Top.Mail.Ru

Што вядома пра адкрывальніка новых земляў Івана Чэрскага

У яго і раней здараліся хвіліны, калі, здавалася, свет клінам сышоўся, але спадзяванне на лепшае ўсё ж не пакідала. Ды цяпер настаў такі момант, калі стала відавочна: на нешта лепшае спадзявацца больш не даводзіцца. Будучыня не свеціць. Тыя сорак сем гадоў, што пройдзены-выпакутаваны, — мяжа, якую ніколі не пераступіць. Таму адзінае, што застаецца, — прайсці ў думках колішнімі сцежкамі, паспрабаваць разабрацца, ці тымі былі яны, па якіх трэба было ступаць. 


Штрафнік ахоўваў штрафнікоў 

Маленства Івана Чэрскага (у некаторых дакументах называецца Янам, хоць быў беларусам) прайшло ў сям’і небагатага шляхціца (нарадзіўся 15 мая 1845 года ў маёнтку Свольня, цяпер — Верхнядзвінскі раён). Бацька памёр рана, таму давялося больш разлічваць на ўласныя сілы. Але ахвота да вучобы ўзяла верх над жыццёвай неўладкаванасцю. Закончыў Віленскую гімназію, паступіў у мясцовы ўніверсітэт. Аднолькава вабіла і батаніка, і геаграфія. І геолагам хацеў быць, і нават антраполагам. Грунтоўныя веды па гэтых прадметах і атрымаў. Акрамя таго, авалодаў пяццю замежнымі мовамі. 

Аднак барацьба з самадзяржаўем унесла карэктывы ў лёс. Спачатку яму, як і яго сябрам, наканавана была віцебская турма, а пасля суд і пажыццёвая ссылка ў Сібір, у салдаты. Этап праходзіў праз Табольск, Омск... Омскі лінейны батальён, і — нават не верыцца! — сам штрафнік Чэрскі ахоўваў гэткіх жа самых штрафнікоў. Цікава яшчэ і тое, што ўсё адбывалася ў тым самым «мёртвым доме», у якім дзесяць гадоў таму пабываў Фёдар Дастаеўскі. 

Па дарозе ў Омск пазнаёміўся, а пасля і пасябраваў з маладым вучоным Аляксандрам Чаканоўскім, таксама ссыльным, які захапляўся батанікай. А паколькі ссыльным дазвалялася адыходзіць на некаторую адлегласць ад лагера, шмат блукаў па берагах Абі і Іртыша, збіраў рэдкія расліны для гербарыя, шукаў рэшткі дагістарычных жывёлін, якіх тут захавалася шмат. Яны выступалі на паверхню, калі, размытыя вадой, берагі абсыпаліся. Меў у сваёй калекцыі і розныя мінералы, ракавіны. 

Пра гэтыя росшукі даведаўся вядомы падарожнік Рыгор Патанін, які жыў у Омску. Ён пазнаёміўся з яго калекцыяй і параіў паслаць ракавіны ў Маскоўскі ўніверсітэт. Адказу Чэрскі, праўда, не дачакаўся, але паставіліся да яго прыязна. Летам 1868 года ў Заходняй Сібіры аказаўся ў навуковай экспедыцыі акадэмік Аляксандр Міддэндорф. У Омску ўжо шмат гаварылі пра дзіўнага ссыльнага, які толькі тым і займаецца, што збірае розныя ракавіны, малюскаў, пераварочвае на берагах горы пяску. «Дзівак, нічога не скажаш», — каментавалі свой аповед. Міддэндорф жа, як ніхто іншы, бо і сам быў апантаным навукоўцам, ведаў, як часта падобныя няўрымсліўцы робяць шмат адкрыццяў. 

Пазнаёміўшыся з яго калекцыяй ракавін, Аляксандр Фёдаравіч застаўся ўражаны яе багаццем і рознабаковасцю. Не хаваў гэтага ад Чэрскага. Найбольш уразіла яго, што ракавіны, якія той сабраў, былі зусім не марскімі. Значыць... Магчыма, сам таго не ведаючы, Чэрскі зрабіў сапраўднае навуковае адкрыццё. 

— Ведаеце, — сказаў Міддэндорф, — відаць, давядзецца адмовіцца ад меркавання, што Заходне-Сібірская раўніна была калісьці дном мора. Як жа магла яна быць дном мора, калі ракавіны, знойдзеныя вамі, рачныя? 

Адкрыцці падштурхнулі амністыю 

Пра Чэрскага ўспомніў і восенню 1871 года, калі ў Іркуцку ствараўся Усходне-Сібірскі аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. Яго адначасова прызначылі бібліятэкарам, пісарам і кансерватарам. Пасяліўся на ўскраіне горада, на беразе рэчкі Ушакоўкі, зняўшы невялікі пакойчык ва ўдавы-прачкі. Пры першай жа сустрэчы кінуў вока на гаспадарскую дачку Маўрачку. Ёй было тады толькі трынаццаць гадкоў, яму ж споўнілася дваццаць пяць. Калі даведаўся, што і сама Маўрачка, і яе старэйшая сястра Оля не ведаюць граматы, падахвоціўся навучыць іх чытаць-пісаць.

У 1878 годзе яму прапанавалі заняцца навуковым вывучэннем Байкала і яго ваколіц. Маўра была ўжо не кволай прыгожай дзяўчынкай, а нявестай, як кажуць, на выданні. Прапанаваў ёй стаць жонкай. Байкал Чэрскія вывучалі ўдваіх. Падарожнічалі на парусніку. Абследавалі паўвостраў Святы Нос, Чывыркуйскі заліў, выйшлі да вытокаў Верхняй Ангары. Восенню вярнуліся ў Іркуцк. Непрыкметна за апісаннем, сістэматызацыяй матэрыялаў прайшла зіма, і, як толькі пацяплела, Чэрскі сабраўся ў чарговую экспедыцыю. Ехаў адзін, бо Маўра Паўлаўна ўжо гадавала сына Сашку.

Рускае геаграфічнае таварыства ў 1882 годзе стварыла новую метэаралагічную станцыю на Ніжняй Тунгусцы. Пачалі шукаць ахвотніка весці ў далёкім краі назіранні за прыродай. Чэрскі, нядоўга разважаючы, у пачатку ліпеня з жонкай і трохгадовым сынам сабраўся ў дарогу, у сяло Праабражэнскае, дзе і знаходзілася станцыя. 

Чаканую амністыю атрымаў толькі ў Пецярбургу, куды Акадэмія навук выклікала яго вясной 1885 года. Па прыездзе працаваў у Геаграфічным таварыстве, але нядоўга. Акадэмія навук прапанавала паехаць у раён Калымы і Індзігіркі. Тым больш што ў дадзены момант меў і ўласныя навуковыя інтарэсы. У Пецярбургу апісваў рэшткі дагістарычных жывёл, прывезеных з раёна мора Лапцевых іншымі даследчыкамі. Гэта былі ў асноўным косткі насарогаў і мамантаў. Прыйшоў да высновы, што на месцы цяперашняй тундры і лесатундры колісь знаходзіліся трапічныя лясы, якія і давалі жывёлам багата корму. Аднак ці адны насарогі і маманты жылі там? Станоўча альбо адмоўна на гэтае і іншыя пытанні можна было адказаць толькі на месцы. 

Каб завяршалі без яго 

З жонкай і сынам вярнуўся ў Іркуцк, адкуль дабраўся да сяла Качуг на Лене. Па рацэ праплыў у Якуцк, дзе, шукаючы правадніка, сустрэўся з былым казацкім ураднікам Сцяпанам Растаргуевым. 14 ліпеня 1891 года Чэрскія разам з ім адправіліся з Якуцка, каб з вялікімі цяжкасцямі, пераадолеўшы Алданскі хрыбет, прыбыць 28 жніўня ў Верхнекалымск. Пачыналася ўжо зіма, таму вырашылі перачакаць яе ў пасёлку, наняўшы невялікую хатку. Бяда ў тым, што нечакана захварэў. Ён і дагэтуль быў хваравітым, а тут — цяжкая дарога, пастаянная нястача. Разлічваў, што арганізм вытрымае, пераадолее нямогласць. Ды і занятак па душы знайшоў. Запісваў звычкі, быт якутаў, юкагіраў, эвенаў і іншых народаў, іх фальклор, вывучаў мову. Шмат распытваў, як жывуць яны, чым займаюцца. Паступова прыйшоў да думкі, што і ва ўмовах Поўначы можна з поспехам займацца земляробствам. 

