У Мінску і Смалявічах сёлета працягваецца рэалізацыя праграмы па ўзвядзенні жылля для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а таксама развіццё сацыяльнай інфраструктуры. На сённяшні дзень у сталіцы на стадыі будаўніцтва знаходзіцца больш за 90 шматкватэрных жылых дамоў.
Як паведамілі ў камітэце будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама, ключавая задача бягучага года — забеспячэнне жыллём асобных катэгорый грамадзян. Урадам вызначаны канкрэтныя аб’ёмы ўводу ў эксплуатацыю: 36,6 тыс. квадратных метраў складзе плошча арэнднага жылля, 28 тыс. квадратных метраў будзе пабудавана для тых, хто знаходзіцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі. Асаблівая ўвага традыцыйна надаецца шматдзетным сем’ям. Сёлета плануецца накіраваць на будаўніцтва жылля 660 такіх сем’яў.
Асноўныя пляцоўкі для ўзвядзення жылля для грамадзян, якія маюць патрэбу ў дзяржпадтрымцы, сканцэнтраваны ў некалькіх раёнах сталіцы. Будаўніцтва разгорнецца ў межах вуліц Філімонава — Сталетава, у раёне вуліцы Выгодскага, на тэрыторыі былога ваеннага гарадка ў мікрараёне Масюкоўшчына (у межах вуліцы Пятра Глебкі), у мікрараёнах Лошыца-10 і, магчыма, Лошыца-5.
Як расказала старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірына Гонтарава, актыўна працягваецца асваенне горада-спадарожніка Смалявічы. «У бягучым годзе тут плануецца ўвесці ў эксплуатацыю два шматкватэрныя жылыя дамы. Акрамя таго, будаўнікі прыступяць да ўзвядзення яшчэ двух шматкватэрнікаў, увод якіх запланаваны на 2027 год».
Каб новыя жыхары адчувалі сябе камфортна, адначасова з жыллём узводзіцца сацыяльная інфраструктура. Спецыяліст зазначыла, што да канца 2026-га ў Смалявічах плануецца ўвесці ў эксплуатацыю дзіцячы садок і агульнаадукацыйную школу. Гэта дазволіць цалкам забяспечыць патрэбнасці горада-спадарожніка ў гэтых аб’ектах.
Сёлета сталічныя ўлады таксама засяроджаны на ўводзе значных сацыяльных аб’ектаў.
Так, па словах Ірыны Гонтаравай, ужо ў сакавіку рыхтуецца да ўводу шматпрофільная паліклініка ў мікрараёне Усходні. На фінішнай прамой — будаўніцтва інфекцыйнага клінічнага дыспансера, які плануецца здаць да лістапада. Для медыцынскіх работнікаў побач з ім прадугледжаны інтэрнат. Акрамя таго, працягваецца будаўніцтва 6-й гарадской клінічнай бальніцы і анкалагічнага дыспансера па праспекце Незалежнасці.
«У сакавіку адчыніць дзверы новая дзіцячая дашкольная ўстанова ў межах вуліц Таежная і Ключавая. Актыўна вядзецца будаўніцтва дзвюх агульнаадукацыйных школ — у мікрараёнах Сокал і Паўночны Бераг», — паведаміла Ірына Гонтарава.
Надзея ЗУЕВА