Top.Mail.Ru
142

Сіноптыкі змогуць складаць прагнозы на 15 дзён наперад. Калі гэта стане магчыма?

Разумная сістэма па сярэднетэрміновым прагназаванні надвор’я будзе перададзена Белгідрамету ўжо ў 2027 годзе. Аб гэтым журналістам расказаў дырэктар Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Сяргей Лысенка на выязным прэс-мерапрыемстве, паведаміла БелТА.


Інстытут прыродакарыстання НАН супрацоўнічае з Белгідраметам і Мінпрыроды для стварэння геаінфармацыйных сістэм, якія выкарыстоўваюцца для прагназавання надвор’я і вывучэння змяненняў клімату. «Распрацоўкі даводзім да вопытных, эксперыментальных, прамысловых узораў і ўкараняем. У гэтым годзе мы ўвялі ў Белгідрамет сістэму для павышэння дакладнасці кароткатэрміновых прагнозаў надвор’я. Цяпер рэалізуем праект першай у Беларусі сістэмы сярэднетэрміновага прагназавання на 10-15 дзён з выкарыстаннем штучнага інтэлекту — на ўзроўні лепшых сусветных аналагаў», — расказаў Сяргей Лысенка.

У арганізацыі ёсць штат фізікаў і праграмістаў — сістэма распрацоўваецца сваімі сіламі. Яе плануецца завяршыць ужо ў гэтым годзе. «Ужо ў 2027 годзе мы плануем перадаць сістэму Белгідрамету для доследнай эксплуатацыі. Гэта доследная сістэма, якая дае магчымасць рабіць пагадзінныя прагнозы на 10-15 дзён — такога ў Беларусі яшчэ няма. Гэта сістэма будзе прагназаваць у тым ліку ападкі — самы цяжкі параметр. Штучны інтэлект выкарыстоўвае розныя мадэлі для комплекснага прагнозу, адаптаванага менавіта для тэрыторыі Беларусі. Ён улічвае ўсе лакальныя фактары, таму дакладней, чым у нас, ніхто не дасць», — звярнуў увагу дырэктар.

Акрамя таго, інстытут распрацоўвае сістэму комплекснага кліматычнага прагназавання, якая паказвае, як мяняюцца: клімат пры розных сцэнарыях эмісіі парніковых газаў, агракліматычныя ўмовы, тэрміны вегетацыі, даты апошняга вясновага і першага восеньскага замаразкаў, сума актыўных тэмператур. «Гэта дапамагае аптымізаваць структуру пасяўных плошчаў і выбіраць культуры для новых кліматычных умоў. Прагнозы афармляем у аналітычныя запіскі і перадаём навуковым інстытутам, Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання, Мінпрыроды і іншым ведамствам», — сказаў ён.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю