Top.Mail.Ru

Шукаем адказ на спрадвечнае пытанне: што падарыць на 23 лютага?

Набліжаецца Дзень абаронцы Айчыны — адна з нямногіх афіцыйных падстаў нагадаць любімым мужчынам, наколькі яны важныя і каштоўныя для нас, жанчын. І, зразумела, у гэты дзень мужчыны чакаюць падарункаў як праявы любові і клопату. І якраз пра выбар падарункаў «на дваццаць трэцяе» прыгожай палове варта задумацца ўжо цяпер.


Што кажуць псіхолагі?

Тое, што здаецца ідэальным падарункам вам, неабавязкова спадабаецца вашаму мужу, нават калі вы быццам бы выдатна яго ведаеце. Што ж рабіць? Проста спытайце: «Што ты хацеў бы атрымаць на 23 лютага?» — раяць псіхолагі. Так, сюрпрызу не атрымаецца, але гэта разумны (і клапатлівы) падыход. А калі мужчына назаве некалькі варыянтаў, элемент нечаканасці захаваецца.

Парада другая. Калі вы атрымаеце адказ: «У мяне ўсё ёсць, нічога не трэба» — не верце. У кожным з нас у любым узросце жыве дзіця, якое чакае свята. І трэцяя парада: падарунак важны, але галоўнае — словы кахання і падзякі, якія мужчына павінен пачуць ад вас у гэты дзень.

Што кажуць прадаўцы?

У топ самых папулярных падарункаў на 23 лютага па-ранейшаму ўваходзіць стандартны набор: пена для галення, гель-душ, парфюм. І так, шкарпэткі.

— Справа не ў адсутнасці фантазіі ў нашых дзяўчат, — кажа прадавец аднаго з найбуйнейшых універмагаў сталіцы. — Проста гэта ўжо свайго роду традыцыя. Да таго ж практычныя падарункі — гэта рэчы, якія сапраўды спатрэбяцца.

Тыя ж шкарпэткі — сёння ўжо не бялізна, а модны аксесуар, які, як і рэмень, пальчаткі або гальштук, уплывае на бездакорнасць мужчынскага вобраза, дадае суразмоўніца. 

Традыцыйна растуць да 23 лютага продажы мужчынскіх рамянёў, пальчатак, гальштукаў, партаманетаў і сумак-несэсэраў. У топе гаджэты і электроніка (ад разумных калонак да бесправадных навушнікаў, гульнявых мышак і фітнэс-гаджэтаў), тэрмакубкі і наборы для грылю. У спартыўных аддзелах жанчыны звяртаюць увагу на наборы для рыбалкі, заплечнікі і турнікі для дома. Распаўсюджаны выбар маладых пакупніц — настольныя гульні.

Сумы, якія гатовыя выдаткаваць беларускі на падарункі любімым мужчынам, вельмі розныя, але часцей за ўсё сёлета ў чэку ад 50 да 120 рублёў, адзначыла прадавец.

Што кажуць жанчыны?

Што падарыць на 23-е любімым мужчынам — мужу, бацьку, сыну, брату, сябрам і калегам, спыталі мы прадстаўніц самых розных прафесій і сфер дзейнасці. І вось якія адказы атрымалі.

Юлія Качурка, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, старшыня пярвічнай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

— Перш за ўсё трэба дарыць душэўную цеплыню. Менавіта гэтага чакаюць мужчыны ў сваё свята ад жанчын — і ў сям’і, і на рабоце. Дома ў гэты дзень асабліва важна стварыць атмасферу ўтульнасці, але і калег-мужчын прыгожая палова калектыву павінна акружыць клопатам. Бо на любыя здзяйсненні — у тым ліку на інавацыі і адкрыцці — мужчын ва ўсе стагоддзі натхнялі жанчыны. Так падарыце мужчынам натхненне! Ну а практычныя падарункі — лічу, гэта добры выбар. Гальштук, прыгожая якасная кашуля, партаманет або гадзіннік... Асартымент сёння велізарны, якасць нашых беларускіх тавараў — ужо свайго роду брэнд. Так што нам, жанчынам, застаецца толькі вызначыцца з выбарам. Але ў падарунка павінен быць і дадатак, які падкрэсліць ваша каханне. Гэта можа быць нешта зробленае сваімі рукамі — напрыклад, хатняя выпечка. Тое, ва што вы ўклалі сілы і намаганні.

Алена Маргунова, старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт:

— Які б падарунак я ўручыла мужчынам на 23 лютага? Магчыма, ён іх здзівіць: які-небудзь дакладны прыбор. Гадзіннік, або шалі, напрыклад. Чаму? Таму што гэтыя прыборы, па-першае, забяспечваюць дакладнасць і дасканаласць — хіба не мужчынскія якасці? А па-другое, яны дапамагалі б нашым мужчынам паспяваць выконваць усе запланаваныя справы, карысныя для Беларусі і сваіх блізкіх. Прымаць узважаныя і прадуманыя рашэнні на рабоце і дома. Спяшацца на дапамогу тым, хто апынуўся ў бядзе і каму трэба падставіць надзейнае мужчынскае плячо. Хай гэтыя якасці не перастаюць быць стандартам для нашых мужчын!

