Тэхніка гатовая, асабовы склад здольны выконваць самыя складаныя задачы ў выпадку вясновай паводкі. Пра гэта паведаміў міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі, паведаміла БелТА.
Вадзім Сіняўскі ацаніў сёння гатоўнасць органаў па надзвычайных сітуацыях Брэсцкай вобласці да бяспечнага пропуску веснавой паводкі. Асаблівая ўвага Пінскаму Палессю. Менавіта тут знаходзіцца найбольшая колькасць населеных пунктаў, уразлівых да падтапленняў.
«Надыходзіць пара, пры якой ёсць неабходнасць ацаніць гатоўнасць нашых спецыяльных падраздзяленняў да праходжання паводкі. Выбралі Пінскае падраздзяленне (Пінскі цэнтр Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння „ЗУБР“. — Заўв. БелТА) не толькі таму, што тут дыслакуецца атрад, які здольны вырашаць досыць складаныя задачы па аказанні дапамогі насельніцтву, навядзенні мастоў, эвакуацыі людзей з месцаў падтаплення. Рэгіён такі, што вялікая вада можа прыйсці сюды ў першую чаргу. Ацэнка Белгідрамета і наша: паводле папярэдніх разлікаў, у прынцыпе, павінна ісці ўсё спакойна», — сказаў Вадзім Сіняўскі.

Ён падкрэсліў, што работнікі МНС гатовыя ў любую хвіліну аказаць дапамогу ў выпадку вялікай вады. «Тэхніка гатовая, асабовы склад здольны выконваць самыя складаныя задачы, — адзначыў міністр. — Сёння галоўнае — забяспечыць належны маніторынг праходжання паводкавай сітуацыі, як яна будзе развівацца».
У найбліжэйшыя дні ў Брэсцкай вобласці чакаецца пацяпленне. Магчымыя падтапленні талымі водамі. Пры неабходнасці ратавальнікі акажуць дапамогу насельніцтву. Не застануцца ў баку і іншыя службы. «Пінскія гарадскі і раённы выканкамы далажылі, што іх службы таксама гатовыя да выканання гэтых задач сумесна з намі. Таму думаю, што ўсё пройдзе планава, нейкіх форс-мажораў не чакаем», — дадаў Вадзім Сіняўскі.
Паводле яго слоў, на наступным тыдні ён плануе паехаць у Гомельскую вобласць, у раён Калінкавічаў — Мазыра, каб ацаніць сітуацыю ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне. «У цэлым чакаем самы высокі ўзровень вады ў поймах рэк Прыпяць, Сож, Дняпро. Крыху пазней — Заходняя Дзвіна. Асаблівасці гэтай ракі ў тым, што там можам чакаць пэўныя нюансы, звязаныя з вадой», — растлумачыў міністр па надзвычайных сітуацыях.