Top.Mail.Ru

Што змянілася з 1 чэрвеня ў крэдытаванні і будаўніцтве жылля?

Свае «метры» па новых правілах.


З 1 чэрвеня ўступілі ў сілу ўказы, накіраваныя на ўдасканаленне падыходаў да парадку будаўніцтва і крэдытавання жылля.

Як расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі Мінбудархітэктуры Іна Пінкоўская, галоўная мэта Указа № 95 «Аб дзяржаўнай падтрымцы пры жыллёвым будаўніцтве» заключаецца ў стварэнні агульнага ўсёабдымнага дакумента па аказанні грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры паляпшэнні жыллёвых умоў.

Ён прадугледжвае тры формы дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве або набыцці жылля.

Спецыяліст адзначыла, што 21 катэгорыя грамадзян можа прэтэндаваць на льготныя крэдыты на будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў, кватэр у блакіраваных жылых дамах, а таксама на набыццё аднакватэрных жылых дамоў, кватэр у шматкватэрных або блакіраваных жылых дамах, пабудаваных па дзяржзаказе.

  • Аднаразовыя субсідыі на будаўніцтва або набыццё жылля даступныя 17 катэгорыям грамадзян.
  • Фінансавая дапамога дзяржавы ў вяртанні запазычанасці па льготных крэдытах выдзяляецца шматдзетным і маладым сем’ям пры нараджэнні дзяцей.
  • У населеных пунктах да 20 тысяч чалавек ільготныя крэдыты даюцца для куплі жылля як на першасным рынку (пабудаванага па дзяржаўным заказе), так і на другасным.

У той жа час Указам № 94 у новай рэдакцыі выкладаецца раней дзеючы № 215, якім уведзены механізм дзяржаўнага заказу на будаўніцтва жылля.

— Сутнасць дзяржзаказу заключаецца ў тым, што ўзвядзенне жылых дамоў вядзецца дзяржзаказчыкамі (УКБ і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі) без прыцягнення грамадзян на этапе будаўніцтва. Льготны крэдыт на будаўніцтва жылога дома даецца арганізацыі-заказчыку. Пасля ўводу дома ў эксплуатацыю і заключэння дагавораў куплі-продажу з грамадзянамі запазычанасць па льготных крэдытах пераафармляецца на грамадзян, — патлумачыла Іна Пінкоўская

Яна запэўніла, што на тэмпах будаўніцтва жылля гэта ніяк не адаб’ецца:

— Проста шматкватэрныя жылыя дамы, якія раней узводзіліся па долевых дагаворах або ў складзе жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператываў, пераводзяцца на будаўніцтва па дзяржзаказе. Такі спосаб больш прымальны для грамадзян, бо з гэтага часу яны не сутыкнуцца з пераносамі тэрмінаў уводу жылля ў эксплуатацыю або змяненнем кошту кватэры ў працэсе яе будаўніцтва, адпаведна, адпадзе неабходнасць браць крэдыт падчас будоўлі. Пасля завяршэння будаўніцтва заказчык атрымае цалкам гатовую для пражывання кватэру. Ніякіх праблем не ўзнікне дакладна

Дарэчы, указ прадугледжвае магчымасць будаўніцтва ў шматкватэрным жылым доме часткі кватэр па дзяржаўным заказе і часткі кватэр за кошт сродкаў бюджэту для выдзялення грамадзянам у якасці арэнднага і сацыяльнага жылля.

  • У ліку падрыхтаваных навацый таксама — продаж жылля, пабудаванага па дзяржзаказе, усім грамадзянам, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, тады як цяпер — толькі тым, якія маюць права на дзяржпадтрымку.

Усе змены ўступілі ў сілу з 1 чэрвеня 2025 года. Дзяржаўная падтрымка па жылых дамах, узвядзенне якіх пачалося да названай даты, будзе весціся на ранейшых умовах.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю