Мінскае гарадское ўпраўленне МНС правяло вучэбную эвакуацыю ў сталічным інтэрнаце прадпрыемства «Белкамунмаш». Дзевяціпавярховы будынак разлічаны на 500 чалавек, сярод яго жыхароў — шмат сем’яў з дзецьмі.
Эвакуацыя за некалькі хвілін
Гучная пажарная сігналізацыя не заспела знянацку тых, хто ў гэты час знаходзіўся дома: ужо праз некалькі хвілін жыхары выйшлі на вуліцу. Паводле слоў арганізатараў, эвакуацыя прайшла зладжана і без панікі — жыхары хутка пакінулі будынак і сабраліся на ўказаным месцы. Для маленькіх удзельнікаў мерапрыемства арганізавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе яны змаглі пазнаёміцца з пажарнай тэхнікай і абсталяваннем.


Як рыхтуюцца да надзвычайных сітуацый жыхары
Маладая пара Алег і Надзея Коўрыкі расказалі, што ў першую чаргу — важна захоўваць спакой. «Гэта сітуацыя не павінна быць для нас прывычнай, але мы павінны быць да яе гатовыя: ведаць план эвакуацыі, разумець, дзе знаходзімся і дзе размешчана лесвіца», — адзначыла Надзея Коўрык. З надзвычайнымі сітуацыямі сужэнцам ужо даводзілася сутыкацца. Некаторы час таму ў здымнай кватэры ў іх прарвала трубу. «Да гэтага мы жартам абмяркоўвалі падобную сітуацыю. Таму, калі ўсё адбылося, ведалі, што рабіць і каму тэлефанаваць. У нас былі неабходныя нумары, мы былі падрыхтаваны. І такія мерапрыемствы дапамагаюць усім зразумець, як дзейнічаць у падобных выпадках», — дадаў Алег Коўрык.


Клапаціцца пра бяспеку
Намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай і сацыяльнай рабоце, кіравання персаналам ААТ «Упраўляючая кампанія холдынга «Белкамунмаш» Ірына Вязіцкая паведаміла, што падобныя мерапрыемствы праводзяцца тут прыкладна раз на год. Яна падкрэсліла, што кіраўніцтва прадпрыемства клапоціцца пра бяспеку супрацоўнікаў, якія пражываюць у інтэрнатах, і рэгулярна праводзіць такія вучэнні, каб жыхары ведалі, як паводзіць сябе ў надзвычайнай сітуацыі.


Пакінуць небяспечныя зоны
Афіцыйны прадстаўнік Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Вольга Мельчанка растлумачыла, што эвакуацыя ў інтэрнаце прайшла арганізавана. «Адміністрацыя аб’екта ведае, як дзейнічаць у такой сітуацыі. Акрамя таго, на кожным паверсе былі вызначаны людзі, якія абышлі ўсе памяшканні, пастукалі ў кожны пакой і пераканаліся, што жыхары пакінулі небяспечныя зоны. Гэта вельмі важны элемент забеспячэння бяспекі. Адміністрацыя дакладна ведае колькасць жыхароў, якія знаходзяцца ў інтэрнаце, — з улікам перазменкі і графіка работы», — адзначыла спецыяліст.

Вольга Мельчанка таксама дадала, што жыхары правільна адрэагавалі на сігнал і разумеюць важнасць захавання правілаў бяспекі. Яна паведаміла, што пры рабоце з дзецьмі спецыялісты МНС тлумачаць ім, па якіх нумарах тэлефанаваць у службу выратавання, расказваюць пра яе прызначэнне і знаёмяць з асноўнымі правіламі бяспекі. «Дарослае працаздольнае насельніцтва павінна разумець, як сябе паводзіць пры пажары, як не дапусціць яго ўзнікнення і як быць прыкладам для сваіх дзяцей. У рабоце з пенсіянерамі важныя клопат і ўвага з боку блізкіх, а таксама забеспячэнне бяспекі ў іх дамах і кватэрах», — растлумачыла афіцыйны прадстаўнік. Адным са складнікаў прафілактычнай работы прадстаўнік МНС назвала інфармацыйную кампанію па ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. «Аўтаномны пажарны апавяшчальнік — незаменны памочнік, які дазваляе выявіць пажар, калі чалавек спіць, а таксама папярэдзіць аб небяспецы, якая ўзнікла ў суседзяў. Для Мінска гэта асабліва актуальна з улікам вялікай колькасці шматкватэрных і вышынных дамоў», — падкрэсліла яна.

Статыстыка і прафілактыка
Начальнік аддзела нагляду і прафілактыкі Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Аляксандр Мінчук паведаміў, што ў сталіцы за 2026 год колькасць пажараў павялічылася на 14,9 %, пры гэтым колькасць загінулых знізілася на 10 %. «Сярод асноўных прычын узнікнення пажараў — парушэнне правіл эксплуатацыі электраабсталявання і неасцярожнае абыходжанне з агнём. Тыповы загінулы пры пажары — пенсіянер, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Для стабілізацыі аператыўнай абстаноўкі работнікі МНС праводзяць пажарна-прафілактычную работу ў домаўладаннях і кватэрах грамадзян: інструктуюць насельніцтва і даводзяць да яго асноўныя патрабаванні пажарнай бяспекі. Сёлета таксама вялася інфармацыйная кампанія аб неабходнасці ўстаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у жылых дамах і кватэрах, іх карысці, тэхнічным абслугоўванні і своечасовай замене элементаў сілкавання», — расказаў ён. Аляксандр Мінчук таксама падкрэсліў, што пры правядзенні наглядных мерапрыемстваў у інтэрнатах работнікі дзяржаўнага пажарнага нагляду асаблівую ўвагу надаюць спраўнасці і працаздольнасці сістэм пажарнай сігналізацыі і апавяшчэння людзей аб пажары, стану шляхоў эвакуацыі, а таксама правядзенню гутарак з жыхарамі і персаналам. «Усе гэтыя меры накіраваны на забеспячэнне бяспекі грамадзян», — падагульніў ён.

Галоўнае — спакой і падрыхтаванасць
У МНС падкрэслілі, што менавіта комплексны падыход, узаемадапамога і свядомасць жыхароў дазваляюць зніжаць рызыкі ў рэальных надзвычайных сітуацыях. Самі жыхары ўпэўнены, што такія мерапрыемствы — не проста фармальнасць, а рэальная магчымасць праверыць сваю гатоўнасць і навучыцца правільна дзейнічаць у крытычнай сітуацыі. Бо калі ў галаве ёсць план, а побач — людзі, гатовыя падтрымаць, то нават трывожны сігнал перастае быць пагрозай і становіцца толькі напамінам: мы гатовыя.
Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