Зіма ўжо адлічвае свае апошнія дзянькі, а рыбакі, можна сказаць, толькі цяпер выйшлі на лёд. Пры гэтым не ўлічваюць, што ўстойлівы мінус быў зусім непрацяглы перыяд — далёка не ўсе вадаёмы нарасцілі неабходную таўшчыню ледзянога покрыва, бяспечную для зімовай рыбалкі. Адназначна не варта разглядаць замерзлы вадаём і ў якасці катка або магчымасці скараціць шлях. Недарэмна ў народзе кажуць: паспех — людзям на смех.
Зусім не месца для гульні
Пад лёд правальваюцца не толькі людзі. Днямі ратавальнікі Гомельшчыны дапамагалі выбрацца з вады ласю
З году ў год прыцягвае лёд і дзяцей. Адны выходзяць туды дзеля забавы наўмысна, іншыя аказваюцца на лёдзе, а затым і ў палонцы, — выпадкова. Так, днямі ў Мазыры хлопчык і дзяўчынка назіралі за качкамі на набярэжнай ракі Прыпяць у раёне парку «Перамога». Падчас гульні хлопчык паслізнуўся, у выніку праваліўся пад лёд і пачаў тануць. У гэты час побач праходзіў мужчына, які імгненна зрэагаваў на здарэнне. Ён падпоўз па лёдзе да пацярпелага і выцягнуў хлопчыка з вады. Відавочцы, якія назіралі за ратавальнай аперацыяй, выклікалі супрацоўнікаў МНС і медыкаў. На шчасце, хлопчык абышоўся толькі пераахаладжэннем.
Магло патануць дзіця і ў Заходняй Дзвіне ў Віцебску. Як высветлілася, двое сяброў вырашылі праверыць лёд на трываласць. Эксперымент праваліўся разам з адным з падлеткаў. Другі ўдзельнік эксперымента кінуўся сябру на дапамогу, але нічога не атрымалася — школьніка падхапіла цячэнне і ўсё далей адносіла ад берага. Зноў жа на дапамогу прыйшлі неабыякавыя грамадзяне. Жанчына, якая ўбачыла, што хутка можа здарыцца трагедыя, неадкладна патэлефанавала ратавальнікам.
«Калі супрацоўнікі МНС кідалі хлопчыку выратавальны круг, у таго ўжо не было сіл яго схапіць, — расказвае афіцыйны прадстаўнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Соф’я ГЛІНСКАЯ. — Тады ратавальнікі падплылі да дзіцяці, яно ўжо ў гэты час сыходзіла пад ваду. Звяртаемся да ўсіх бацькоў, каб яны яшчэ раз пагаварылі са сваімі дзецьмі аб небяспецы выхаду на лёд і аб магчымых негатыўных наступствах такіх паводзін і гульняў там, дзе гэта забаронена».
За крок ад бяды апынуўся і смаргонскі школьнік, які праваліўся ў ледзяную ваду, калі вырашыў скараціць шлях дадому. «Ён убачыў, што на лёдзе гуляюць дарослыя хлопцы, і падумаў, што для яго гэта будзе небяспечна, бо яны вялікія, а ён маленькі, а таму нічога страшнага з ім не здарыцца, — расказала пасля маці пацярпелага. — Але, на жаль, ён пайшоў не па моцным лёдзе (там, дзе гулялі хлопцы), а выйшаў да палонкі і праваліўся пад ваду. Сын казаў пасля мне, што вельмі моцна спалохаўся, што было вельмі холадна, цяжка. Рухацца ён не мог, бо з-за холаду скавала рукі і ногі».
Хлопчык спрабаваў выбрацца, але лёд ламаўся пад яго рукамі. Тады ён пачаў крычаць. На шчасце, паблізу апынуўся ваеннаслужачы пагранічнай групы, які выратаваў дзесяцігадовага хлопчыка.
«Я пачуў крык, думаць асабліва не было калі, — успамінае абставіны здарэння Андрэй МАЛЫШКА. — Падбег, скінуў куртку, пальчаткі, сумку і папоўз да яго. Лёд, вядома, прагібаўся. Пашанцавала, што тут, акрамя хлопцаў, быў мужчына. Ён падбег, кінуў клюшку. Я схапіўся за клюшку, за сваю ж сумку ўчапіўся. Мяне мужчына падцягваў за ногі, каб я разам з дзіцем пад ваду не сышоў. Дзякую богу, выцягнулі».
Пацярпелага адвезлі ў бальніцу. Пасля таго, як хлопчык прыйшоў у сябе, ён сказаў маме, што зразумеў, наколькі дарослыя маюць рацыю, калі папярэджваюць аб тым, што можа адбыцца.
Супрацоўнікі МНС традыцыйна праводзяць з дзецьмі шырокую прафілактычную работу, папярэджваючы аб небяспецы выхаду на лёд. Аднак у жыцці бывае ўсялякае, таму ратавальнікі пайшлі па яшчэ адным шляху — па ўсёй краіне яны праводзяць заняткі па плаванні для дзяцей. Мэта адна — навучыць правільным дзеянням у выпадку надзвычайнай сітуацыі. Гэтыя навыкі спатрэбяцца дзецям як цяпер, калі яны, не дай бог, акажуцца ў бядзе, так і летам, падчас адпачынку на вадаёмах. Акрамя таго, дзеці вывучаюць правілы аказання дапамогі пацярпелым на вадзе, што таксама не лішняе.
