Падрабязней аб змесце свайго даклада Прэзідэнту міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі расказаў журналістам. Паводле яго слоў, кіраўніка дзяржавы цікавіла сітуацыя ў краіне, якая ўзнікла з-за складаных умоў надвор’я і моцных маразоў. Міністр далажыў Прэзідэнту, што асноўная ўвага ў рабоце ведамства была засяроджана на некалькіх крытычна важных кірунках.
Наступствы аварый аператыўна ліквідуюцца
Пытанні цепла- і водазабеспячэння насельніцтва, работа энергетычнага комплексу, стан спраў у сельскай гаспадарцы, а таксама каардынацыя дзеянняў усіх дзяржаўных органаў па ліквідацыі наступстваў непагадзі цікавілі Прэзідэнта ў першую чаргу. Кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны аб тым, што ўсе пытанні, звязаныя з аварыямі на аб’ектах цеплазабеспячэння ў гарадах і сельскіх населеных пунктах, паспяхова вырашаны. Па словах Вадзіма Сіняўскага, адбылося 19 такіх аварый, і ўсе яны былі ліквідаваны на працягу сутак: «На аб’ектах энергетыкі населеных пунктаў адбылося больш за 900 выпадкаў адключэння на розныя тэрміны. Але энергетыкі ўпэўнена справіліся з вырашэннем пытанняў па ўстараненні гэтых аварый. На сёння мы канстатуем, што ўсе населеныя пункты, усе аб’екты эканомікі падключаны да электразабеспячэння. Ніякіх праблемных пытанняў у гэтым плане няма». Таксама было зарэгістравана 12 абрушэнняў будаўнічых канструкцый, у асноўным дахаў, з-за снегавой нагрузкі. У 8 выпадках гэта аказаліся аб’екты аграпрамысловага комплексу.
Галоўная прычына пажараў — чалавечы фактар
Асаблівую трывогу цяпер выклікае рост колькасці пажараў і гібелі людзей: «Штосутачна забяспечваецца выезд на больш за тысячу паведамленняў аб пажарах і іншых надзвычайных сітуацыях. Сёння канстатуем гібель на іх 129 чалавек з пачатку года», — адзначыў Вадзім Сіняўскі. Трагедыі здараліся з-за нізкіх тэмператур, але галоўнай прычынай па-ранейшаму застаецца чалавечы фактар. «У 60 % выпадкаў гэта наступствы неасцярожнага абыходжання з агнём. Прыкладна ў 20 % — няспраўнасці цеплагенерацыйных прылад і печаў, іх перапальванне. Астатняе прыпадае на няправільную эксплуатацыю электрапрыбораў». Каб мінімізаваць сумныя наступствы, ратавальным ведамствам праводзіцца актыўная прафілактычная работа, уключаючы ўстаноўку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
«Усе павінны быць зацікаўлены»
Дарэчы, для аператыўнага рэагавання службы МНС былі пераведзены на асаблівы рэжым работы. У тым ліку праверана сувязь з узаемадзейнымі структурамі, а таксама пракантралявана гатоўнасць тэхнікі і дыспетчарскіх службаў. Правільнае функцыянаванне ўсёй гэтай сістэмы, яе зладжаная работа забяспечвае хуткае, аператыўнае ўстараненне наступстваў і чалавечай неасцярожнасці, і непагадзі; аказанне дапамогі людзям.
Але сёння галоўная задача, якая стаіць перад міністэрствам, — знізіць колькасць пажараў, — з’яўляецца задачай усяго грамадства. «Тут усе павінны быць зацікаўлены, не толькі дзяржаўныя органы ў асобе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях ці органаў выканаўчай улады, але найперш самі людзі. Калі гэты сімбіёз спрацуе, будзе скарачацца і колькасць няшчасных выпадкаў, — адзначыў Вадзім Сіняўскі. — Мы ў сваю чаргу будзем дастаткова прынцыпова рэагаваць на кожны выяўлены факт парушэнняў, забяспечваць належны кантроль за ўстараненнем недахопаў і праводзіць актыўную прафілактычную работу».

Улічваючы моцныя снегапады, МНС ужо рыхтуецца да веснавой паводкі — пратакол рэагавання ў краіне распрацаваны, загадзя вядзецца работа па падрыхтоўцы інжынерных інфраструктур. Па словах міністра, усім арганізацыям была пастаўлена задача прывядзення ў найбліжэйшы час у парадак усіх запорных устройстваў, дамбавых збудаванняў, іншых інжынерных інфраструктур: «Мы разумеем, што ад гэтага нікуды не сыдзем. Гэтыя пытанні трэба будзе кантраляваць на ранняй стадыі. Таму, аж да вырашэння пытання, на нашых вадаёмах мы будзем забяспечваць маніторынг і, па неабходнасці, аператыўнае прыняцце рашэнняў».
Акрамя таго, Вадзім Сіняўскі пацвердзіў гатоўнасць Беларусі аказваць гуманітарную дапамогу іншым дзяржавам, якія таксама пацярпелі ад складаных умоў надвор’я. «У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб пры неабходнасці забяспечыць належную гуманітарную дапамогу любой дзяржаве, якая пацярпела ад тых ці іншых надзвычайных сітуацый. У сваю чаргу хачу адзначыць, што МНС як каардынатар гэтай работы мае ўсе неабходныя рэсурсы для аператыўнага збору гуманітарнай дапамогі, арганізацыі дастаўкі ў любую краіну свету, калі на тое будзе неабходнасць». Для гэтых мэт у Беларусі існуе рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння, акрэдытаваны ААН як атрад цяжкага класа, здольны дзейнічаць як унутры краіны, так і за яе межамі.
Аміна НАЗАРАВА, фота аўтара.