Па вялікім рахунку, еўрапейцы і не хавалі: энергетычны пераход будзе дарагім і балючым. Толькі непрыемныя адчуванні будуць вар'іравацца ў залежнасці ад краіны, яе тэхналагічнага развіцця, фінансавых магчымасцяў і іншых фактараў. Іншае пытанне, калі пачыналася чахарда з дэкарбанізацыяй, меркавалася, што асноўны фінансавы цяжар удасца перакласці на гандлёвых партнёраў праз розныя хітрыя механізмы фіскальнай нагрузкі, у прыватнасці трансгранічнага падатку на выкіды СО2. Але не атрымалася. І даводзіцца несці самім увесь цяжар энергетычнай трансфармацыі. У адных еўрапейскіх рэгіёнах працэс праходзіць больш стабільна, у іншых спараджае высокую энергетычную інфляцыю ў спажывецкім сектары. Напрыклад, у Польшчы ў гэты ацяпляльны сезон у залежнасці ад рэгіёна цяпло ў дамах падаражэла да 80 %.
У гісторыі цывілізацыі энергетычныя пераходы здараліся неаднаразова: з дроў — на вугаль, з вугалю — на нафту і яе вытворныя, потым наступіла эра ядзернай энергетыкі... Але ні адна трансфармацыя не з’яўлялася татальнай: старыя віды паліва заставаліся ў энергабалансе. Проста іх доля зніжалася. Драўніна нават цяпер не сышла з парадку дня. Таму еўрапейская ідэя поўнай дэкарбанізацыі эканомікі ў цэлым і энергетыкі ў прыватнасці выглядала валюнтарысцкай з самага пачатку. І цяпер еўрапейцы разграбаюцца самі са сваёй зялёнай канцэпцыяй. Але ў Польшчы гэтая авантура легла на сістэмныя энергетычныя складанасці з вялікім сацыяльна-эканамічным падтэкстам.
Справа ў тым, што польская энергетыка трымалася на двух кітах — газе, які ў аснове сваёй імпартаваўся з СССР, а затым — Расійскай Федэрацыі, і вугальных ЦЭЦ: сыравіну для іх здабывалі з уласных радовішчаў. Але з пашырэннем здабычы нафты і газу, развіццём ядзернай энергетыкі вугаль стаў не самым перспектыўным відам паліва з-за высокага сабекошту здабычы. Адны краіны паступова зніжалі здабычу, закрывалі шахты, зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці. Праўда, даводзілася сутыкацца з незадаволенасцю шахцёраў і насельніцтва вугальных басейнаў, для якіх шахты з’яўляліся крыніцай існавання. У свой час Маргарэт Тэтчэр ледзь не ваеннае становішча ў такіх рэгіёнах уводзіла: сацыяльны пратэст зашкальваў.
Другая стратэгія — даціраваць стратную здабычу, каб пазбегнуць сацыяльных і, такім чынам, палітычных рызык. Па гэтым шляху пайшла Польшча. Праўда, яна паступова скарачала і інвестыцыі, і аб’ёмы галіны, развіваючы газавую энергетыку, якая ў пэўны момант пазбавілася сыравіны з-за абмежаванняў на пастаўкі расійскага газу і нафты. У нейкай ступені свой вугаль стаў выратаваннем у пачатку 2020-х, калі ЕС сутыкнуўся з жорсткім дэфіцытам энерганосьбітаў і фенаменальна высокімі цэнамі на іх. Тады нават Германія, змагарка за ўсё зялёнае і декарбанізаванае, расчахліла свае старыя вугальныя станцыі. Праўда, яны працавалі на прывазным паліве. Але вострая фаза крызісу прайшла, і экалагічная тэма зноў замаячыла на гарызонце еўрапейскай энергетычнай палітыкі. А выкарыстанне вугалю стала яшчэ больш дарагім з-за ціску на выкіды вуглякіслага газу ў еўрапейскім маштабе.
І тут Польшчы зусім не пашанцавала. У яе энергабалансе вугаль займаў ключавое месца: да 80 % у 2018 годзе. Пры гэтым дзяржаве даводзілася субсідзіраваць яго здабычу: цана на рынку ніжэйшая за сабекошт практычна ў два разы. Летась вугальная галіна згенерыравала каля 3,4 мільярда долараў страт. Пры гэтым склаўся пэўны парадокс: энергетыка заточана пад вугаль і не можа рэзка перайсці на іншыя тэхналогіі. Але ўласная здабыча падае з-за спынення інвестыцый, бо субсідзіраванне шахт не можа існаваць вечна. Ды і радовішчы вычэрпваюцца.
Дэфіцыт энергетыкі спрабуюць закрыць прывазным звадкаваным газам і аднаўляльнымі крыніцамі. Пэўны прагрэс ёсць: доля вугалю знізілася ў энергабалансе да 60 %. Але альтэрнатыўныя тэхналогіі дарагія. Зрэшты, і сабекошт здабычы традыцыйнага вугалю расце. Як і аб’ёмы яго імпарту. Алею ў агонь падліваюць экалагічныя ініцыятывы ЕС, якія пагражаюць павялічыць фіскальны цяжар на вугальныя шахты. Варшава супраціўляецца, але палітычны ціск з Захаду ўзрастае.
У выніку Польшча ўварвалася ў топ-5 лідараў па кошце ацяплення. Яго празмернае падаражанне адбылося, у тым ліку, з-за адмены 1 ліпеня 2025 года ахоўнага бар’ера на рост камунальных тарыфаў, уведзеных на фоне пандэміі ў 2020 годзе. У выніку кошт гігакалорыі для спажыўцоў падскочыў да 500 рублёў у беларускім эквіваленце (у нас тарыф — 27,2 рубля). Аднак субсідзіраваць энергетыку ва ўрада ўжо не хапала рэсурсаў. Дзяржаўныя выдаткі ў Польшчы складаюць каля 50 % ад ВУП, дзяржаўны доўг падбіраецца да 60 % ад ВУП. Прычым ён павялічваецца імкліва на 4-5 працэнтных пунктаў у год. Па гэтай дынаміцы краіна ўваходзіць у еўрапейскія лідары.
Самае сумнае для палякаў, што добрай развязкі ў найбліжэйшы час не будзе. Плануецца да 2040 года знізіць залежнасць ад вугалю да 30 %. Праўда, дагавор з прафсаюзамі аб працягу функцыянавання шахт заключаны аж да 2049 года. Зрэшты, справа не толькі ў шахцёрах, але і ў прадпрымальніцкіх колах, якія нядрэнна зарабляюць на субсідзіраванай вугальнай прамысловасці. І рэальных альтэрнатыў ёй няма. Сітуацыю павінна выправіць з’яўленне ў краіне АЭС. Пэўныя дамоўленасці аб будаўніцтве першай станцыі заключаны з ЗША, вядуцца перагаворы аб узвядзенні другога аб’екта (і гэта тыя, хто разам з літоўцамі былі глыбока абураныя будаўніцтвам атамнай станцыі ў Беларусі. Ці гэта іншае?!). Але ад падпісання мемарандумаў да атрымання першых кілават-гадзін праходзіць мінімум 10-15 гадоў. Часам больш. Ёсць яшчэ сонца, вецер і вада, але гэтыя тэхналогіі патрабуюць занадта сур’ёзных інвестыцый і адрозніваюцца доўгім тэрмінам акупнасці. Таму пакуль цяпло ў нашых суседзяў будзе каштаваць дорага. Ці вельмі дорага.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