Усе гэтыя турботы адбіралі нямала часу, але не маглі адарваць ад галоўнага. Штодня думаў пра экспедыцыю. Часцей прыходзіў да высновы: можа стацца так, што завяршаць яе давядзецца без яго. Калі так, дык гэта будзе яго завяшчанне. 25 мая 1892 года, яшчэ ў Верхнекалымску, напісаў «Адкрыты ліст». Прама канстатаваў: «Сур’ёзная хвароба, што напаткала мяне перад ад’ездам, прымушае сумнявацца ў тым, ці дажыву я да прызначанага часу адбыцця. Экспедыцыя, акрамя геалагічных задач, мае яшчэ заалагічныя і батанічныя, якімі займаецца мая жонка Маўра Паўлаўна Чэрская...» 

Хацеў, каб пачатая справа не спынілася на паўдарозе: «У выпадку маёй смерці, дзе б яна мяне ні заспела, экспедыцыя пад кіраўніцтвам жонкі маёй Маўры Паўлаўны Чэрскай павінна ўсё-такі сёлета летам абавязкова даплыць да Ніжнекалымска». Дадаў, што інакш «Акадэмія павінна пацярпець буйныя страты ў навуковых выніках, а на мяне, дакладней на маё імя, да гэтага часу нічым не заплямленае, кладзецца ўвесь цяжар няўдачы. Толькі па вяртанні экспедыцыі назад у Верхнекалымск яна павінна лічыцца завершанай».

* * * 

7 ліпеня 1892 года яго не стала. Дождж змяніўся самай што ні ёсць снежнай завірухай, якая, праўда, гэтаксама нечакана, як з’явілася, так і знікла. Але не пацяплела — імжэла, як ніколі раней. Толькі на трэці дзень змаглі Маўра Паўлаўна, Растаргуеў, Саша пахаваць яго, зрабіўшы дамавіну з вялізнага тапляка, выкінутага на бераг, і выкапаўшы ў вечнай мерзлаце магілу. 

Яны ж і выканалі завяшчанне Чэрскага, давёўшы экспедыцыю да канца. Маўра Паўлаўна пазней дабралася ў Пецярбург, сустрэлася, як таго прасіў муж, з Пятром Сямёнавым-Цянь-Шанскім. Перадала калекцыі мужа, яго запісы. Зберагла назаўсёды памяць аб мужы. Збераглі памяць гэтую і нашчадкі. 

Аб тым, што жыў на зямлі «выдатны даследчык Сібіры, Калымы, Індзігіркі і Яны, геолаг і географ Іван Дзяменцьевіч Чэрскі» (так сказана на яго надмагільным помніку), нагадваюць горад Чэрскі ў нізоўях Калымы, даліна Чэрскага ў Саянах і перавал Чэрскага на рацэ Харок. Ёсць горны краж Чэрскага ў Забайкаллі і горная сістэма яго імя ў ПаўночнаУсходняй Якуціі, гара Чэрскага пад Іркуцкам. 

Глыбокі сэнс набываюць яго словы: «Нават мёртвы я павінен быць наперадзе...» 

Алесь МАРЦІНОВІЧ 

Што Байкал — сапраўды мора, цяпер у свеце ведаюць усе, але не без яго, Чэрскага, дапамогі. Ён жа склаў геалагічную карту берагавой паласы возера, што была прадстаўлена на Міжнародным геаграфічным кангрэсе ў Венецыі. Цяпер ёй карыстаюцца ў многіх краінах свету, калі неабходна атрымаць пэўныя звесткі адносна геалагічнай структуры возера. Дэталёва вывучаў Саяны і Прыангор’е. Знайшоў унікальны помнік каменнага веку на правым беразе прытока Ангары-Ушакоўкі. А ў пячоры, што каля Ніжнеудзінска, натрапіў на косці дваццаці відаў выкапнёвых жывёл. Рускае геаграфічнае таварыства прысудзіла яму за даследаванне Байкала залаты медаль.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю