У Акадэміі МУС адбылося мерапрыемства, якое прыцягнула вялікую колькасць цікаўных. Дзверы ўстановы адчыніліся нашмат раней запланаванага часу — многія прыехалі з самай раніцы.
Госці, сярод якіх не толькі абітурыенты, але і іх бацькі, педагогі, змаглі наведаць самыя цікавыя лакацыі акадэміі, падсілкавацца палявой кашай і сагрэцца чаем. Кожная пляцоўка знайшла свайго гледача: на пляцы былі прадстаўлены міліцэйскія службы і падраздзяленні іншых ведамстваў, для якіх установа рыхтуе кадры; паказальныя выступленні для наведвальнікаў арганізавала зборная каманда ВНУ па рукапашным баі; дзіўныя ўменні прадэманстравалі службовыя аўчаркі Тор і Арчы, а выкладчыкі кафедраў паказалі, чаму і як навучаюць курсантаў. Абітурыенты таксама агледзелі цір і спартыўныя залы, жылыя памяшканні і навучальныя аўдыторыі.

.jpg)
Самае каштоўнае такіх сустрэч — магчымасць знаёмства будучых курсантаў, кіраўніцтва ВНУ і прыёмнай камісіі. Акрамя таго, у залах прысутнічалі прадстаўнікі кадравых падраздзяленняў, якія адказвалі на ўсе пытанні. Самыя рашучыя хлопцы і дзяўчаты падалі заявы для навучання ў міліцэйскіх ВНУ ўжо ў першыя хвіліны дня адкрытых дзвярэй, але іх прымалі на працягу ўсяго мерапрыемства.
Аміна НАЗАРАВА
Фота: прэс-служба Акадэміі МУС