Top.Mail.Ru

Скарбы Аманскага двара прадстаўлены ў Беларусі

Выстаўка, што працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі, дапамагае пашырыць гарызонты і прасякнуцца мастацтвам Усходу. 


Пра гэта сказаў першы намеснік міністра культуры нашай краiны Дзмітрый Шляхцін падчас адкрыцця выстаўкі «Элегантнасць срэбра: скарбы Аманскага двара» з калекцыі Нацыянальнага музея Султаната Аман:

— Усходняе мастацтва заўсёды было цікава славянам, тым больш, што ў беларускіх традыцыях вельмі шмат элементаў, якія прыйшлі з Усходу і знайшлі тут сваю інтэрпрэтацыю. Разглядаючы некаторыя рэчы, мы можам улавіць пэўныя гістарычныя нюансы. 

На адкрыцці прагучала неаднойчы: кантакты паміж лідарамі дзвюх краін уплываюць і на актыўнасць у культурнай сферы. Цяперашняя экспазiцыя праходзiць у рамках нацыянальнага праекта дзён Амана, паведаміў генеральны сакратар Нацыянальнага музея Султаната Аман Джамаль Хасан аль Мусаві, у ягога, дарэчы, сямейныя сувязі з Беларуссю — па лініі маці. Ён сказаў, што выстаўку ўпершыню паказалi ў сценах Маскоўскага Крамля летась, а ў Беларусі прадстаўлены дапрацаваны фармат: 

—Тут ёсць эталонныя прадметы, напрыклад, кінжал ХІХ стагоддзя, названы ў гонар кіруючай дынастыі Султана Амана, які з’яўляецца нацыянальным сімвалам нашай краіны. Таксама ёсць прадметы эпохі Аманскай імперыі і нашай сталіцы Занзібар на ўсходнім узбярэжжы Афрыкі. Таксама ёсць прадметы прыкладнога мастацтва. 

Упрыгожваннi, элемены адзення тонкай работы — жанчынам ёсць на чым спынiць позiрк. А мужчыны будуць разглядаць кiнжалы ды iншую зброю. Са срэбрам у Амане працаваць умелi са старажытных часоў, гэта традыцыя падтрымлiввецца і цяпер не толькi дзеля таго, каб падкрэслiць заможнасць і статус уладальніка, але і дзеля самавыяўлення майстра-ювелiра. Усе рэчы мелi практычнае значэнне, але кожная з iх — прыклад мастацкага погляду на жыццё. I яшчэ звыш таго: срэбра — метал, якi надзялялi метафiзiчным сэнсам. У Амане з яго выраблялi традыцыйны кінжал ханджар — той самы, што можна пабачыць у нацыянальнай выяве Султаната Аман.

Кінжалы выраблялi ў Амане з III тысячагоддзя да нашай эры, для краiны гэта адно з найбольш значных рамёстваў, а майстры павiнны валодаць уменнем працаваць не толькi са срэбрам, але і са сталлю, дрэвам, рогам, косткай, тканінай, скурай. I нават флаконы для мужчынскай парфумы нагадваюць па форме рукаятку кiнжала. 

Цiкавая «жаночая» частка выставы: не толькi ювелiрныя вырабы прадстаулены, а яшчэ рэчы аўтара твора «Мемуары арабскай прынцэсы». У свеце гэта першая аўтабіяграфія арабскай жанчыны высокага паходжання. Яна насамрэч была прынцэсай Занзiбара!

Выстаўка «Элегантнасць срэбра: скарбы Аманскага двара» з’яўляецца вынікам шматгадовага супрацоўніцтва паміж Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным музеем Султаната Аман, у нас яна другая па лiку за апошнiя гады. 

Ларыса ЦIМОШЫК

Чытайце таксама: Выстава дасягненняў «Мая Беларусь» адкрыецца ў «БелЭкспа» напярэдадні УНС

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю