У рэгіёне ідзе кругласутачны маніторынг устойлівай работы ўсіх сацыяльна-значных аб’ектаў, бяспечнага стану дарог і магістраляў. Для расчысткі тэрыторый аб’ектаў інфраструктуры ў населеных пунктах, транспартных сувязяў задзейнічаны ўсе неабходныя рэсурсы. Сітуацыя на пастаянным кантролі службаў МНС, ДАІ, УУС аблвыканкама, а таксама ўсіх узроўняў мясцовых улад.
Ва ўсіх раёнах вобласці па даручэнні кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама старшынямі раённых Саветаў дэпутатаў узмоцнены кантроль за абстаноўкай у аграгарадках і вёсках, падвозам прадуктаў харчавання, забеспячэннем работы аўтакрам. Ва ўстановах адукацыі — на кантролі падвоз дзяцей.
У Веткаўскім раёне для кансалідацыі сіл, неабходных для расчысткі снегу, аналізу сітуацыі ў населеных пунктах кіраўнікі сельвыканкамаў па відэасувязі правялі аператыўную нараду.
— У нас на тэрыторыі знаходзяцца структурныя падраздзяленні гаспадарак ААТ «Хальч» і філіяла «Аграфірма імя Лебедзева» РУП «Гомельэнерга», якія з моманту ўзмацнення снегападу прыйшлі на дапамогу і працягваюць аказваць поўнае садзейнічанне ў расчыстцы тэрыторый у населеных пунктах — вуліц, пад’язных шляхоў да ФАПаў, аддзяленняў пошты, школ і дзіцячых садкоў, — адзначыў старшыня Радужскага сельвыканкама Веткаўскага раёна Васіль Буднікаў.
На асаблівым кантролі, як звярнуў увагу кіраўнік сельвыканкама, — усе сацыяльна-значныя аб’екты ў буйных аграгарадках Веткаўшчыны — Радуга і Навасёлкі. Расчыстку вуліц у малых населеных пунктах на тэрыторыі гэтага сельсавета забяспечвае раённае дарожнае прадпрыемства.
— У маланаселеных пасёлках памочнікі па населеных пунктах правялі работу з мясцовымі жыхарамі, звярнулі ўвагу на неабходнасць расчысткі прыдамавых тэрыторый. Людзі выходзяць на расчыстку дарожак да студняў, воданапорных калонак. Дакладна можна сказаць, што ёсць разуменне ў вяскоўцаў, што без іх асабістага ўдзелу цяжка абысціся. Там, дзе ўзнікаюць пытанні, аб’ядноўваемся і вырашаем усё разам, — падкрэсліў Васіль Буднікаў. — З раніцы ў сельсавеце мы прынялі заяўкі ад нашых жыхароў — адзінокіх пажылых людзей. Звярнуліся па дапамогу ў расчыстцы двароў ад снегу. Адразу адгукнуліся нашы школы, дапамогу аказалі настаўнікі працоўнага навучання.
Старшыня Радужскага сельвыканкама на Веткаўшчыне перадае і агульны бадзёры і рашучы настрой вяскоўцаў.
— Людзі адзначаюць, што, канешне, за апошнія дзесяць гадоў такіх вялікіх снегападаў не было. Пры гэтым старэйшае пакаленне згадвае зімы 50-60-гадовай даўніны, як моцна замятала тады вуліцы ў вёсках. А вось, вядома, нашы аграрыі радуюцца сапраўднай зіме, снегу, які дапаможа захаваць азімыя на палях, — падзяліўся кіраўнік сельвыканкама.
На Веткаўшчыне ў сельсаветах загадзя кантралююць сітуацыю з расчысткай снегу ў вёсках перад рэйсамі аўтакрам. Акрамя гэтага сельгасарганізацыі дапамагаюць у расчыстцы пад’язных шляхоў да могілак, што таксама важна.
Як адзначыла старшыня Лельчыцкага раённага Савета дэпутатаў Таццяна Бяспалая, у населеных пунктах іх раёна таксама кіпіць работа па расчыстцы вуліц, дарог, тратуараў. Спецтэхніка і брыгады працоўных робяць усё, каб забяспечыць бяспечны рух. Актыўна вядуцца работы па ачыстцы снегу ў дварах, падыходаў да будынкаў.
— На кантролі кіраўнікоў сельвыканкамаў, іх памочнікаў па населеных пунктах абавязкова — магчымасць праезду хуткай меддапамогі, усіх аператыўных службаў, аўтакрам. Усе гэтыя дні, пакуль застаюцца складаныя пагодныя ўмовы, наведваем адзінокіх састарэлых, інвалідаў. Вызначаем і трымаем на кантролі, ці ўзнікаюць у вяскоўцаў якія-небудзь складанасці з-за снегападаў, — падкрэсліла Таццяна Бяспалая.
Абстаноўку па расчыстцы ад снегу населеных пунктаў у раёнах Гомельшчыны абмеркавалі на аператыўнай нарадзе з удзелам старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко. Як было адзначана, у найбліжэйшыя двое сутак на Гомельшчыне чакаецца ўзмацненне ападкаў. У сувязі з гэтым ва ўсіх раёнах вобласці даручана тэрмінова правесці вучэнні па прыцягненні дадатковай тэхнікі, каб паскорыць тэмпы прыборкі снегу.
— Выводзім усю рэзервовую тэхніку, якая ёсць, апроч ЖКГ і дарожных службаў, у прадпрыемстваў. Асноўная задача на гэты момант — прыбраць снег з двароў, праездаў, вуліц, з пляцовак каля сацыяльных аб’ектаў. На трасах пры ўмове моцных ападкаў расчыстка павінна праходзіць кожныя паўтары гадзіны. Неабходна таксама аператыўна рэагаваць на звароты жыхароў малых населеных пунктаў у выпадку экстранных сітуацый, — даручыў Іван Крупко.
Кіраўнік рэгіёна звярнуў увагу, што раёны вобласці забяспечаны ўсёй неабходнай тэхнікай для прыборкі снегу. У выпадку рэзкага пагаршэння ўмоў надвор’я ўсе машыны павінны быць у поўнай гатоўнасці.
У сваю чаргу супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі таксама вядуць бесперапынны маніторынг дарожнай абстаноўкі на Гомельшчыне і гатовы аператыўна рэагаваць на пазаштатныя сітуацыі.
— Па магчымасці адмоўцеся ад працяглых паездак, а пры паркоўцы транспарту, асабліва грузавога, выбірайце месцы, прызначаныя толькі для стаянкі транспартных сродкаў. Не пакідайце аўтамабілі ўздоўж вуліц і дарог, не стварайце перашкод для работы спецыялізаванай тэхнікі, — звярнуўся да жыхароў і гасцей Гомельскай вобласці начальнік упраўлення ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Руслан Калеснікаў.
У сувязі з будучым пагаршэннем дарожнай абстаноўкі, звязаным з моцнымі спегападамі, УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама просіць уладальнікаў транспартных сродкаў па магчымасці для паездак скарыстацца грамадскім транспартам, а вадзіцеляў велікагрузаў на час снегападу пакінуць машыны на спецыяльна абсталяваных стаянках.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота газеты «Светлае жыццё»