У Фрунзенскае РУУС Мінска звярнулася сям’я 12-гадовага школьніка, які вынес з дому бацькоўскія грошы.
Па словах начальніка аддзела крымінальнага вышуку ГУУС Мінска Сяргея Кухарчыка, сямікласніка падманулі тэлефонныя ашуканцы. Яны паведамілі, што быццам бы не могуць датэлефанавацца да бацькоў, і папрасілі дзіця назваць код з смс-паведамлення. А затым запалохалі яго і прымусілі, нікому не кажучы, вынесці на вуліцу 22 тысячы долараў і 9 тысяч беларускіх рублёў, якія маці з татам збіралі на кватэру. Школьнік паклаў іх у пакет і пакінуў на снезе каля ўвахода ў падвал, пасля чаго пайшоў у школу.
Аператыўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі, што гэтыя грошы па заданні тэлефонных ашуканцаў забраў жыхар Асіповічаў. Ён таксама стаў ахвярай аферыстаў. Паверыўшы, што злачынцы аформілі на яго імя крэдыт, ён узяў тры «люстраныя» пазыкі на 40 тысяч рублёў. У банках яго неаднаразова папярэджвалі аб махлярстве, але мужчына запэўніў касіраў, што бярэ грошы на будаўніцтва.
Пасля ён склаў купюры ў два канверты, таму што ў адзін яны не змяшчаліся, і перадаў іх аферыстам. Пасля чаго прыехаў у Мінск і забраў грошы ў трох мінчан, у тым ліку ў сям’і гэтага школьніка. Усю суму ён паспеў перадаць наступнаму кур’еру ашуканцаў.
Заведзены крымінальныя справы.
Міліцыя нагадвае: не перадавайце свае грошы незнаёмцам, якія абяцаюць задэклараваць зберажэнні або пагасіць узяты злачынцамі крэдыт. І тым больш — не згаджайцеся забіраць грошы ў незнаёмцаў або са схованак. Атрымаўшы пагрозы ад незнаёмых, што вас чакае вобыск, канфіскацыя ці яшчэ нешта падобнае — неадкладна звярніцеся ў міліцыю.