Top.Mail.Ru

Што вывучаюць сучасныя школьнікі на ўроках працы і ці патрэбны такі прадмет наогул?

Удасканаленне сістэмы адукацыі — тэма не новая. Гучыць яна з розных трыбун, і з самай высокай таксама: кіраўнік дзяржавы не адзін раз закранаў пытанні працоўнага выхавання школьнікаў. 



На Усебеларускім народным сходзе ў снежні 2025-га Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Адназначна школьнікі павінны займацца грамадска карыснай працай, асабліва гарадскія». Ён таксама адзначыў, што ўменне працаваць павінна быць захавана, бо сумесная дзейнасць аб’ядноўвае і выхоўвае.


Першы крок і да працы, і да сваёй прафесійнай дзейнасці дзеці робяць у школе, на ўроках працы. У тыднёвым раскладзе школьніка працоўнае навучанне прапісана раз на тыдзень. Чаму можна навучыцца за гэты час, якія бытавыя асновы спасцігнуць і забраць з сабой у дарослае жыццё? Каб высветліць гэта, карэспандэнты «Звязды» адправіліся ў мінскую сярэднюю школу № 130 імя Рут Уолер і патрапілі на ўрок працы да Іны КАСЦЯЛЕЙ.


«Я проста настаўнік, які любіць дзяцей»

Наконт вызначэння «проста настаўнік» Іна Мікалаеўна паскромнічала: яна — настаўнік працоўнага навучання вышэйшай катэгорыі. 

У педагагічнай супольнасці яе ведаюць і як паспяховага педагога, чые вучні становяцца прызёрамі алімпіяд, і як метадыста, які транслюе вопыт на семінарах і майстар-класах для іншых настаўнікаў.


Да таго ж гэта прафесія дасталася ёй у спадчыну ад пяці пакаленняў настаўнікаў. Яна ў дынастыі шостая, сын Арцём, які не змяніў прыхільнасці свайго роду, — сёмы, ён таксама працуе настаўнікам у школе. Іна Касцялей вырасла ў сям’і, дзе пакаленні аддавалі дзясяткі гадоў складанай і адказнай педагагічнай дзейнасці, таму яна ўпэўнена, што дзіця павінна выхоўвацца з разуменнем і павагай да працы:

— Калі дзіця будзе працавітым, у яго будзе іншае стаўленне і да вывучэння і фізікі, і матэматыкі, і замежных моў, і да многага іншага. Гармонія прыйдзе.

Мяркуючы па тым, як дзяўчынкі ў прывабных фартушках, з падабранымі хустачкамі, абадкамі або гумкамі валасамі за сваімі сталамі з цікавасцю вывучалі кавалкі тканіны — хтосьці разглядаў іх з дапамогай лупы, хтосьці вымяраў лінейкай, а хтосьці старанна «пальпаваў», — у гэты клас, у яго атмасферу гармонія ўжо прыйшла. А нас паціху стала накрываць цёплая хваля настальгіі: фартушкі, хустачкі і чаканне ўрока працы, на якім мы будзем выпякаць, шыць альбо рабіць сваімі рукамі якую-небудзь прыгажосць. Гэтыя ўрокі былі для нас не толькі як глыток свежага паветра ў напружаным рытме вучобы. Гэта было яшчэ і яднанне агульнай справай, агульным вынікам, які ацэньваў не толькі настаўнік, але і хлапчукі з нашага класа...

— І цяпер адбываецца прыкладна тое ж, — кажа Іна Мікалаеўна. — Дзяўчынкі вельмі любяць гатаваць: і катлеты, і розныя прысмакі. Прыгатуюць — і нясуць на пробу сваім аднакласнікам-хлапчукам, якія, у сваю чаргу, для заняткаў дамаводствам вырабілі для дзяўчат выдатныя драўляныя лапаткі.

Умелыя рукі не дадуць прапасці

У школе Іна Касцялей працоўнае навучанне вядзе з 2008 года.

— Прадмет мяняўся на маіх вачах, калі ў працоўнага навучання гадзіны забіралі і аддавалі іншым прадметам, — успамінае педагог. — Бачыла, як мяняліся дзеці, іх бацькі і стаўленне да прадмета. 

На думку Іны Мікалаеўны, цікавасць дзяцей да таго ж шыцця і гатавання сёння вялікая:

— Я заўсёды кажу, што ўмелыя рукі не дадуць нікому прапасці. Жыць у чысціні, у доме, дзе апетытна пахне свежапрыгатаванай ежай, — гэта шчасце. Гэтаму мы і вучым на ўроках працы — ствараць свой шчаслівы хатні свет.

Але самая лепшая матывацыя, лічыць наша суразмоўніца, — гэта ўсё ж такі разуменне і падтрымка з боку дарослых.

— У трыа настаўнік—дзіця—бацькі ўсе галасы павінны гучаць ва ўнісон адзін з адным, — упэўнена Іна Касцялей. — І тады ўсё атрымаецца.

А яшчэ яна пераканана, што настаўнік павінен любіць дзяцей, якіх вучыць, як сваіх. Пра гэта кажа не яна — кажуць яе сэрца і тое, як дзяўчынкі горнуцца да свайго педагога.


Прафесія — гаспадыня

Добрая гаспадыня ў доме — гэта таксама прафесія, лічыць Іна Мікалаеўна, і не важна, дзе жанчына працуе і якую пасаду займае.


— Сучасныя мамы шмат працуюць, — разважае яна. — Калі вяртаюцца дадому, імкнуцца з усім управіцца хутчэй, таму дзяцей, якія «круцяцца пад нагамі», з кухні праганяюць. Уборку, мыццё і прасаванне таксама ўзвальваюць на сябе — маўляў, хутчэй справяцца... Такім чынам, вось такую бытавую недасведчанасць гадуюць у дзецях часам самі бацькі. Дзеці сталеюць, дарослыя схамянуцца — але ўжо позна. У выніку хлопчык не ўмее ў руках малаток трымаць, дзяўчынка не можа самастойна памыць посуд — для гэтага ёсць пасудамыйка. Таму ўрокі працы сёння вельмі важныя і патрэбныя. Мы не толькі рыхтуем школьнікаў да пэўнай прафесіі, нават у меншай ступені да пэўнай прафесіі, мы рыхтуем іх да жыцця, да бытавых дробязяў, да таго, каб чалавек мог абслугоўваць сябе і сваю сям’ю. Дарэчы, у тэхнічнай частцы працоўнага навучання, якой займаюцца хлопчыкі, з’явілася шмат тэм, якіх раней не было, — гэта і рамонт мэблі, і замена фурнітуры, і многае іншае, што спатрэбіцца ім потым у побыце.

У Іны Касцялей нямала паслядоўнікаў — яе вучаніц, якія выбралі той жа, што і яна, прафесійны шлях. Сярод іх і настаўнікі, у тым ліку працоўнага навучання, і выхавальнікі ў дзіцячым садку. Ёсць нават дызайнер.


З алімпійскім замахам

Падрыхтоўка дзяцей да алімпіяды па вучэбных прадметах даўно стала часткай жыцця гераіні нашага аповеду.

— Гэта камандная работа, — расказвае Іна Мікалаеўна. — У Мінску ёсць цэлая каманда настаўнікаў пад кіраўніцтвам метадыста МГІРА Валянціны Шарапавай, якая гэтым займаецца, я там з 2016 года. Мы рыхтуем дзяцей на вырашальны рэспубліканскі этап алімпіяды.

Сярод выхаванак Іны Касцялей ёсць прызёры і пераможцы алімпіяды па працоўным навучанні. Вось і цяпер вучаніца 11 класа Аліна рыхтуецца выступіць на спаборніцтвах найлепшых. Дзяўчына збіраецца звязаць сваё жыццё з эканомікай, але перамагчы ў гэтым конкурсе для яе — справа прынцыпу. Па-першае, таму што любіць гэты прадмет, па-другое, шмат ведае і ўмее.


Я пацікавілася ў педагога, ці маюць прэферэнцыі пры паступленні дыпламанты і пераможцы алімпіяды па працоўным навучанні.

— У хлопчыкаў ёсць такая магчымасць, — кажа яна. — Напрыклад, БНТУ прапануе шэраг спецыяльнасцяў для паступлення без здачы ЦТ. А вось у дзяўчынак магчымасцяў менш — з ільготамі, якія сёння існуюць для пераможцаў і прызёраў алімпіяды, можна паступіць толькі ў Мазырскі педуніверсітэт. Спадзяёмся, што з часам такія магчымасці адкрые і галоўная педагагічная ВНУ краіны.

Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю