Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога.
Сярод тэм, якія абмяркоўваліся ў рабочым кабінеце беларускага лідара, — кантроль за сітуацыяй у сельскай гаспадарцы, узмацненне кадравай палітыкі і графік кіраўніка дзяржавы на найбліжэйшую перспектыву.
Што датычыцца сітуацыі ў сельскай гаспадарцы, у прыватнасці, размова ішла аб выкананні ўмоў утрымання жывёл у зімовы перыяд. Прэзідэнт папярэдзіў, што патрабаванне за гэта будзе жорсткім, і заклікаў удзяліць гэтаму пытанню сур’ёзную ўвагу. «У нас уся вытворчасць пад дахам, а вось у вёсцы ўсё пад адкрытым небам», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Напярэдадні беларускі лідар даручаў кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта звязацца з усімі ўпаўнаважанымі, памочнікамі і губернатарамі. «Запатрабуем жорстка, проста жорстка, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Ніякіх разглагольстваванняў і філасофіі. Да зімы трэба падрыхтавацца як належыць. Заўсёды мы рыхтаваліся да зімоўкі жывёлы гэтаксама, як праводзілі ўборачную кампанію. Гэта найважнейшае пытанне. Інакш навошта сеяць і ўбіраць, калі ў нас ненармальна ўтрымліваецца жывёла».
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы ўказаў на неабходнасць Адміністрацыі Прэзідэнта ўзмацніць кадравую работу. «Ёсць кіраўнік — значыць, ёсць вынік», — лічыць беларускі лідар.
Ён прапанаваў стварыць пры Адміністрацыі Прэзідэнта пэўны савет, які б займаўся кадравым пытаннем. «Гэта ваша справа... Але ніякага валюнтарызму і адсябяціны не павінна быць ні ад памочніка, ні ад кіраўніка Адміністрацыі, ні ад іншых асоб, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Трэба раіцца, перш чым прапаноўваць на прызначэнне тых ці іншых людзей. Тады не будзем тасаваць гэту калоду кожны год або праз два-тры гады. Кіраўнік — гэта стабільнасць, таму трэба падбіраць кадры. Гэта вельмі важнае пытанне».
Яшчэ адной тэмай даклада Дзмітрыя Крутога стаў графік работы і замежных камандзіровак кіраўніка дзяржавы. «Чакаецца вельмі вялікая камандзіроўка па Поўдні фактычна планеты, пачынаючы ад М’янмы, Амана, Алжыра і гэтак далей», — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што ў Кыргызстане пройдзе саміт АДКБ, дзе ён таксама плануе ўзяць удзел. У канцы года ў Санкт-Пецярбургу запланавана традыцыйная сустрэча лідараў краін — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
«Канец года будзе вельмі складаным і цяжкім, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. — Хутчэй за ўсё, яшчэ ў снежні ў нас перагаворы з нашымі амерыканскімі партнёрамі. Па меншай меры, мы на гэта арыентуемся. Таму графік работы павінен быць дакладна вывераны».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА