Top.Mail.Ru

Што змянілася для ІП, самазанятых і плацельшчыкаў падатку на прафесійную дзейнасць?

Надышлі тэрміны выплаты страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва — іх неабходна ўнесці да 31 сакавіка. Што змянілася ў гэтым механізме з бягучага года? Хто абавязаны іх самастойна выплачваць, а хто можа дабравольна скарыстаць такую магчымасць? Як вылічваецца сума? Пра нюансы расказалі прадстаўнікі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.


Хто абавязаны плаціць?

Першы намеснік кіраўніка фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Кацярына ЛІХАЧОВА нагадала, што выплата страхавых узносаў дае гарантыю на дапамогі па часовай непрацаздольнасці, па цяжарнасці і родах і фарміруе страхавы стаж для рэалізацыі права на працоўную пенсію. Каб атрымаць працоўную пенсію, неабходны два складнікі: дасягнуць пенсіённага ўзросту і мець страхавы стаж не менш за 20 гадоў. Месяц страхавога стажу пры гэтым роўны месяцу выплаты ўзносаў у бюджэт фонду на пенсіённае страхаванне, а сумы такіх выплат — не ніжэйшыя за памеры мінімальнай заработнай платы. Такім чынам, калі чалавек працуе або ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць, а ўзносы паступаюць з паловы мінімальнай заработнай платы, то і стаж сфарміруецца ў палавінным памеры.
Згодна з заканадаўствам, частка фізічных асоб, якія ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, абавязана выплачваць узносы, частцы фізічных асоб дадзена такое права. Хто ж абавязаны плаціць? Гэта індывідуальныя прадпрымальнікі, плацельшчыкі падатку на прафесійны даход, плацельшчыкі адзінага падатку, якія не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, але ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, плацельшчыкі рамеснага збору, збору ў сферы агра-экатурызму, адвакаты і натарыусы. Узносы неабходна выплаціць не пазней за 31 сакавіка.

Разлічаная сума ўзносаў на сёння ўжо размешчана ў АРІПе. Азнаёміцца з ёй можна праз мабільны дадатак ФСАН у асабістым кабінеце і праз партал фонду ў асабістым кабінеце фізічнай асобы.

Якія навацыі?

Для індывідуальных прадпрымальнікаў з гэтага года дзейнічаюць змены. Летась уступіў у сілу Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і пенсіённага забеспячэння». Калі даход індывідуальнага прадпрымальніка, плацельшчыка падаходнага падатку ніжэйшы, чым 12 мінімальных заработных плат за 2025 год, то ўзносы складаюць 35 % з фактычнай сумы даходу. Калі ж даход складае 12 мінімальных зарплат і вышэй, то ўзносы ў бюджэт фонду выплачваюцца ў памеры 35 % з 12 мінімальных заработных плат. Даход улічваецца чысты — за мінусам выдаткаў. Інфармацыя аб ім паступае з Міністэрства па падатках і зборах на падставе дэкларацый, якія падаюць самі індывідуальныя прадпрымальнікі.

Калі індывідуальны прадпрымальнік з’яўляецца плацельшчыкам адзінага падатку, то ўзносы ў бюджэт фонду выплачваюцца за перыяды выплаты адзінага падатку ў суме, не ніжэй чым 35 % з памеру мінімальнай заработнай платы. Калі індывідуальны прадпрымальнік ажыццяўляе дзейнасць і з’яўляецца плацельшчыкам і падаходнага, і адзінага падатку, то ўзносы выплачваюцца зыходзячы з сукупнага даходу. Яшчэ адна зручная навацыя для ўсіх індывідуальных прадпрымальнікаў — ім не трэба падаваць дакументы персаніфікаванага ўліку і дэклараваць перыяды бяздзеяння.

Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія з’яўляюцца атрымальнікамі пенсіі, узносы ў бюджэт фонду аплачваюць у добраахвотным парадку. У індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць права на атрыманне дапамогі на дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, таксама ёсць права аплаты ўзносаў незалежна ад таго, фарміруецца прыбытак ці не. Індывідуальным прадпрымальнікам, якія атрымліваюць сярэднюю, вышэйшую, сярэднюю спецыяльную адукацыю на перыяд навучання на дзённай форме дадзена льгота па аплаце ўзносаў.

Плацельшчыкі падатку на прафесійны даход праз спецыяльны дадатак Міністэрства па падатках і зборах адлюстроўваюць свае даходы і пералічваюць падатак. Яго частка накіроўваецца ў бюджэт фонду. Агульная сума падатку — 10 %, калі плацельшчык працуе з фізічнымі асобамі, з іх 6 % сыходзіць у фонд. Калі плацельшчык падатку на прафесійны даход працуе з юрыдычнымі асобамі і яго даход перасягнуў 60 тысяч рублёў за бягучы каляндарны год, то падатак складае ўжо 20 %, а ў бюджэт фонду паступае 12 %.

З улікам таго, што гэта адносна невялікія плацяжы, плацельшчыкі падатку на прафесійны даход не заўсёды фарміруюць страхавы стаж. У іх ёсць магчымасць дабравольна даплаціць суму, якой не хапае для яго фарміравання. Сума ўзносаў, неабходная да выплаты, адлюстравана ў мабільным дадатку ФСАН, на партале фонду ў асабістым кабінеце плацельшчыкаў узносаў і праз АРІП.

Плацельшчыкі адзінага падатку, рамеснага збору і збору ў сферы аграэкатурызму ўзносы ў бюджэт фонду выплачваюць за перыяды знаходжання ў рэестры сярэдняга і малога прадпрымальніцтва, які вядзе Міністэрства па падатках і зборах, у памеры 29 % з сумы, не ніжэйшай за мінімальную заработную плату. У іх ёсць ільгота па аплаце ўзносаў — гэта перыяды атрымання пенсіі. Натарыусы і адвакаты выплачваць узносы ў памеры 35 % з сумы, не ніжэйшай за мінімальную заработную плату.

Хто можа выплачваць добраахвотна?

Такое права ёсць у некалькіх катэгорый плацельшчыкаў. Гэта грамадзяне, якія працуюць за межамі Беларусі, грамадзяне, якія працуюць у прадстаўніцтвах міжнародных арганізацый на тэрыторыі Беларусі, грамадзяне, якія ажыццяўляюць вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі і рэалізацыю сабраных грыбоў і ягад, медыятары і трацейскія суддзі.

Змяненні ў аплаце бальнічных

Як нагадала начальнік упраўлення сацыяльнага страхавання і пенсій Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена ЛОСЕВА, з бягучага года змяніўся парадак назначэння дапамог па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах асобам, якія самастойна аплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне. Да гэтай катэгорыі асоб у асноўным адносяцца індывідуальныя прадпрымальнікі, адвакаты і натарыусы.

Па новых правілах права на дапамогу па часовай непрацаздольнасці маюць усе індывідуальныя прадпрымальнікі, адвакаты або натарыусы, якія заплацілі абавязковыя страхавыя ўзносы ў папярэднім годзе. Раней права на дапамогу па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах у гэтай катэгорыі асоб набывалася толькі ў выпадку выплаты абавязковых страхавых узносаў у тэрмін не менш як за 183 каляндарныя дні, зыходзячы з памеру мінімальнай заработнай платы.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю