Top.Mail.Ru
622

Што змянілася ў выкупе арэнднага жылля і атрыманні дзяржпадтрымкі

Для запатрабаваных спецыялістаў, чаргавікоў і шматдзетных

Каму і як атрымаць ва ўласнасць?

У параўнанні з 2021 годам летась аб’ём будаўніцтва арэнднага жылля вырас у 3 разы, а ў параўнанні з 2019-м — ў 4.

— Будаўніцтва такога жылля запатрабавана. Грамадзяне, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, адгукаюцца на такі спосаб іх паляпшэння. І, зразумела, аб’ёмы будаўніцтва будуць і ў далейшым павялічвацца, — адзначыла Іна Пінкоўская.

Сёлета запланавана будаўніцтва 650 тысяч кв. м арэнднага жылля. Жыллёвы кодэкс вызначае, што яно даецца грамадзянам, якія стаяць на ўліку ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Там жа вызначаны катэгорыі грамадзян, якія маюць права на першачарговае атрыманне такога жылля. Гэта вайскоўцы, маладыя спецыялісты, педагагічныя і медыцынскія работнікі, іншыя катэгорыі.

Акрамя таго, прыняты шэраг заканадаўчых актаў у дадзеным кірунку. Яшчэ ў 2023 годзе быў прыняты Указ Прэзідэнта № 37, у якім вызначаны асаблівасці прадастаўлення арэнднага жылля ваеннаслужачым, у тым ліку магчымасць набыцця імі такога жылля ва ўласнасць. 

Летась прыняты Указ Прэзідэнта № 38 аб асаблівасцях будаўніцтва арэнднага жылля для запатрабаваных катэгорый. Згодна з ім кожны год мясцовыя выканаўчыя распарадчыя органы павінны вызначаць пералік катэгорый грамадзян, якія запатрабаваны ў той ці іншай мясцовасці. 

З улікам гэтага рэгулююцца і аб’ёмы будаўніцтва жылля, а аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам у арэндным жыллі, якое будуецца, вызначаюць долю для запатрабаваных катэгорый грамадзян. Каб павысіць зацікаўленасць людзей у рабоце ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек, прадугледжваецца і набыццё ва ўласнасць такога жылля запатрабаванымі катэгорыямі грамадзян, вызначаны парадак і ўмовы набыцця.

— Асноўная асаблівасць — тое, што для такіх грамадзян прадугледжана растэрміноўка да 15 гадоў. Пры гэтым прад’яўляюцца і пэўныя патрабаванні: грамадзяне павінны не менш за 10 гадоў адпрацаваць у арганізацыі, якая прадаставіла такое жыллё, і столькі ж пражыць у ім. Мы бачым, што зацікаўленасць у набыцці такога жылля нашмат узрасла, таму яго будаўніцтва будзе прадоўжана. Грамадзяне працягнуць атрымліваць гатовае для пражывання жыллё без укладання сваіх грашовых сродкаў, — падкрэсліла суразмоўніца.

Што такое будаўніцтва па дзяржзаказе?

З 2023 года адбыліся змены ў жыллёвай палітыцы, у прыватнасці, павялічваюцца аб’ёмы будаўніцтва жылля па дзяржаўным заказе. Калі ў 2023-м на такіх умовах было пабудавана ўсяго 31,7 тысячы кв. м, то летась аб’ёмы будаўніцтва ўзраслі больш чым у 

2,5 раза — да 83,2 тысячы кв. м. Сёлета планы яшчэ больш амбіцыйныя: плануецца пабудаваць 407 тысяч кв. м, а за пяцігодку і ўвогуле 1,25 мільёна кв. м.

У чым жа асаблівасці будаўніцтва жылля па дзяржзаказе? Грамадзянін на першапачатковым этапе не прыцягваецца да будаўніцтва, а набывае ўжо гатовае жыллё пасля здачы дома. Для таго каб рэалізоўваць гэтыя падыходы, унесены змяненні ў заканадаўства. 

У сакавіку 2025 года падпісаны Указ Прэзідэнта № 94, які ўносіць змяненні ва Указ № 215. Асноўныя змяненні, якія замацаваны ў дакуменце, — гэта права набываць жыллё, пабудаванае па дзяржаўным заказе, усімі грамадзянамі, што знаходзяцца на ўліку, а не толькі тымі, хто мае права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі. Акрамя таго, указ прадугледжвае права набываць жыллё, пабудаванае па дзяржаўным заказе, дзяржаўнымі арганізацыямі і гаспадарчымі таварыствамі, у тым ліку з выкарыстаннем субсідый, для далейшага прадастаўлення яго ў якасці арэнднага сваім супрацоўнікам з мэтай замацаваць іх на працоўных месцах.

На ўсё гатовае

Як сёлета, так і ў бліжэйшую пяцігодку, захаваецца будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай. Але яна будзе прадугледжваецца толькі на будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў, якія гэтыя грамадзяне ажыццяўляюць падрадным або гаспадарчым спосабам, а таксама на набыццё жылля, пабудаванага па дзяржзаказе ці на другасным рынку нерухомасці ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек. Выключэнне складаюць толькі шматдзетныя сем’і, якія могуць набываць жыллё ў любых населеных пунктах.

Пашырэнне выкарыстання дзяржаўнай падтрымкі на набыццё жылых памяшканняў у населеных пунктах да 20 тысяч таксама выклікала водгук у нашых грамадзян, — адзначыла Іна Пінкоўская, дадаўшы, што аб’ёмы набыцця такога жылля выраслі, як і колькасць чаргавікоў, якія паляпшаюць жыллёвыя ўмовы гэтым спосабам.

Што датычыцца змяненняў у прадастаўленні дзяржаўнай падтрымкі, то Указ № 95 выключае магчымасць яе атрымання на будаўніцтва жылля ў шматкватэрных жылых дамах. Калі раней дзяржаўная падтрымка ў асноўным давалася на будаўніцтва жылля ў іх долевым спосабам або ў складзе ЖБК, то з пераходам на будаўніцтва жылля па дзяржаўным заказе такі спосаб атрымання дзяржаўнай падтрымкі выключаны. Цяпер грамадзяне будуць набываць з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі толькі гатовае жыллё, з поўным аб’ёмам выкананых аддзелачных работ.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю