Top.Mail.Ru
194

Што трэба ведаць пра мікраспарыю

Нават у XXІ стагоддзі, у эпоху тэхналагічных прарываў, чалавецтва яшчэ пакутуе ад такога захворвання скуры, як лішай, ці мікраспарыя. Ад гэтага грыбковага захворвання часцей пакутуюць дзеці. А вінаватымі ў ім з’яўляюцца браты нашы меншыя — бяздомныя і нават хатнія жывёлы. Пра тое, як пазбегнуць гэтай непрыемнай і вельмі заразнай хваробы, расказала ўчастковы ўрач-педыятр 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Іна ТАМАШЭВІЧ.


Дзеці — у зоне рызыкі

Мікраспарыя («стрыгучы лішай») — гэта грыбковае заразнае скурнае захворванне чалавека і жывёл (катоў, радзей сабак і інш.). У чалавека пры захворванні на мікраспарыю пашкоджвацца пераважна скура і валасы. 

Узбуджальнік — патагенныя грыбы роду Мікраспорум.

На мікраспарыю часцей за ўсё хварэюць дзеці. Гэта тлумачыцца тым, што ў малых слабая ахоўная функцыя скуры, а вось у дарослых у сакрэце скурных залоз прысутнічае шмат тлустых кіслот, згубных для ўзбуджальніка мікраспарыі.

Адкуль зараза?

Большасць прадстаўнікоў сямейства грыбоў Мікраспорум характарызуюцца высокай устойлівасцю ў навакольным асяроддзі і могуць захоўваць сваю жыццяздольнасць у лускавінках скуры, у абломках валасоў і шэрсці жывёл на працягу многіх месяцаў і нават некалькіх гадоў.

Чалавек заражаецца мікраспарыяй пры непасрэдным кантакце з хворымі жывёламі (а часам і людзьмі) або праз навакольныя аб’екты, на якіх знаходзяцца споры грыба: адзенне, ручнік, галаўныя ўборы, пасцельныя рэчы, цацкі, лежакі і прадметы догляду жывёл.

Схаваны інкубацыйны перыяд (з моманту заражэння да з’яўлення клінічных сімптомаў захворвання) можа доўжыцца ад 5 — 7 дзён да 4 — 6 тыдняў. А потым захворванне дасць аб сабе знаць. На скуры з’явяцца круглыя або авальныя, выразна акрэсленыя плямы. Па краі плямы фармуецца валік, які ўзвышаецца, прадстаўлены дробнымі вузельчыкамі, пузыркамі і скарыначкамі. Цэнтральная частка плямы мае больш бледную афарбоўку, з вотруб’епадобным лушчэннем на паверхні. Такім чынам, ачаг мае выгляд кольца.

На валасістай частцы галавы ўзнікае ўчастак, у якім валасы абламаныя на вышыні 4 — 6 мм і выглядаюць як бы падстрыжанымі (адсюль назва «стрыгучы лішай»), пянькі валасоў пакрытыя чахлом шаравата-белага колеру са спор грыба.

Без самалячэння

Лячэнне хворых на мікраспарыю працяглае. Па яго прызначэнне неабходна звярнуцца да ўрача-дэрматолага. Важна ведаць, што пасля перанесенага захворвання імунітэт не выпрацоўваецца і можна захварэць паўторна.

Перш чым узяць дадому кацяня ці шчанюка, пакажыце жывёлу ветэрынарнаму ўрачу, каб быць упэўненым, што гадаванец здаровы. Не пажадана кантактаваць (не гладзіць і не дазваляць дзецям гуляць) з бяздомнымі жывёламі (кошкі, сабакі), таксама не рэкамендуецца браць у ложак чатырохногіх сяброў. У гадаванца ў доме павінна быць сваё нязменнае месца, якое неабходна ўтрымліваць у чысціні.

  • Карысна ведаць, што ў жывёл хвароба працякае доўгі час непрыкметна, і яны выглядаюць зусім здаровымі. Затым з'яўляюцца ўчасткі са скарыначкамі на галаве (часцей на мордзе, каля вушэй) і каля хваста, потым пачынае выпадаць шэрсць.
  • Калі ваш чатырохногі гадаванец захварэў на мікраспарыю, не выкідвайце яго на вуліцу: захворванне паспяхова лечыцца як у чалавека, так і ў жывёл.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю