Ізраільскі спартсмен Адам Эдэльман у сацыяльных сетках паведаміў аб тым, што ў нумар зборнай Ізраіля па бабслеі трапілі зламыснікі. Яны скралі ў бабслеістаў пашпарты і рэчы на $3 тысячы.
«Вось такі сезон... Дзякуй за словы падтрымкі. Мы пераможцы, а не ахвяры. Наш шлях — гэта заўсёды рух наперад», — напісаў Эдэльман у сацыяльных сетках.
Вядома, што ізраільская каманда здымала жыллё на папулярным замежным сэрвісе з-за абмежаванага бюджэту. Пасля крадзяжу яны аб’явілі збор ахвяраванняў. Спартсменам патрэбны грошы не толькі каб вярнуць выкрадзеныя рэчы, але і для аплаты крэдыту, узятага на падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў, арэнды абсталявання, заработнай платы трэнерам. Неабыякавыя людзі пералічылі на іх рахунак ужо больш за $77 тысяч з неабходных $100 тысяч.