе паступіў на скульптурнае аддзяленне Імператарскай Акадэміі мастацтваў. Выкладчыкамі яго сталі вядомыя майстры гэтага жанру Аляксандр фон Бок, Мікалай Лавярэцкі, Іван Падазераў. Вучань, таленту не пазбаўлены, аказаўся вартым сваіх настаўнікаў. Малы залаты медаль і званне класнага мастака 1-й ступені атрымаў за работу «Плач прарока Іерэміі на развалінах Іерусаліма» — адно з пацвярджэнняў таго, што ў жанры скульптуры ён знайшоў сваё прызванне.
Ілья Рэпін «Партрэт І. Я. Гінцбурга» (эцюд для карціны «Уваскрашэнне дачкі Іаіра»), 1871 г.
Аднак, аддаючы належнае згаданым вышэй выкладчыкам, таму, як шмат яны дапамаглі Ілью Гінцбургу, ніяк нельга забываць тую вялікую ролю, якую адыграў у яго росце, а таксама важкім ўнёску ў стыль акадэмізму, Марк Антакольскі.
Па меркаванні Ільі Гінцбурга, Марк Антакольскі «першы скульптар-яўрэй, які дзякуючы свайму выдатнаму таленту набыў вялізную вядомасць і сусветную славу. Яго дараванне ўяўляе выключную з’яву ў гісторыі інтэлектуальнага жыцця яўрэяў: ён першы абвергнуў старую легенду аб тым, што яўрэі не здатныя да скульптуры; разам з ім з’явілася цэлая плеяда таленавітых яўрэяў, якія сталі займацца скульптурай з гэтакім жа поспехам, як і іншымі мастацтвамі». Ілья Гінцбург якраз і належыць да гэтай таленавітай плеяды.
Марк Антакольскі — гэта, канешне, скульптура «Іван Грозны», помнік Пятру І для палаца ў Пецяргофе, а таксама копіі, устаноўленыя ў Архангельску і Таганрогу, выява «Нестар-летапісец».
Набыткі Ільі Гінцбурга, магчыма, у нечым і менш значныя. Але яны таксама знакавыя. Як выбар аб’ектаў скульптурнага адлюстравання, так і, безумоўна, мастацкай дасканаласці. Вучань працягваў заставацца годным свайго настаўніка. Стварыў помнікі Мікалаю Гогалю ў Сарочынцах, Івану Айвазоўскаму ў Феадосіі, Аляксандру Пушкіну ў Кацярынаслаўлі. Працаваў і як майстар малой пластыкі: статуэткі Івана Шышкіна, Ільі Рэпіна, Васіля Сурыкава, Льва Талстога, Дзмітрыя Мендзялеева і іншых. Удзельнічаў у ажыццяўленні плана манументальнай прапаганды.
Язэп ЛІТВІНОВІЧ