Top.Mail.Ru

Што яшчэ падарыў «Марафон адзінства» сталіцы?

Ад сустрэч з размовамі пра асабістае і агульначалавечае да маштабных і значных выставак, ад спеваў на прадпрыемствах і проста на вуліцы да вялікіх канцэртаў — рэспубліканская грамадска-культурная акцыя робіць свае яркія прыпынкі ў розных раёнах сталіцы нашай краіны, ладзячы імпрэзы для людзей розных узростаў і прафесій, такім чынам, праз незабыўныя падзеі і святочную атмасферу, яднаючы грамадзян Беларусі.


Новыя адкрыцці

Яркае незабыўнае мерапрыемства прайшло позна ўвечары чацвярга ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, якая гасцінна расчыніла свае дзверы і запрасіла ўсіх ахвотных акунуцца ў калейдаскоп «Ночы адкрыццяў».

— Мы не маглі застацца ўбаку, калі «Марафон адзінства» прыйшоў у Мінск. Мы ўжо даўно думалі аб тым, як злучыць разам музыку, тэатр, вершы, кнігу, лекцыі. І вось з’явілася цудоўная магчымасць. Чаму б ёю не скарыстацца? У працэсе падрыхтоўкі падключыліся ўсе: Вялікі тэатр Беларусі, блогеры, Саюз журналістаў, нашы тэлеканалы, — адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін.

Па словах кіраўніка бібліятэкі, «Марафон адзінства» сапраўды паказвае, як можна працаваць сучасна, творча падыходзіць да любой справы. Асабліва да такіх важных, як інфармаванне людзей і асвета.

— Адукацыя, выхаванне — важна, але асвета — гэта місія бібліятэк. А вось як мы гэту асвету рэалізуем, ужо залежыць ад нашага творчага падыходу, — заключыў Вадзім Гігін.

У вечар чацвярга падыход быў вельмі творчым. Бібліятэка прапанавала мноства тэматычных пляцовак, дзе кожны мог знайсці занятак па душы. Майстар-класы па народнай творчасці, інтэрактыўная праграма БРСМ, міні-канцэрт артыстаў Вялікага тэатра Беларусі, серыя майстар-класаў ад Саюза журналістаў Беларусі, шматлікія выстаўкі і шмат усяго іншага цікавага, захапляльнага і карыснага…

Таксама падчас мерапрыемства госці бібліятэкі маглі далучыцца да актыўнай экскурсіі-квэсту «Шлях Вялікай Перамогі». Паводле слоў загадчыка сектара аддзела экскурсійна-метадычнай работы Іны Каранінай, гэты квэст прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі. Удзельнічаць у ім маглі як дзеці сярэдняга школьнага ўзросту, так і дарослыя.

— У рамках гэтай падзеі ў нас па бібліятэцы размешчаны пазнакі з QR-кодамі, іх трэба знайсці па карце і выканаць заданне, тым самым паглыбіўшы свае веды аб подзвігах нашых герояў і падзеях часоў Вялікай Айчыннай вайны, — растлумачыла яна.

Галоўная мэта — у выніку выканання заданняў адкрыць важнае слова. Пасля гэтага квэст лічыцца завершаным і яго ўдзельніку належыць падарунак — уздым на аглядную пляцоўку. Цікава і тое, што гэты квэст адрозніваецца ад тых, якія раней праводзіліся ў бібліятэцы.

— Перш за ўсё ён арыентаваны на самастойнае праходжанне. Гэта аптымальны варыянт для фармату мерапрыемства, таму што нашым гасцям не трэба быць прывязаным да групы, а можна ўсё выконваць самому, — заключыла Іна Караніна.

Нікога з наведвальнікаў «Ноч адкрыццяў» не пакінула абыякавымі. Кожны знайшоў для сябе нешта новае, добра правёў час і паглядзеў на Нацыянальную бібліятэку Беларусі з іншага боку.

«Неабходна мець унутраную сілу»

Навучэнцы Мінскага дзяржаўнага каледжа гандлю і камерцыі ў пятніцу мелі магчымасць задумацца пра тое, што значыць быць асобай. Для іх «НЯсумная НЯлекцыя» пачалася з экзістэнцыяльных пытанняў: пра выбар, жыццёвыя перспектывы і планы на будучыню. Вядома, ёсць пытанні, на якія кожны шукае адказ сам. Але калі жывеш у грамадстве, то яно так ці інакш уплывае на тваё светаадчуванне і разуменне таго, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі. Нездарма такія сур’ёзныя тэмы ўздымаліся падчас размовы з маладымі людзьмі дырэктарам Навукова-даследчага інстытута тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Марыянай Шчоткінай. Моладзь, якая неўзабаве будзе працаваць на эканоміку краіны, пакуль набывае веды па прафесіі, але адначасова аналізуе і робіць высновы з таго, што бачыць і чуе, таму кожная сустрэча, кожнае слова паважанага госця ці чалавека, які дасягнуў вышынь у прафесіі і кар’еры, мае вагу.

Марыяна Шчоткіна распавяла пра свой прафесійны і жыццёвы шлях, які, дарэчы, прывёў яе на работу ў органы кіравання беларускай дзяржавы. Але кожны чалавек у жыцці робіць выбар незалежна ад таго, на якой пасадзе працуе і чым займаецца. «Вы заўсёды павінны ўмець пастаяць за сябе. Вы адказваеце за сябе, вас будуць паважаць, калі будзеце моцнай асобай. Гэта значыць, што неабходна мець унутраную сілу. Мы гаворым аб асобасным патэнцыяле, а гэта магчымасць развівацца. Такая магчымасць ёсць абсалютна ў кожнага», — адзначыла дырэктар Навукова-даследчага інстытута тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце.