Людміла Жылевіч, галоўны герыятр Мінскай вобласці, дацэнт кафедры БДМУ:

— Мне здаецца, важны ў першую чаргу не падарунак. Важней удзяліць увагу каханаму мужчыне. На жаль, якраз увагай у сям’і нашы мужчыны часцей за ўсё абдзелены. Мы клапоцімся пра дзяцей і ўнукаў, дапамагаем пажылым бацькам і забываемся на таго, хто заўсёды побач з намі, гатовы падтрымаць і падставіць плячо. Прыгатуйце мужу тыя стравы, якія ён любіць. Падзяліце яго хобі — напрыклад, з’ездзіце з ім на зімовую рыбалку або схадзіце на футбольны матч. Праявіце да яго інтарэсаў павагу і ўвагу. І асабліва важна, на мой погляд, не забыцца ў гэты дзень цёпла павіншаваць нашых дзядуль і іншых пажылых сваякоў. Яны павінны адчуваць, што, нягледзячы на ўзрост, для нас яны — па-ранейшаму мужчыны, абаронцы, якімі можна захапляцца.

Святлана Івашына, дызайнер, пераможца рэспубліканскага конкурсу «Млын моды — 2024»:

— Я — за практычнасць у выбары падарунка. Пена для галення, гель-душ і далей па спісе. Многія мужчыны, я заўважыла, нават чакаюць такіх падарункаў: «Не буду пакуль купляць, хутка 23 лютага, падораць». Але, мне здаецца, падарунак усё ж павінен складацца з двух частак: скажам так, практычнай і — для душы. Калі казаць аб гэтай «другой частцы» падарунка, то асабіста я — за падарункі-ўражанні. Люблю дарыць квіткі — у тэатр або на канцэрт. Гэта такі «доўгайграючы» падарунак: цалкам ацаніць яго можна будзе праз тыдзень-два, пабываўшы на мерапрыемстве.

Алена Клішэвіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры:

— У нашай сям’і практычна ўсе мужчыны — ваенныя: сын, брат, пляменнік. Так што для жаночай паловы нашай сям’і выбар падарункаў напярэдадні 23 лютага — важная задача. Асабіста мне ў гэтым заўсёды дапамагаюць спартыўныя крамы. У нашай сям’і мужчыны захапляюцца спортам: брат гуляе ў баскетбол, сын — у валейбол, пляменнік займаецца сілавымі трэніроўкамі, так што якасны спартыўны інвентар для трэніровак — бяспройгрышны варыянт. «Спартыўныя» падарункі прынясуць карысць, нават калі ваш мужчына толькі збіраецца заняцца спортам. У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для фізічнай актыўнасці, але рашэнне аб здаровым ладзе жыцця чалавек прымае сам. І, магчыма, ваш «спартыўны» падарунак падштурхне яго да гэтага.

Святлана Гардынец, кандыдат сельскагаспадарчых навук, загадчык аддзела Інстытута мяса-малочнай прамысловасці:

— Памятаеце, калісьці быў лозунг: кніга — найлепшы падарунак. Часы мяняюцца, але добрая, разумная кніга ў прыгожым выданні заўсёды здольная падарыць радасць. Кніга можа быць, напрыклад, прысвечана гістарычнай тэматыцы. Або гэта можа быць энцыклапедыя па тэме, якая цікавая вашаму мужчыну. Такі падарунак — так бы мовіць, «на стагоддзі». Але акрамя «духоўнай ежы» не варта забываць і пра «матэрыяльную». І вось тут на дапамогу прыходзяць нашы беларускія харчовыя прадпрыемствы. У сваіх фірменных крамах шэраг мясакамбінатаў, напрыклад, прапануе наборы каўбас у прыгожых упакоўках. Каўбасы ў Беларусі сапраўды вельмі смачныя, натуральныя і карысныя. Ёсць эксклюзіўныя сарты для гурманаў. Наборы сыроў, дарэчы, таксама ў шырокім асартыменце, ёсць дарагія элітныя сарты. І каўбасы, і сыры стануць падарункам «з беларускай душой», а што канкрэтна выбраць для вашага мужчыны, няхай вам падкажа сэрца!

Таццяна Бялевіч, дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь:

— З выбарам падарунка, мне здаецца, наўрад ці можна нешта параіць, настолькі гэта індывідуальна. Але ёсць адно агульнае правіла: нават дакладна «адгаданы» падарунак не настолькі важны ў гэты дзень, як цеплыня, клопат, каханне і павага. Дзень абаронцы Айчыны дае нам, жанчынам, дадатковую магчымасць падзякаваць бацьку і братам, мужу і сынам, а таксама калегам за іх сілу, розум, дабрыню. Абавязкова трэба сказаць мужчыну, чаму ён вам дарагі. Чаму менавіта ён — той, каго вы кахаеце.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю