Як адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Мікалай Арол, значна ўзмоцнены сацыяльныя гарантыі для ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, былых вязняў фашызму, некаторых катэгорый ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама мужоў і жонак загінулых ваеннаслужачых, якія не ўзялі новы шлюб.
У прыватнасці, шэраг ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з ліку катэгорый асоб, узнагароджаных ордэнамі і медалямі за бездакорную воінскую службу ў тыле, прылічаны да ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і, адпаведна, атрымалі права на штогадовую дапамогу на аздараўленне. І ў выпадку, калі яны не скарысталіся на працягу года санаторна-курортным лячэннем і аздараўленнем, то змогуць па выніках года атрымаць дапамогу ў памеры 10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму на аздараўленне.
Ветэраны баявых дзеянняў, значная катэгорыя якіх — гэта суайчыннікі, якія ваявалі ў Афганістане, атрымалі права на бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне. Такое ж права ёсць у былых вязняў фашызму — іх сёння каля 5,5 тысячы, а таксама ў мужоў ці жонак загінулых ваеннаслужачых, якія не ўзялі новы шлюб.
Намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксандр Цай нагадаў новаўвядзенні, якія былі ўведзены ў мінулым годзе.
У прыватнасці, калі дзеці сумесна з бацькамі накіроўваюцца на санаторна-курортнае лячэнне, то дзіцяці неабходна прад’явіць даведку аб адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў і наяўнасці медыцынскіх паказанняў да санкурлячэння, а бацькам, якія накіроўваюцца разам з дзіцем, — заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі.
Што датычыцца льготных катэгорый, Аляксандр Цай нагадаў, што абсалютна ўсе дзеці забяспечваюцца бясплатнымі пуцёўкамі на санаторна-курортнае лячэнне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Гэта ж датычыцца Герояў Беларусі, інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, былых вязняў, ветэранаў, якія не працуюць, удзельнікаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, інвалідаў І і ІІ груп. Працоўныя грамадзяне ў залежнасці ад грашовага даходу адносна сярэднямесячнай заработнай платы па краіне забяспечваюцца пуцёўкамі з частковай платай.
Грамадзяне, якія працуюць, могуць атрымаць пуцёўку ў камісіях па аздараўленні, створаных на прадпрыемствах. Тыя ж, хто не працуе, — у прадстаўніцтвах рэспубліканскага цэнтра па месцы жыхарства. Асноўныя дакументы, якія неабходна прад’явіць, — гэта даведка аб наяўнасці медыцынскіх паказанняў і адсутнасць медыцынскіх супрацьпаказанняў да санаторна-курортнага лячэння і заява, каб стаць на ўлік маючых патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні і атрымаць пуцёўку. Для льготных катэгорый патрэбны таксама копіі дакументаў, якія пацвярджаюць права на льготу ў той ці іншай катэгорыі.
На цёплы перыяд попыт на адпачынак у беларускіх здраўніцах вельмі высокі. Актыўнае браніраванне летніх месяцаў пачалося ўжо са снежня 2024 года. Да красавіка каля 88-89 % месцаў было забраніравана. На сёння, паводле інфармацыі Аляксандра Цая, у санаторна-курортных арганізацыях выкуплена і забраніравана каля 95 % месцаў, але купіць пуцёўкі ўсё яшчэ можна. Глыбіня продажаў павялічвалася пасля ковідных гадоў. Каб купіць упадабаны нумар у патрэбны перыяд і на пэўную дату, браніраваць месцы варта прыкладна за тры месяцы.
Што датычыцца цаны пуцёвак, у другім квартале стандартны аднапакаёвы двухмесны нумар, як чакаецца, будзе каштаваць у сярэднім 127 рублёў за суткі, што прыкладна на 2 % вышэй, чым у снежні мінулага года. У летні перыяд у сувязі са значным павышэннем попыту кошт стандартнага нумара крыху падрасце і будзе трымацца ў межах 140 рублёў.
Асаблівую ўвагу павышэнню даступнасці пуцёвак для грамадзян удзяляюць уласнікі здраўніц. Укараняюцца акцыі, скідкі, бонусы, у прыватнасці пры раннім браніраванні. У якасці бонусаў бясплатна даюцца медыцынскія працэдуры, што таксама павышае попыт і дае магчымасць адпачывальнікам у санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях атрымаць дадатковыя паслугі. Акрамя таго, уласнікамі ведамасных санаторыяў для сваіх работнікаў і іх дзяцей робяцца добрыя зніжкі — даплачваецца ад 15 % да 90 % кошту пуцёўкі.
Алена КРАВЕЦ