Але ўжо сёння ён змяняе нашу рэчаіснасць
На нарадзе па пытаннях стварэння адукацыйнага цэнтра для падрыхтоўкі адоранай моладзі па прафесіях будучыні Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што мадэрнізацыя эканомікі на інавацыйнай аснове — адна з найважнейшых задач для краіны. Пры гэтым, кажучы пра ўкараненне штучнага інтэлекту, кіраўнік краіны падкрэсліў: «Калі мы кідаемся на нейкія навінкі, трэба рабіць гэта вельмі-вельмі асцярожна».
Паводле даных за другое паўгоддзе 2025-га, штучны інтэлект актыўна выкарыстоўваюць 16,3 % насельніцтва планеты, або кожны шосты жыхар Зямлі. Лідзіруюць
Аб’яднаныя Арабскія Эміраты: там тэхналогіямі ШІ карысталіся ў мінулым годзе 64 % дарослага насельніцтва. Што датычыцца Беларусі, у другім паўгоддзі 2025-га інструменты штучнага інтэлекту рэгулярна ўжывалі 8,4 % нашых суайчыннікаў, або кожны 12-ы дарослы. І айчынныя распрацоўкі ў гэтай сферы не застаюцца незаўважанымі карыстальнікамі. З навукоўцам Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі гаворым аб гэтым адным з самых захапляльных навуковых дасягненняў сучаснасці.
Для турыстаў і падарожнікаў
— Наша лінейка аўдыягідаў і навігатараў распрацавана як для ўнутранага турызму, так і для гасцей Беларусі, — расказвае загадчыца аддзела інтэлектуальных сэрвісаў АІПІ НАН Беларусі Вольга Дыдо. — Першай ластаўкай у гэтым кірунку стаў аўдыягід па Беларусі на аснове штучнага інтэлекту КrokАpp. Сёння ў наш аўдыягід уключаны ўсе без выключэння гарады Беларусі, нават зусім маленькія. Спіс славутасцяў пастаянна папаўняецца. Мы супрацоўнічаем з гісторыкамі, акрамя таго, у нас ёсць форма зваротнай сувязі: устанавіўшы на тэлефон дадатак або перайшоўшы на сайт, людзі прапаноўваюць свае мясцовыя славутасці, сярод якіх — мноства найцікавейшых аб’ектаў. Зразумела, інфармацыя скрупулёзна правяраецца, і толькі пасля гэтага аб’ект уключаецца ў аўдыягід. Такім чынам нядаўна гэты спіс папоўніўся ўнікальным экалагічным аб’ектам Заялоўе, які знаходзіцца ў Бярэзінскім раёне.
— А якая ў гэтым аўдыягідзе функцыя ў штучнага інтэлекту?
— Ну, напрыклад, ён падбірае для турыста прапановы ў адпаведнасці з яго гісторыяй наведвання славутасцяў. Аналізуючы інтарэсы чалавека, штучны інтэлект можа прапанаваць яму падобныя турыстычныя месцы або, наадварот, пастарацца разнастаіць праграму: параіць нешта дыяметральна супрацьлеглае, папярэдне пралічыўшы, які нестандартны для карыстальніка турыстычны аб’ект, канцэрт, фестываль або экскурсія тэарэтычна могуць спадабацца.
Штучны інтэлект і нейрасеткі актыўна ўкараняюцца ў музейную дзейнасць, кажа суразмоўніца. У прыватнасці, каманда АІПІ стварыла аўдыягід на аснове ШІ на кітайскай мове для выстаўкі «Крывёю сэрца», якую музей Багдановіча вазіў у КНР, а таксама гіды для музеяў Агінскага і «Бярэсце».
Для эколагаў і рыбакоў
Сістэмы апрацоўкі маўлення — візітная картка АІПІ НАН Беларусі. Сёння, расказала суразмоўніца, праводзіцца ўкараненне і тэсціраванне праекта па распазнанні галасоў птушак — заказ НПЦ па біярэсурсах.
У цяжкадаступных для чалавека месцах, у запаведніках і заказніках эколагі размяшчаюць «гукавыя пасткі», інфармацыя з якіх загружаецца ў распрацаваную намі сістэму.
З дапамогай нейрасетак і тэхналогіі машыннага навучання праграма з дакладнасцю больш за 90 % вызначае, якія віды птушак прысутнічаюць на запісе.
Экалагічную накіраванасць мае і распрацоўка на аснове штучнага інтэлекту Fіsh Pіts — навігатар па рыбных зімавальных ямах.
— У зімовы перыяд забаронена рыбачыць там, дзе зімуе рыба, і дадатак (ён распрацаваны па запыце Інстытута рыбнай гаспадаркі) паказвае, дзе не трэба лавіць рыбу, каб выпадкова не трапіць на штраф, — тлумачыць Вольга Дыдо. — Гэтым дадаткам, дарэчы, любіць карыстацца і рыбнагляд, каб ведаць, дзе лавіць парушальнікаў.
Проста пагаварыць...
Па даных шэрагу даследаванняў, летась самым папулярным кірункам прымянення штучнага інтэлекту ў паўсядзённым жыцці стала эмацыйнае суправаджэнне. Новая звычка сучаснага чалавека — абмяркоўваць пачуцці, сумненні, канфлікты не з сябрамі і нават не з псіхолагам, а з нейрасеткамі.
Пад запыт «проста пагаварыць» ёсць і беларускія распрацоўкі, расказвае загадчык аддзела інтэлектуальных сэрвісаў АІПІ. Напрыклад, чат-бот на беларускай мове (ён цяпер у працэсе дапрацоўкі) дасць адказ на пытанне па любой тэме, можна нават выбраць, з кім вы будзеце раіцца: ад сучасных «персанажаў» да... Францыска Скарыны. Вялікі філосаф прывядзе сітуацыі з уласнай біяграфіі і падмацуе высновы цытатамі сярэднявечных навукоўцаў.
— Але ж гэта няправільна: замест таго, каб звярнуцца да чалавека, мы пачынаем выстройваць зносіны са штучным інтэлектам...
— Згодна. Але за гэтым, як правіла, хаваецца зразумелае імкненне да прыняцця і прызнання. Усе чат-боты першапачаткова праграміруюцца, каб аказаць чалавеку падтрымку. ШІ ніколі не скажа: «Сам вінаваты». Ён скажа: «Ты ўсё роўна малайчына». Так прапісваюцца промты для нейрасетак паўсюдна ў свеце. Тэарэтычна можна прапісаць промт і ў негатыве — тады ШІ будзе адказваць у дэпрэсіўным ключы. Але гэта нікому не трэба. Так, мадэлі ШІ навучаюцца, у прыватнасці, могуць пераняць вашы звыклыя моўныя звароты ці нават погляды. Але пазітыўны настрой адказаў яны захаваюць.
Для медыкаў і аграномаў
Сярод апошніх айчынных напрацовак у галіне камп’ютарнага зроку — распазнаванне трафіку для аналізу загружанасці дарог і скрыжаванняў беларускіх гарадоў. На аснове атрыманых даных прымаецца рашэнне аб усталяванні дадатковых светлафораў, змене настроек ужо наяўных, перанакіраванні патокаў машын і г. д. Гэта распрацоўка ОІПІ ўжо выкарыстоўваецца ў сталіцы, на чарзе — абласныя цэнтры.
У распрацоўцы — шэраг праектаў у сферы распазнання твараў і сістэм бяспекі. Інструменты штучнага інэлекту дапамагаюць і медыкам. У прыватнасці, адна з шырока вядомых распрацовак інстытута — праграма, што дазваляе дыягнаставаць на ранніх этапах анкапаталогіі лёгачнай тканкі.
— Адносна камп’ютэрнага зроку ў ОІПІ ёсць таксама распрацоўка па распазнанні хвароб раслін, — расказвае Вольга Дыдо. — Дрон робіць фотаздымкі поля, па гэтых фатаграфіях нейрасетка аналізуе «стан здароўя» сельскагаспадарчых раслін і вылучае аграномам прапановы па апрацоўцы палеткаў. Створаны таксама праграмы сартавання яблыкаў і бульбы. Сістэма камп’ютарнага зроку аглядае паток прадукцыі — і «не кандыцыя» аўтаматычна выдаляецца з лініі. Абедзве праграмы ўжо працуюць на буйных сельгаспрадпрыемствах краіны.
У найбліжэйшых планах навукоўцаў — робат-прапольшчык: па полі будзе рухацца платформа, камера — фіксаваць пустазелле, і робат будзе выдаляць яго — механічна або з дапамогай лазера.
— Сёння нейрасеткі, штучны інтэлект і робаты сапраўды могуць палегчыць чалавеку руцінныя задачы, — тлумачыць суразмоўніца. — Не трэба баяцца, што тэхналогіі «выцесняць» чалавека: нідзе ў свеце пакуль няма такога ўзроўню іх развіцця, каб насамрэч замяніць чалавечы інтэлект. Так, у найбліжэйшай будучыні прафесіі стануць крыху іншымі — апрыёры больш інтэлектуальнымі. Скажам, замест упакоўшчыкаў спатрэбяцца спецыялісты, здольныя абслугоўваць робатаў-упакоўшчыкаў. Мне здаецца, людзям гэта пойдзе толькі на карысць.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