Часам самыя звычайныя бацькоўскія словы, сказаныя з лепшымі намерамі, могуць параніць дзіця. Дзеці вераць нам безумоўна і не ўмеюць «фільтраваць» сказанае. Тое, што мы гаворым, становіцца асновай іх думак пра сябе і свет.
Чаму гэта адбываецца? Дзеці ўспрымаюць бацькоў як абсалютны аўтарытэт, як самую аб’ектыўную рэальнасць. Яны вераць нам безумоўна (асабліва ва ўзросце 4-9 гадоў) і не ўмеюць «фільтраваць» сказанае, адключаючы эмоцыі дарослага ад фактаў, жарт ад ісціны, часовае раздражненне ад вечнай ацэнкі. Для іх словы маці і таты — гэта не проста інфармацыя, а прамое ўказанне, хто яны і якое іх месца ў гэтым свеце.
Вось спіс частых, але «шкодных» фраз, і як можна сказаць інакш
Пагрозы: «Я сыходжу!» або «Зараз паклічу дзядзьку міліцыянера»
• Што чуе дзіця: «Свет ненадзейны. Мяне могуць кінуць ці аддаць чужому».
• Наступствы: Моцны страх, трывожнасць, пачуццё неабароненасці. Дзіця слухаецца з жаху, а не з разумення.
• Як сказаць па-іншаму: Растлумачце свае пачуцці і дзеянні. «Мне не падабаецца, калі ты так робіш. Я пастаю ў старонцы, пакуль ты не супакоішся». Гэта паказвае, што вы не кідаеце яго, а проста робіце паўзу.
Параўнанні: «Паглядзі, як добра ў Машы атрымліваецца!»
• Што чуе дзіця: «Я горшы за іншых. Мяне любяць, толькі калі я лепшы».
• Наступствы: Крыўда, зайздрасць, няўпэўненасць у сабе. Прападае жаданне старацца.
• Як сказаць па-іншаму: Падтрымайце яго асабісты прагрэс. «Бачу, ты стараешся! Учора ў цябе атрымлівалася лепей, чым пазаўчора. Працягвай!»
Сорам: «Як табе не сорамна!»
• Што чуе дзіця: «Я дрэнны чалавек». Дзіця не адрознівае «я зрабіў дрэнна» і «я дрэнны».
• Наступствы: Жаданне схавацца, зманіць, каб пазбегнуць сораму. Нізкая самаацэнка.
• Як сказаць па-іншаму: Звярніце ўвагу на ўчынак, а не на асобу. «Мне было крыўдна (непрыемна), калі ты гэта зрабіў. Давай падумаем, як выправіць?»
Крытыка другога з бацькоў: «Твой тата дрэнны».
• Што чуе дзіця: «Палова мяне — дрэнная». Дзіця складаецца з абаіх бацькоў, і крытыка аднаго параніць яго самога.
• Наступствы: Унутраны разлад, пачуццё віны, страта апоры.
• Як сказаць па-іншаму: Падзяліце свае шлюбныя адносіны і бацькоўства. «Мы з татам пасварыліся, гэта бывае ў дарослых. Але ён цябе вельмі любіць, і я цябе таксама люблю».
Няпраўда пра грошы: «У нас няма на грошай» (калі гэта не так).
Што чуе дзіця: «Мы бедныя», і гэта палохае. Ці ён перастае вам верыць, калі разумее няпраўду.
• Наступствы: Турбота аб дабрабыце сям’і ці недавер да слоў бацькоў.
• Як сказаць па-іншаму: Будзьце сумленныя ў даступнай форме. «Мы не купім гэту машынку сёння, таму што ў цябе ўжо ёсць тры падобныя. Давай паглядзім нешта іншае».
Абясцэньванне спроб: «Дай, я сам зраблю! У цябе не атрымліваецца».
• Што чуе дзіця: «Ты няздольны. Не варта і спрабаваць».
• Наступствы: Дзіця здаецца, баіцца спрабаваць новае, расце бездапаможным і залежным.
• Як сказаць па-іншаму: Дайце час і падтрымку. «Паспрабуй яшчэ раз, я веру, што ты зможаш. Патрэбна мая дапамога?
Шкодныя ярлыкі: «Ён у нас сарамлівы», «Хопіць капрызіць!»
• Што чуе дзіця: «Маё пачуццё — гэта нешта дрэннае і ненармальнае». Ярлык замацоўваецца як прысуд.
• Наступствы: Дзіця саромеецца сваіх эмоцый, замыкаецца, вучыцца іх хаваць.
• Як сказаць па-іншаму: Прызнайце яго пачуцці. «Я бачу, ты саромеешся. Можна проста пастаяць побач». Або: «Ты плачаш, таму што знерваваўся. Я з табой. Хочаш расказаць, што здарылася?»
Папрокі-маніпуляцыі: «Я ўсё для цябе раблю!»
• Што чуе дзіця: «З-за мяне маці/тата няшчасныя. Я ім вінен».
• Наступствы: Пачуццё віны і абавязку, якія цягнуцца гадамі. Дзіця адчувае сябе цяжарам.
• Як сказаць па-іншаму: Памятайце, вашы дарослыя рашэнні (праца, побыт) — гэта ваш выбар. Не рабіце дзіця адказным за вашу стомленасць. Лепш прама папрасіць аб дапамозе: «Я вельмі стаміўся, дапамажы мне, калі ласка, прыбраць цацкі».
Словы, якія вы кажаце дзіцяці сёння, заўтра стануць яго ўнутраным голасам. Голасам падтрымкі ці голасам крытыка. Размаўляючы з павагай, тлумачачы, а не маніпулюючы, вы даяце яму не проста правілы, а дужы падмурак для ўпэўненага і шчаслівага жыцця. Гэта не азначае, што трэба ўвесь час кантраляваць кожную літару, жывучы ў страху зрабіць памылку. Гэта заклік да ўсвядомленасці. Разумеючы вагу нашых слоў, мы можам ператварыць паўсядзённыя зносіны ў магутны інструмент падтрымкі, выхавання ўпэўненасці і эмацыянальнай устойлівасці. Любіце безумоўна — не за «добрыя паводзіны», а проста таму, што ён ёсць.
Псіхолаг Алена Шаўчэнка
Фота: pexels.com