Жыць у Беларусі — гэта таксама выбар. Марыяна Шчоткіна звярнулася да прысутных: «Што такое краіна магчымасцяў? Гэта калі ўсё залежыць ад цябе. Не думайце, што нехта будзе весці вас па жыцці — толькі вы самі. Калі вы цікавыя, пастаянна развіваецеся, то магчымасці будуць заўсёды. Мы павінны сябе шанаваць. Трэба памятаць, што ты асоба, але і побач з табой таксама асобы». Размова з маладымі пра іх магчымасці зразумелая: яны плануюць сваю будучыню, шукаюць шляхі развіцця і ставяць амбіцыйныя мэты, але ад іх залежыць наша агульнае заўтра.

Музычны падарунак для «камароўкі»

Апошні канцэрт «Разам працуем, разам спяваем» у рамках марафону прайшоў у незвычайнай лакацыі. Сцэна размясцілася паміж прылаўкамі з агароднінай і прысмакамі на любімым у мінчан і гасцей сталіцы Камароўскім рынку. Такі творчы падарунак ацанілі не толькі работнікі рынку, але і пакупнікі. Адна з бабуль, якой удалося не толькі праспяваць «Чужую мілую» разам з Аляксандрам Саладухам, але і падняцца на сцэну да любімага артыста, прызналася, што эмоцыі яе перапаўняюць.

Гледачамі канцэрта сталі не толькі выпадковыя наведвальнікі рынку. Шмат хто ехаў на «Камароўку» спецыяльна, каб сустрэцца з любімымі артыстамі. Яны пачалі збірацца вакол сцэны загадзя. Адным з першых зручнае месца пастараўся заняць Яўген Баешка — хлопец прыехаў на інваліднай калясцы. Ён прызнаўся, што жыве ў іншым раёне, і на «Камароўку» прыехаў менавіта па ўражанні. Яму падабаюцца падобныя яскравыя мерапрыемствы, і па магчымасці ён стараецца іх не прапускаць. Важна толькі, каб на такіх канцэртах стваралася безбар’ернае асяроддзе. Марафон для яго — гэта найперш свята, а яшчэ выдатная магчымасць адчуць, як дружна жывуць людзі, што ёсць падтрымка ў грамадстве. «Дзякуючы нашаму Прэзідэнту мы жывём у мірнай краіне, адчуваем, што мы адзіныя, і гэта якраз выдатна паказвае марафон», — падзяліўся хлопец.

Незвычайная, здавалася б, не прызначаная для канцэртаў, пляцоўка нічым не засмуціла артыстаў ансамбля народнай музыкі «Бяседа». «Нам вельмі радасна выступаць для народа, нашай сталіцы, любімай краіны. Для нас усе пляцоўкі і ўсе гледачы роўныя. Мы не глядзім: гэта Палац Рэспублікі ці звычайны сельскі клуб. Заўсёды гэта вельмі душэўныя сустрэчы, куды мы прыходзім з адкрытымі сэрцамі і любімымі песнямі, якія гледачы спяваюць разам з намі», — падзяліўся саліст ансамбля «Бяседа», уладальнік медаля Францыска Скарыны, нагруднага знака за ўклад у развіццё культуры Беларусі Валянцін Кірыленка. Галоўнае, любая сустрэча — магчымасць далучыць людзей да сапраўднага мастацтва, спадчыны, якая перадавалася з пакалення ў пакаленне. «Марафон адзінства», па словах суразмоўцы, — гэта прыступка, на якую ўсім трэба ўзняцца, каб крочыць у будучыню: «Мы павінны імкнуцца да вяршынь, але важна, каб захоўвалася і прымнажалася тое, што маем».

Старшыня Мінскага гарадскога савета дэпутатаў Арцём Цуран перад пачаткам канцэрта на «Камароўцы» заўважыў, што, па сутнасці, гэта адно з фінішных мерапрыемстваў «Марафону адзінства» і ўжо можна падводзіць пэўныя вынікі: «Мы былі на многіх прадпрыемствах — нашых флагманах, тых, што сталі ўжо брэндавымі ў горадзе і нашай краіне. Практычна ўсюды бачылі ўпэўненасць работнікаў прадпрыемстваў, жыхароў у заўтрашнім дні». Вядома ж, такое адчуванне нарадзілася не сёння, на гэта краіна працавала 30 гадоў, яшчэ з часоў развалу Савецкага Саюза, калі прымаліся сур’ёзныя рашэнні, накіраваныя на тое, каб захаваць нашу прамысловасць.

«Сёння ў цэнтры палітыкі нашай дзяржавы стаіць чалавек — працоўны, творца, навучэнец, пенсіянер. Кожны ведае, што ён жыве ў ціхай, мірнай краіне і заўтра будзе такі ж добры дзень, — звярнуўся Арцём Цуран да гледачоў і заклікаў прыходзіць на выбарчыя ўчасткі. — Мы разам, мы адзіныя. Давайце зробім выбар на карысць нашых маладых людзей, каб і далей у нашай краіне быў мір, спакой і дабрабыт».

«Марафон адзінства» не спыняецца. Сёння, 25 студзеня, ён робіць яшчэ адзін «народны» прыпынак каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе з раніцы ўсіх ахвотных запрашае на квэст «Гэта ўсё маё роднае», апоўдні — на акцыю «Гэта мая краіна», а 15-й гадзіне — на канцэрт «Мы разам!»... Выхадны дзень, зручны час. Імпрэза адбудзецца пры любым надвор’і, бо цёпла там, дзе ёсць добрыя людзі.

Фота Лізаветы ГОЛАД, Віктара ДРАЧОВА, БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю