Top.Mail.Ru
192

Што цікавага паглядзець на міжнародным медыцынскім форуме «Ахова здароўя»?

У сталіцы адкрыўся 30-ы юбілейны міжнародны медыцынскі форум «Ахова здароўя Беларусі — 2025». Сёлета ў выстаўцы бяруць удзел каля 190 экспанентаў з 8 краін — Беларусі, Расіі, Кітая, Егіпта, Ірана, Турцыі, Венгрыі і Швейцарыі. Сярод іх вядучыя айчынныя вытворцы медыцынскай тэхнікі, вырабаў медыцынскага прызначэння, расходных матэрыялаў, стаматалагічнага абсталявання і фармацэўтычнай прадукцыі.


Форум — гэта выдатная прэзентацыйная пляцоўка для кампаній, якія вырабляюць або пастаўляюць фармпрадукцыю, медабсталяванне, матэрыялы і інструменты, а таксама інавацыйныя распрацоўкі і ІТ-рашэнні ў галіне аховы здароўя. Праграма ўключае ў сябе выстаўку і шырокую дзелавую праграму, у рамках якой сёлета пройдзе каля 30 навукова-практычных канферэнцый, семінараў і прэзентацый.

У прывітальным адрасе, які накіравала ўдзельнікам форуму Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, падкрэсліваецца, што падобныя мерапрыемствы становяцца платформай для эфектыўнага ўкаранення перадавых практык, выпрацоўкі стратэгій, накіраваных на комплекснае пашырэнне прафесійных кампетэнцый. «На працягу трох дзесяцігоддзяў форум збірае ў нашай сталіцы высокакваліфікаваных урачоў, вядучых вытворцаў спецыяльнага абсталявання, прадстаўнікоў фармацэўтычных кампаній і адукацыйных устаноў. Гэта знакавая падзея адкрывае ўнікальныя магчымасці для дасягнення навуковых мэт, устанаўлення партнёрскіх кантактаў і прасоўвання інавацыйных прадуктаў практычнай медыцыны. Сёння менавіта вы стаіце на варце самага каштоўнага — жыцця людзей», — адзначыла Наталля Качанава, дадаўшы, што беларускія спецыялісты штодзённа прадстаўляюць даступную і якасную медыцынскую дапамогу грамадзянам, актыўна прымяняюць найноўшыя тэхналагічныя распрацоўкі, пацвярджаючы высокі статус сацыяльна арыентаванай дзяржавы.

Міністр аховы здароўя Аляксандр ХАДЖАЕЎ звярнуў увагу на той факт, што за мінулы год да беларускіх медыкаў звярнуліся па дапамогу больш за 160 тысяч замежных грамадзян са 159 краін свету. Гэта сведчыць пра тое, што наша медыцына каціруецца ва ўсім свеце.

— І дзякуючы такому маштабнаму мерапрыемству, як сённяшняя выстаўка, мы можам дасягаць вынікаў, якія датычацца ўкаранення сучасных тэхналогій, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, і аказваць якасныя медыцынскія паслугі ў першую чаргу нашым грамадзянам і тым, хто мае ў ёй патрэбу з іншых краін, — адзначыў Аляксандр Хаджаеў.

Старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валерый МАЛАШКА акцэнтаваў увагу на тое, што на выстаўцы прадстаўлены найлепшыя ўзоры беларускай медыцынскай тэхнікі, лекавых прэпаратаў, якія былі распрацаваны ў тым ліку ў апошнія гады і ўкаранёны ў практычную ахову здароўя.

— Выстаўка абазначыла сур’ёзную дзелавую праграму і людзям, якія глядзяць у будучыню, будзе цікавая частка, дзе прадстаўлены стартапы ў галіне сістэмы аховы здароўя. Прадстаўнікі практычнай аховы здароўя знойдуць тут усё тое, што дапаможа ім развіваць галіну ў рэгіёнах і, вядома ж, дапамагаць у развіцці нашым суседзям, аказваць дапамогу нашым грамадзянам і замежным гасцям, — упэўнены Валерый Малашка.

Намеснік Генеральнага сакратара Кітайскай асацыяцыі медыцынскага абсталявання Жэнь Фан расказала, што ў выстаўцы ўдзельнічае 7 кітайскіх вытворцаў медтэхнікі і абсталявання і прадстаўлена прадукцыя 15 кампаній. Форум працягне сваю работу ў сталічным футбольным манежы да 18 красавіка.

Фота Віктар Іванчыкаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю