Апошнім часам у інтэрнэт-сетцы з’явілася інфармацыя пра змены пры аплаце насельніцтвам за спажыты газ. З чым гэта звязана, растлумачыў «Звяздзе» начальнік упраўлення газазабеспячэння і маркетынгу ДВА «Белпалівагаз» Уладзімір Завальнікаў.
Спецыяліст адзначыў, што з пачатку 2024 года праходзіць актыўная фаза пераходу газазабеспячальных арганізацый у адзіную рэспубліканскую аўтаматызаваную сістэму па налічэнні платы за жыллёва-камунальныя паслугі — АІС «Разлік-ЖКП».
Гэтая работа была пачата яшчэ ў 2020 годзе і ўключала шэраг падрыхтоўчых этапаў з мэтай максімальнага ўліку інтарэсаў жыхароў і зніжэння рызык магчымых збояў у рабоце АІС «Разлік-ЖКП». Тады была ажыццёўлена распрацоўка праграмнага забеспячэння, актуалізацыя алгарытмаў налічэння, інфармаванне спажыўцоў і іншыя неабходныя дзеянні.
— Пры пераходзе працэсу налічэння з інфармацыйных сістэм газавых арганізацый у АІС «Разлік-ЖКП» размяшчэнне паслугі «Газазабеспячэнне» ў дрэве АРІП змяняецца. Гэта значыць, што цяпер неабходна зайсці па наступнай спасылцы ў дрэве АРІП: «Камунальныя плацяжы» — «Газазабеспячэнне АІС «Разлік-ЖКП» — «Горад Мінск або найменне вобласці», далей з’явіцца найменне газазабеспячальнай арганізацыі і непасрэдная спасылка на аплату «Газазабеспячэнне АІС «Разлік-ЖКП».
Уладзімір Завальнікаў звярнуў увагу, што спажыўцу трэба пераходзіць для аплаты ў новую ветку АРІП «Газазабеспячэнне АІС «Разлік-ЖКП» толькі ў выпадку, калі пры аплаце ў старой ветцы ў радку «Заўвага» з’явілася адпаведнае паведамленне з адрасам пераходу.
Пры гэтым, калі перайсці па нейкіх прычынах не атрымалася, можна звяртацца, альбо ў мясцовую газазабеспячальную арганізацыю альбо непасрэдна ў ДВА «Белпалівагаз», дзе адкажуць на ўсе пытанні.
— Уладзімір Уладзіміравіч, пераход на іншую платформу налічэння платы за паслугу газазабеспячэння не можа прайсці зусім незаўважаным як для людзей, так і для газазабеспячальных арганізацый. Якія новаўвядзенні адбыліся?
— Сапраўды, ёсць пэўныя змены і для арганізацый, якія забяспечваюць, і для спажыўцоў газу. Па-першае, просім нашых спажыўцоў аплачваць рахункі за газ з 15 да 25 чысла месяца. Яшчэ раз хочацца нагадаць, што ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам спажывец абавязаны зафіксаваць паказанні лічыльніка на апошняе чысло месяца і потым да 25 чысла наступнага месяца аплаціць за газ па выстаўленых разліках. Патрабаванне на аплату за паслугу газазабеспячэння выстаўляецца ў АІС «Разлік-ЖКП» пасля 15 чысла месяца. Таму, каб пазбегнуць наступных пераразлікаў, просім аплачваць за газ не раней за 15-е.
Па-другое, раней звесткі аб рэгістрацыі насельніцтва (аб прапісцы-выпісцы чалавека па месцы жыхарства) у газазабеспячальную арганізацыю маглі паступаць як непасрэдна ад грамадзян, так і ў цэнтралізаваным парадку. Пасля пераходу ў АІС «Разлік-ЖКП» даныя аб прапісцы-выпісцы аўтаматычна пераносяцца ў асабісты рахунак ГА з картак упаўнаважаных арганізацый (разліковых цэнтраў) і спецыялісты газазабеспячальнай арганізацыі не маюць правоў на іх рэдагаванне. Гэта робіцца ў мэтах выканання заканадаўства аб персанальных даных.
Інфармацыя пра колькасць зарэгістраваных грамадзян важная для спажыўцоў, у якіх адсутнічае лічыльнік. У гэтым выпадку плата за газ налічваецца ў залежнасці ад колькасці зарэгістраваных жыхароў у дадзеным канкрэтным доме ці кватэры. У сувязі з чым просім спажыўцоў газу для больш аператыўнага вырашэння пытанняў аб колькасці зарэгістраваных грамадзян звяртацца да спецыялістаў па налічэнні платы за жыллёва-камунальныя паслугі тэрытарыяльнага разліковага цэнтра, а не да «газавікоў».
Па-трэцяе, звяртаем увагу, што датычна плацяжоў спажыўцоў газу за тэхнічнае абслугоўванне газавага абсталявання, рамонтныя і іншыя работы ў плане аплаты нічога не змянілася. Гэтыя плацяжы выконваюцца па старых ветках АРІП.
Праблема старых труб і дадатковыя паслугі
— У кватэрах нашых жыхароў знаходзяцца газавыя трубы. А як вырашаюцца пытанні з іх заменай і бяспечнай эксплуатацыяй, бо нярэдка камунікацыям больш за 40 гадоў?
На гэтае пытанне нам адказаў намеснік галоўнага інжынера УП «Мінгаз» Аляксандр Сазанчук.
— Існуюць праграмы правядзення капітальных рамонтаў жылых дамоў. У рамках правядзення капітальнага рамонту ажыццяўляецца замена сістэмы газавага спажывання дома. Так, летась у Мінску была заменена сістэма газазабеспячэння ў 164 дамах (15 340 кватэрах), а сёлета запланавана замена гэтай сістэмы ў 170 дамах (17 226 кватэрах).
Адказнасць за забеспячэнне захаванасці, падтрыманне ў спраўным стане ўводных і ўнутраных газаправодаў, ажыццяўленне своечасовай ліквідацыі выяўленых недахопаў ускладзена на арганізацыі, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду, упаўнаважаных асоб па кіраванні агульнай маёмасцю, таварыства ўласнікаў.
Аляксандр Сазанчук адзначыў, што пасля цэнтралізацыі ў кантакт-цэнтры ад кліентаў прымаюцца заказы на:
— заключэнне дагавораў газазабеспячэння і тэхнічнага абслугоўвання і рамонту газавыкарыстальнага абсталявання з фізічнымі асобамі;
— выдачу дазволаў на права правядзення земляных работ у ахоўнай зоне газаправодаў;
— рэгістрацыю аб’ектаў газазабеспячэння;
— заключэнне дагавораў на выкананне функцый заказчыка пры газіфікацыі прыродным газам.
Вынікам работы стала адкрыццё ў мінулым годзе цэнтра абслугоўвання кліентаў, які канчаткова аб’яднаў вакол сябе падраздзяленні, што аказваюць паслугі фізічным і юрыдычным асобам. У ім парадак абслугоўвання кліентаў алічбаваны, аўтаматызаваны ў адпаведнасці з усімі патрабаваннямі заканадаўства. Так, летась было абслужана на асабістым прыёме звыш 62 тысяч кліентаў, а таксама ажыццёўлена 984,4 тысячы кантактаў па сродках тэлефоннай сувязі.