З якімі пытаннямі часцей за ўсё звяртаюцца мінчане, расказала ў час аператыўнай нарады начальнік упраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Мінгарвыканкама Іна Кавалеўская, паведаміла БелТА.
Іна Кавалеўская адзначыла, што ў першым паўгоддзі 2026 года ў Мінгарвыканкам паступіла каля 4,9 тыс. зваротаў грамадзян, што на 11 працэнтаў больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. «Нягледзячы на рост зваротаў, крытычных і вострых невырашальных праблем не назіраецца. У нас ёсць усе магчымасці і створаны ўсе ўмовы для вырашэння сацыяльна значных пытанняў, якія хвалююць насельніцтва», — падкрэсліла яна.
Начальнік упраўлення паведаміла, што асноўная тэматыка зваротаў звязана з жыллёва-камунальнай гаспадаркай, абаронай правоў спажыўцоў, змяненнямі маршрутаў руху грамадскага транспарту і абаронай правоў непаўналетніх. «Пры гэтым вялікая частка заяў аказваецца неабгрунтаванай, таму што факты не знаходзяць пацвярджэння», — дадала Іна Кавалеўская.
Яна таксама прывяла некалькі прыкладаў пытанняў, з якімі звяртаюцца мінчане. У сферы ЖКГ значнымі аказаліся звароты наконт бытавога і вытворчага шуму, неправамерных дзеянняў суседзяў, а таксама капітальнага і бягучага рамонту. Паводле слоў начальніка ўпраўлення, на рост зваротаў паўплывалі ўмовы надвор’я ў пачатку года і неабходнасць дадатковай ачысткі дваровых і прылеглых тэрыторый ад снегу. У пытаннях абароны правоў спажыўцоў паступалі скаргі на неадпаведнасць тавараў апісанню і неналежную рэкламу ў сацыяльных сетках.
Іна Кавалеўская падкрэсліла, што там, дзе патрэбна экстранная дапамога, прымаюцца адпаведныя меры, а ў выпадках, калі вырашэнне пытання патрабуе часу, усё адбываецца ва ўстаноўленыя рэгламентаваныя тэрміны.