Слушныя парады
Каб засцерагчы рыбакоў ад трагедыі, супрацоўнікі МНС і АСВОД узмацнілі рэйды на вадаёмах краіны. Кантраляваць абстаноўку на лёдзе ратавальнікам дапамагаюць квадракоптары. Аднак у краіне столькі вадаёмаў, што ахапіць усё сучаснай тэхнікай і чалавечым рэсурсам немагчыма. Таму тым, хто пакуль не плануе завяршаць сезон зімовай рыбалкі, рэкамендуем прыслухацца да парад ратавальнікаў.
Бяспечным для чалавека з’яўляецца лёд не меншы за 7 сантыметраў. Найбольш моцны лёд мае празрысты сіні колер, слабы — непразрысты белы. Калі лёд шэры або шэры «ў крапінку», то яго ўвогуле варта абыходзіць. Каб лёд набыў патрэбную трываласць, варта, каб мінусавая тэмпература ўстойліва трымалася на працягу некалькіх дзён. Пры нулявой, а тым больш плюсавай, тэмпературы паветра, якая захоўваецца на працягу трох сутак, трываласць лёду змяншаецца на чвэрць.
Ратавальнікі рэкамендуюць правяраць лёд на трываласць не толькі візуальна. Трэба пастукаць па лёдзе звычайнай палкай (не нагой!). Калі ў выніку вашых дзеянняў з’явілася вада, то на такі лёд лепш не ступаць. Ведайце, што ніколі не будзе моцным лёд каля вусця рэк і прытокаў, паблізу крыніц, якія б’юць, і сцёкавых вод. Нетрывалы ён і каля дрэў, кустоў і чароту. Катэгарычна забараняецца выходзіць на лёд у перыя-
ды яго замярзання і раставання!
Пры выхадзе на лёд рэкамендуецца ўзяць з сабой хаця б мінімальны набор ратавальных сродкаў: вяроўку, палку, дошку. Не варта свідраваць некалькі лунак побач, забараняецца збірацца на лёдзе вялікімі групамі. Лепш за ўсё рыбачыць у тых месцах, дзе ёсць станцыі Таварыства ратавання на водах — там заўсёды дзяжураць ратавальнікі. У небяспечнай сітуацыі яны абавязкова прыйдуць на дапамогу.
Камізэлька — шанц на жыццё
Правільная экіпіроўка захавала жыццё не аднаму аматару зімовай рыбалкі. Ратавальнікі адзначаюць: шанц выжыць у чалавека, які праваліўся пад лёд, пры наяўнасці ратавальнай камізэлькі вельмі высокі.
Як нагадвае афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген БАРАНОЎСКІ, яшчэ ў 2023 годзе была прынята пастанова ўрада «Аб ахове жыцця людзей на водах», пункт № 40 якой абавязвае грамадзян пры выхадзе на лёд, у тым ліку для рыбалкі, адзяваць ратавальную камізэльку. «Калі гэта патрабаванне заканадаўства не выконваецца, наступае адміністрацыйная адказнасць, — удакладняе ён. — З улікам таго, што нашы людзі не заўсёды думаюць аб сваёй бяспецы, такім чынам аб гэтым паклапацілася дзяржава. Адміністрацыйны інструмент паказвае сваю эфектыўнасць. Людзі масава пачалі адзяваць ратавальныя камізэлькі і пагаджаюцца, што гэта правільна. У сваю чаргу, як кажуць нашы вадалазы, ні аднаго чалавека ў ратавальнай камізэльцы са дна вадаёма яны яшчэ не дасталі».
Па словах афіцыйнага прадстаўніка МНС, ратавальная камізэлька дае вельмі многае. «Па-першае, упэўненасць у сабе, па-другое, магчымасць трымацца на плаву да таго часу, пакуль нехта прыйдзе на дапамогу, — тлумачыць Яўген Бараноўскі. — Калі правальваешся пад лёд у адзенні, то вельмі хутка стамляешся і выбрацца з палонкі вельмі складана».
Афіцыйны прадстаўнік ведамства канстатуе: захоўваецца тэндэнцыя змяншэння колькасці загінулых на вадзе. «Калі ў 2022 годзе на вадаёмах краіны і ў зімні, і ў летні перыяды загінула 396 чалавек (гэта, дарэчы, было таксама зніжэнне), а ў 2023 годзе — 370 чалавек, то ў 2024 годзе патанула 360 чалавек, — адзначае ён. — На паляпшэнне сітуацыі паўплываў комплекс мер, сярод якіх — і рэарганізацыя
Таварыства ратавання на водах, і абсталяванне нашых падраздзяленняў, і мноства прафілактычных мерапрыемстваў, якія праводзяцца на месцах, і, безумоўна, шырокае асвятленне праблематыкі ў сродках масавай інфармацыі, агітацыйна-прапагандысцкія мерапрыемствы. Усё гэта разам дае падобны вынік».
Фота прэс-службы МНС